Жыхарка Крупава захоўвае абраз, якому амаль сто год

04 Ноября 2014 3469

З Шурмей Аленай Францаўнай я знаёмы з самага дзяцінства. Не буду ўтойваць: яна з’яўляецца маёй хрышчонай маці. І вось нядаўна я завітаў да яе, даведаўшыся папярэдне, што яна захоўвае абраз Маці Божай Вастрабрамскай, якому амаль 100 гадоў. Здаецца, гэтай датай сёння цяжка здзівіць чалавека, бо ведаем, што ёсць на Лідчыне нашмат старэйшыя артэфакты. У прыватнасці, у Крыжаўзвіжанскім (Фарным) касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Ружанцовай, якому больш за 630 гадоў. Аб гэтым можна прачытаць у “Лідскім летапісцы” і ў “Кнізе рэкордаў Лідчыны”. У прыкладзе з названым вышэй абразом гісторыя іншая. Мяркуйце самі.

– Было гэта ў 1989 годзе, – згадвае Алена Францаўна. – Мы жылі побач з хатай, у якой калісьці жыў ксёндз Баляслаў Гудэйка – ранейшы пробашч Крупаўскага касцёла. У той хаце свой век дажывала і паненка, якая даглядала пры жыцці святара. Хутка і яе не стала. За нагляд за хатай адказвала маці майго другога мужа Івана – Ганна Іванаўна Шурмей. У тым доме захоўвалася шмат абразоў, якія былі знятыя са сцен і стаялі ў куце. Па дазволу маёй свякрухі адзін з іх я ўзяла сабе ў сваю хату. І цяпер ён з’яўляецца для мяне рэліквіяй. Яго вельмі шаную, берагу як найвялікшую каштоўнасць.

Мая суразмоўца расказала, што нават сённяшні пробашч мясцовай святыні ксёндз Пётр Кубель у час Каляд звярнуў увагу на абраз, маўляў, што вельмі ён “пенкны”. 

– Аднойчы я звярнулася да знаёмага рэстаўратара з мэтай абнавіць абраз. Але той адмовіў адразу, зазначыўшы, што ён і так у вельмі добрым стане, – працягвае гаворку Алена Францаўна. – Я тады сама вырашыла прыкласці сваю руку да абраза і падмалявала па крузе палоску на рамцы.

Сапраўды, нават нявопытным вокам бачна, што абраз выкананы на палатне ды прытым напісаны не майстрам-самародкам. У правым ніжнім вугле ледзьве прасочваецца год – 1917, а прозвішча аўтара нечытаема. З адваротнага боку захоўваецца польскамоўны надпіс: “Wilno, 1917 r., 4 / III. Na pamiatke kochanemu Boleslowi W d.z. Prymicyi ks. K. Packiewicz” . 

IMGP7771

Разабрацца ў гэтым надпісе дапамог цяперашні пробашч Крупаўскага касцёла Пётр Кубель. Стала вядома: калі перакласці на беларускую мову, то атрымаецца, што абраз падпісаны ў Вільні 4 сакавіка 1917 года на памяць паважанаму Баляславу (Гудэйку – аўт.) у дзень правядзення першай святой імшы ад ксяндза К. Пацкевіча.

З гэтага высвятляецца, што абраз быў падораны Гудэйку за 11 год да адкрыцця абноўленай крупаўскай святыні, якая прыняла сваіх першых хрысціян-католікаў у 1928 годзе (першасны касцёл у 1920 годзе згарэў). З гісторыі касцёла вядома і тое, што ксёндз Гудэйка ўзначальваў храм з 1939 па 1961 год (да сканчэння свайго жыцця). Значыць, гэты абраз (магчыма, і не толькі) святар прывёз з Вільні ў Крупава праз 22 гады. Паўстае пытанне: хто з’яўляецца аўтарам абраза? Адказаць будзе складана, нягледзячы на тое што аўтарскі надпіс на палатне захоўваецца. Усё ж без экспертызы тут не абысціся, толькі на цёмным фоне аўтар падпісаўся цёмнымі літарамі, якія не чытаюцца.

Але, як стала вядома, у ХІХ ст. існавала малявальная (мастацкая) школа ў Вільні, у якой выкладалі настаўнікі – выхадцы з Маскоўскага Строганаўскага вучылішча тэхнічнага малявання. У 1866 годзе кіраўніком школы быў прызначаны Іван Пятровіч Трутнеў – выхаванец згаданага вучылішча. Ім была распрацавана праграма. Адна з частак прадугледжвала ў аматараў прыгожага мастацтва развіццё эстэтычных здольнасцяў. У класе жывапісу, акрамя іншых галін мастацтва, выкладаўся і іканапіс. 118 вучняў атрымалі пасведчанні аб заканчэнні школы, некаторыя з іх паступілі ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, а іншыя знаходзілі сваё месца працы ў мясцовых літаграфічных, іканапісных і іншых вытворчых майстэрнях на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы такім выхадцам, як Язэп Драздовіч, Васіль Гразноў, Іван Рыбакоў, Станіслаў Яроцкі, пакінулі сваё майстэрства на палотнах, якія і да гэтых пор перадаюць подых тых далёкіх часоў.

Сярод такіх здольных выхаванцаў, магчыма, быў і аўтар гэтай работы.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться