Ах, гэтыя мажэйкаўскія дажынкі: гулялі ды спявалі!

09 Сентября 2023 3009

Сёння Мажэйкава стала адной вялізнай святочнай пляцоўкай – аграгарадок прымаў раённыя дажынкі-2023

Хлебаробамі Лідскага раёна сёлета намалочана звыш шасцідесяці тысяч тон збожжавых і зернебабовых, больш за шаснаццаць тысяч тон рапсу, а з улікам зерня кукурузы ёсць магчымасць засыпаць у засекі ўсе 100 тысяч тон! Багаты ураджай – вынік працы многіх і многіх людзей вёскі: камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў, аграномаў, інжынераў і кіраўнікоў – словам, усіх, хто робіць адну з самых важных у свеце работ, – вырошчвае хлеб.



Цёплае, як сам хлеб, свята

Свята аграрыяў на Лідчыне ўпершыню не сталі адцягваць да завяршэння ўсіх сельскагспадарчых работ, а правялі адразу пасля жніва. Хутка зноў у плуг: трэба рыхтаваць зямлю да восеньскай сяўбы, яшчэ ідзе нарыхтоўка травяных кармоў, праз тыдзень-другі паспее кукуруза.

Сталіцай дажынак абралі Мажэйкава, і яно, трэба сказаць, грунтоўна падрыхтавалася. Не абышлося без падарункаў! Галоўны з іх – новае асфальтабетоннае палатно, якое пакладзена па вуліцах на плошчы амаль 8 тысяч квадратных метраў. Ну і руплівыя рукі мясцовых жыхароў зрабілі сваю справу. Аграгарадок памаладзеў і пахарашэў. Асабліва радавала буйства кветак, а разнастайныя, з густам зробленыя клумбы, яркімі восеньскімі фарбамі ўзнімалі настрой.



Галоўнае ж – душэўная атмасфера, якая была характэрна цёпламу і добраму, як сам хлеб, святу дажынак. Дарэчы, нават надвор'е было на баку аграрыяў. Сонца прыпякала так, што можна было хадзіць у майках і лёгкіх сукенках. Хтосьці нават падлічыў: ішоў соты дзень лета. Сапраўды, лета не канчаецца!

Настрой ва ўдзельнікаў быў самы пазітыўны.


 “Дзякуем за свята, яго заслужылі ўсе працаўнікі вёскі, – кажа механізатар КСУП “Пескаўцы” Аляксандр Галубовіч. – У гаспадарцы працую 31 год, амаль усе гады на трактары. Пад канец жніва атрымаў новы камбайн”.

Вадзіцелі ААТ “Лідаагратэхсервіс” Зянон Бурак і Віктар Махала пачас жніва перавозілі зерне па госзаказе, працавалі з рання да позняга вечара. Разам з імі на дажынкі прыехаў вадзіцель Алег Дзявяты (яго калегі называюць вадзіцелем-старажылам – адпрацаваў у прадпрыемстве 51 год!) і старшы дыспетчар Марына Нічыпар.

– Настрой узнёслы, – дзеляцца вадзіцелі. – Свята зладзілі добрае і нас запрасілі. Будзем працаваць – рыхтуемся да перавозкі буракоў.

Хлебаробы ідуць!

Першыя акорды свята на галоўнай сцэне даў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь – народны ансамбль песні і танца “Талака” Лідскіх электрычных сетак. А ўслед за артыстамі на сцэну выйшла і сапраўдная Талака – багіня ўрадлівасці, якая вітала тых, хто сваімі рукамі вырошчвае ўраджай. “Вітайце, хлебаробы ідуць!” – заклікала яна.



Асаблівасцю сёлетніх дажынак стала святочнае шэсце хлебаробаў. 
Першымі ў калоне прайшлі гаспадары сталіцы дажынак – працаўнікі ЛРСУП “Мажэйкава”:


Кіраўнік гаспадаркі Андрэй Лявон, а разам з ім – камбайнеры-тысячнікі Павел Бразоўскі, Юрый Рышкевіч, Андрэй Емяльянчык, Аляксей Палазкоў з памочнікамі і вадзіцелі Мікалай Буча, Анатоль Дзікевіч, Антон Каменскі, Дзмітрый Расюк.

За імі – калона КСУП “Беліца-Агра”, якую ўпрыгожыў чырвона-зялёны колер.



 Узначаліў яе дырэктар Віктар Сінкевіч. Першае месца сярод камбайнераў займае ў гаспадарцы Аляксандр Жылін, другое – Юрый  Мулінскі, трэцяе месца – Андрэй Змітрэвіч. Сярод вадзіцеляў першае месца займае Леанід Ігнатчык. Юрый Быстрыцкі – на другім. Віктар Малец – на трэцім.

Далей – калона КСУП “Ваверка-Агра” на чале з дырэктарам Андрэем Кулаком.


 У першых радах – нязменны лідар па перавозках збожжа, вадзіцель з больш чым трыццацігадовым стажам Валерый Ясюкайціс. Ён паставіў у гэтым годзе свой асабісты рэкорд – перавёз больш за 3 тысячы тон збожжа. Не адстаюць і камбайнеры-тысячнікі, якія не першы год пераадольваюць тысячны рубеж – Віталій Кухарэвіч, Валерый Драгун, Іван Нядзелька, Уладзімір Вішнеўскі.

За імі – калона філіяла “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” на чале з Русланам Родзька. 

8

Разам з кіраўніком – камбайнеры-тысячнікі: Аляксей  Боўшыс (намалаціў больш за дзве тысячы тон зерня – адзіны камбайнер-двухтысячнік у раёне!) і Уладзіслаў Некраш. Варта назваць і вадзіцеляў, якія паказалі выдатныя вынікі, – гэта Іван Лось і Павел Русілевіч.

Наступная калона – працаўнікі КСУП “Ёдкі-Агра”.



 Вёў іх дырэктар Дзмітрый Кахавец. Гаспадарка ганарыцца сваімі камбайнерамі Валерыем Верамеевічам, Пятром Язэпчыкам, Андрэем Масталешам, Аляксандрам Картановічам, Віктарам Рамуком і вадзіцелямі Юрыем Карабанам, Іванам Кулікоўскім, Францам Баранам, Аляксандрам Жыхам, Андрэем Акрышам.

На чале калоны РСУП “Саўгас “Лідскі” – кіраўнік Юрый Сарока.


 Разам з ім – камбайнеры-тысячнікі: Аляксандр Шостак, Сяргей Сівоха, Лявон Амбражук, Аляксандр Сазановіч і вадзіцель Артур Гайжэўскі.

Калона хлебаробаў КСУП “Пескаўцы” пазнавальная: усе ўдзельнікі ў саламяных капелюшах, падпяразаныя паясамі з беларускім арнаментам. 



На чале калоны – кіраўнік Вольга Наройчык. Побач з ёй – камбайнеры-тысячнікі: Іван Руткоўскі, Антон Трайго. Гаспадарка ганарыцца сваімі вадзіцелямі: Антонам Урбановічам, Анатолем Крупой, Вікенціем Барташэвічам, Томашам Дудзіцкім.

Узнагароды – лепшым!

Вялікі і духмяны каравай ураджаю 2023 года ўрачыста ўручаны гаспадару лідскай зямлі – старшыні райвыканкама Сяргею Ложэчніку.

– Вітаю вас, паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі, і ўсе тыя, хто ў вашай працы ідзе поруч. Гэтае свята не праводзілася з 2011 года, і вельмі радасна, што мы вярнулі добрую традыцыю. Сельская гаспадарка Беларусі – гэта высокатэхналагічная галіна. Але без вашай любові да радзімы, без прафесіяналізму, усё толькі тэорыя. Менавіта вы ўвасабляеце ў жыццё прагрэсіўныя ідэі і тэхналогіі. Як гаворыць Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, адзін работнік сельскагаспадарчай галіны дае работу сямі людзям у горадзе. Да вашага гонару адзначу: Беларусь уваходзіць у пяцёрку экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце. Што тычыцца бягучага аграрнага года, то хочацца выказаць вялікую падзяку лідскім хлебаробам. Да дажынак яны падышлі з добрым вынікамі. Месцам правядзення дажынак абрана Мажэйкава, гаспадарка якога парадавала вынікамі: у яе адна з самых высокіх ураджайнасцей. Аграрыі заслужылі свята!




Да лепшых хлебаробаў Лідчыны звярнулася старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. З галоўнай сцэны аграрыяў віншаваў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Часнойць.

– Віншую хлебаробаў Лідчыны з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі! Дзякую нашым лепшым камбайнерам, трактарыстам, вадзіцелям, спецыялістам і кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за вырашчаны ўраджай. Менавіта вы сваёй працай забяспечваеце харчовую бяспеку краіны і дабрабыт кожнай сям'і. Дзякуючы вам – добрасумленным, адказным, гаспадарчым людзям, Лідскі рэгіён працягвае дынамічна развівацца.



На галоўную сцэну за асабістымі ўзнагародамі: Ганаровымі граматамі і Падзякамі абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, Лідскага райвыканкама і Савета дэпутатаў, раённай арганізаціыі галіновага прафсаюза і раённай структуры БРСМ – падняліся дзясяткі працаўнікоў вёскі.



Былі падведзены і вынікі раённага спаборніцтва па ўборцы збожжавых i збожжабабовых культур сярод сельгаспрадпрыемстваў.

На першым месцы – КСУП “Пескаўцы” (дырэктар – Вольга Наройчык), на другім – ЛРСУП “Мажэйкава” (дырэктар – Андрэй Лявон) і на трэцім –  КСУП “Ёдкі- Агра” (дырэктар – Дзмітрый Кахавец).

Сярод камбайнераў, што працавалі на збожжаўборачных камбайнах, першае месца заняў Аляксей Боўшыс, трактарыст-машыніст філіяла “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”. Другое месца ў Антона Трайго, трактарыста-машыніста КСУП “Пескаўцы”. Трэцяе – у Паўла Бразоўскага, трактарыста-машыніста ЛРСУП “Мажэйкава”.

Сярод вадзіцеляў, якія ажыццяўлялi адвоз збожжа ад камбайнаў, на першым месцы Леанід Ігнатчык, вадзіцель КСУП “Беліца-Агра”, на другім – Мікалай Буча, вадзіцель ЛРСУП “Мажэйкава”, на трэцім – Дзмітрый Яхімовіч, вадзіцель філіяла “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”.

Сярод вадзіцеляў, якія ажыццяўлялі адвоз збожжа на элеватар, першае месца ў Дзмітрыя Мартынава, вадзіцеля ЛРСУП “Мажэйкава”, другое – у Томаша Дудзіцкага, вадзіцеля КСУП “Пескаўцы”, трэцяе – у Вікенція Барташэвіча, вадзіцеля таксама КСУП “Пескаўцы”.

Сярод аператараў сушыльных установак на першым месцы Сяргей Шыла з ЛРСУП “Мажэйкава”, на другім – Аляксей Туча з КСУП “Пескаўцы”, на трэцім – Міхаіл Сурвіла з КСУП “Пескаўцы”.



Дажыначныя цуды

Усе гаспадаркі Лідчыны прывезлі на свята свае святочныя падворкі, на якіх пастараліся адлюстраваць не толькі набыткі ўласнай працы на палях – вырашчаны ўраджай, але і падкрэсліць ўнікальнасць сельгаспрадпрыемства і пэўнай галіны вытворчасці. А ўвогуле ўсе разам паказалі, што Лідчына – вялікі агульны дом, багаты і прыгожы – перш за ўсё сваімі працавітымі і таленавітымі людзьмі.




А колькі кампазіцый, зробленых са збожжавых культур, сапраўдных твораў мастацтва прывезлі аграрыі Лідчыны на свята! Побач з саламянай прыгажосцю, як правіла, суседнічаюць самыя розныя хлебныя шэдэўры. Усе вырабы без перабольшання можна назваць мастацкімі творамі і нават музейнымі экспанатамі. На адным «расцвіталі» ружы, на іншых – рамонкі, валошкі, каласкі. На іншым быў нават Лідскі замак, кружылі над Белай Руссю буслы, курлыкалі лебедзі. Дарэчы, усе экспанаты сёлета былі аб'яднаны тэмай 700-годдзя Ліды.



Членам журы прыйшлося нялёгка вызначыць лепшы з іх. Усе былі надзвычай прыгожыя, бо ўсе зробленыя з любоўю. У конкурсе на лепшы дажыначы каравай трэцяе месца падзялілі філіял “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” і ЛРСУП “Мажэйкава”, другое месца – КСУП “Ваверка-Агра” і “Беліца-Агра”, першае месца ў “КСУП “Пескаўцы”. У конкурсе на лепшы дажыначны сноп трэцяе месца ў КСУП “Ваверка-Агра”, другое месца – ў “Беліца-Агра” і ЛРСУП “Мажэйкава”, першае ў КСУП "Едкі-Агра" .

Абаянне “Шкляроў” і драйв ад “Jam”

Для таго, каб людзі змаглі культурна адпачыць, арганізатары прадугледзелі ўсё. Гандлёвыя кропкі вабілі смачнымі пахамі свежых страў і выпечкі. Шмат было салодкай прадукцыі. Мамы з малымі дзецьмі маглі пачаставацца каля многіх палатак, што і рабілі з задавальненнем. Для дзяцей, дарэчы, загадзя абсталявалі гульнявыя зоны і атракцыёны.




– Мы з сынам прыехалі з Ліды да бацькоў, – рассказала Таццяна. – З вялікай цікавасцю гуляем па святочных вуліцах роднага Мажэйкава. Наш Уладзік нават пагуляў з аніматарамі. Былі прыемна ўражаныя меню вулічнага гандлю (шашлык, напрыклад, амаль напалову дзешавей, чым у горадзе) і разам паабедалі.

На свяце нам давялося пазнаёміцца з цікавай парай: гэта Лорэнс і Ева, яны пераехалі на Лідчыну з Ізраіля.

 Лорэнс мала гаворыць па-руску, але яго словы па-англійску: “I love Belarus” – былі зразумелыя і без перакладу. Яго жонка Ева распавяла: “Мы ў Беларусі зусім нядаўна, купілі дом у Мажэйкаве і збіраемся тут жыць. Нам вельмі падабаецца. Калі раней мне казалі, што ў Беларусі добра, я не верыла, што гэта можа быць настолькі добра. Тут, як у казцы: дамы нібыта намаляёваныя, і людзі такія добрыя, і вельмі чыстае паветра”.



Сапраўды, цікава правесці час на свяце можна было любому. Выставу сельскагаспадарчай тэхнікі апанавалі дзеці: з жадаючых пасядзець у кабіне нават чэргі выстраіліся. Многія цікавіліся вырабамі ручной работы ў рамесным радзе.

 Ці ў працы, ці ў адпачынку – разам з працоўным чалавекам заўсёды поруч ідзе песня. Хлебаробаў радавалі артысты ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”. 




Бадзёры настрой, прыхільнасць народным вытокам, выдатныя галасы – ўсё гэта пра народны вакальны ансамбль “Святліца” Дзітвянскага Дома культуры. Павесяліліся разам з тэатрам мініяцюр “Балагур” Ганчарскага Дома культуры і іх бліскучымі жартамі. А наступны калектыў і ўвогуле быў ўнікальны: усе удзельнікі ў ім сваякі. Яны так і называюцца: народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі-калыскі” з аг. Бердаўка. Гучнымі апладысментамі сустракалі таленавітых, энергічных і непаўторных – народную мужчынскую вакальную групу “Кронан” і народны вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” з г. Бярозаўкі. Упрыгажэннем свята стала выступленне артыстаў Палаца культуры г. Ліды.

Да позняга вечара гулялі-спявалі ў Мажэйкаве. А ледзь толькі на зямлю спусціліся прыцемкі, настрой узляцеў яшчэ больш, а энергетыка зашкальвала. На сцэну выйшаў кавер-гурт “JAM” з г. Гродна. Завяршылі дажынкі святочны феерверк і дыскатэка пад адкрытым небам.

























































































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться