Сэнс жыцця Марыі з Буцілоў

01 Июня 2023 1082

З Марыяй  Фердынандаўнай  Макарэвіч мы дамовіліся сустрэцца ў яе роднай вёсцы  Буцілы.  Населены пункт немалы, але хаты Марыі Фердынандаўны службовы «Фальксваген» не прамінуў: толькі каля яе стаіць фігурка Маткі Боскай – адметны знак, на які ўказвала гаспадыня. Неўзабаве пад'ехала і яна сама.

Жанчыну «падвёз» двухколы сябар – веласіпед: новенькага жалезнага каня падарыў на 60-гадовы юбілей Марыі Фердынандаўны ўдзячны сын адной з бабуль, якую яна даглядала, як родную маці. Кажуць, што дзеля гэтага мужчына спецыяльна ў дзень нараджэння жанчыны прыляцеў з Расіі ў Мінск на самалёце, а ўжо са сталіцы да Буцілоў – на верталёце. Амаль як той чараўнік з песні, які на дзень нараджэння дорыць імяніннікам па 500 эскімо. 

Жарты жартамі, але за клопат і любоў, на якія ніколі не скупіцца Марыя Макарэвіч ў адносінах да самотных пажылых людзей, сацыяльнаму работніку ўдзячны многія.  У цяперашні час у Марыі Фердынандаўны адзінаццаць падапечных: дзевяць у саміх Буцілах і дзве  жанчыны,  86-ці і 92-х гадоў,  на хутарах вёскі. Кожнага з іх сацыяльны работнік праведвае два разы на тыдзень, а то і болей,  і да кожнага мае асобны падыход. Марыя Фердынандаўна не толькі ў мясцовы магазін сходзіць па свежыя прадукты, які, дарэчы, адрамантавалі па яе настойлівай просьбе, але і ў Жалудок суседняга раёна за 10 кіламетраў на веласіпедзе крутнецца: там і выбар харчовых прадуктаў багацейшы, і ёсць магчымасць аплаціць пажылым людзям камунальныя паслугі.

Ды і наогул, Марыя Фердынандаўна не адмаўляе старым ані ў якіх просьбах. Трэба градку ўскапаць, пасадзіць бульбу, зняць дубэльты з вокнаў, памыць шыбы, фіранкі ці падлогу – калі ласка! Прынесці дроў альбо вады – няма праблем! І вярбы наламае, і яйкі пафарбуе да свята. Улетку ягадаў, грыбоў назбірае для сваіх падапечных, а за зіму ваўняных шкарпэтак навяжа. Адным словам, з сацыяльным работнікам састарэлым пашанцавала.

Марыя Макарэвіч «на сувязі» 24 гадзіны ў суткі. І, нягледзячы на рабочы графік, пры неабходнасці ахвотна прыйдзе да пажылога чалавека і не па раскладзе, а ў свой вольны час, нават водпускам ахвяруе. Напэўна, жаданне дапамагаць людзям закладзена ў жанчыны на генетычным узроўні – тры пакаленні былі сацыяльнымі работнікамі: маці Марыі Фердынандаўны Уладзіслава Юзэфаўна Здановіч, муж Пётр Уладзіміравіч і дачка Ганна Іосіфаўна Борыс. Яна добра памятае, як яе і ў спякоту, і ў мароз яе маці хадзіла да пажылых людзей: прыбіралася, карміла жыўнасць, вазіла прадукты. Дапамагаў ёй і бацька, хоць той ніколі сацыяльным работнікам не быў.  

А яшчэ Марыя Макарэвіч – стараста вёскі. На гэтай пасадзе, як, дарэчы, і на пасадзе сацыяльнага работніка, жанчына ўжо даўно, 35 гадоў. 

Буцілы – вёсачка немалая: сёння тут жыве 80 чалавек, маюцца тры шматдзетныя сям'і. Клопатаў у старасты хапае. Каму трэба нарыхтаваць дровы, каму спілаваць дрэва – з любымі пытаннямі вяскоўцы звяртаюцца да Марыі Фердынандаўны. Усе пажаданні стараста збірае і перадае старшыні сельскага выканаўчага камітэта.
Раней аднавяскоўцы хадзілі ў касцёл у Моцевічы, за 7 кіламетраў, а гадоў дзесяць таму па ініцыятыве старасты ў Буцілах з'явілася капліца. Пад яе прыстасавалі былы дом сацыяльных паслуг. Капліцу ладзілі па крупіцах: набылі дывановыя дарожкі, абрусы, паставілі лаўкі, падключылі электрычнасць, мясцовы рамеснік зрабіў з дрэва спавядальню, Марыя Фердынандаўна прынесла са сваёй хаты фігуркі і абразы.  Цяпер тут па суботах праходзяць службы, якія вядзе ксёндз Валянцін з Беліцкай парафіі, працуе нядзельная школа. У сценах капліцы праводзяцца абрады хрышчэння нованароджаных, ды і сама гераіня публікацыі вянчалася тут з мужам.

Стараннасць, руплівасць і дабрыню Марыі Макарэвіч адзначаюць не толькі аднавяскоўцы. За шматгадовую плённую працу сацыяльнага работніка не аднойчы ўзнагароджвалі, у тым ліку – Ганаровай граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

– Адкуль столькі ініцыятывы, жадання рабіць штосьці добрае дзеля іншых? – пацікавілася я ў Марыі Фердынандаўны. 

– Ды не магу я інакш! – атрымала адказ.

Менавіта ў гэтым і бачыць Марыя Макарэвіч сэнс свайго жыцця – служыць Богу і людзям...

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться