Жыхарка аграгарадка Ёдкі стала 129-й шматдзетнай маці на Лідчыне, якая Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоена ордэна Маці

21 Августа 2019 2008

Сёння ва ўрачыстых абставінах старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч уручыў ордэн Маці жыхарцы аграгарадка Ёдкі Вользе Крэчык. Яна стала 129-й шматдзетнай маці на Лідчыне, якая Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоена такой узнагароды.

На мерапрыемства ў райвыканкам з нагоды ўручэння ордэна сям’я Крэчык прыехала амаль у поўным складзе. А гэта муж Сяргей, дачушкі Таццяна і  Дар’я, сыны Аляксей і Канстанцін (яшчэ адзін сын – Раман – зараз праходзіць тэрміновую службу ў арміі).

Дарэчы, паміж  нараджэннем  старэйшых і малодшых дзяцей значны прамежак часу (Таццяна ўжо студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а маленькаму Косціку 1 год і 3 месяцы). Вольга і Сяргей гэта тлумачаць проста: калі старэйшыя сын і дачка падрасталі, асэнсавалі, што ў хуткім часе яны могуць пакінуць бацькоўскі дом. Ну а які дом без дзіцячых галасоў і смеху? І нарадзіліся яшчэ два сыны і дачушка. Сям’я стала шматдзетнай. Дарэчы, у шматдзетных сем’ях  выхоўваліся самі муж і жонка  .

Рашэнне мець шматдзетныя сем’і падтрымлівае і дзяржава. Вось і Вольгу ўзнагарода знайшла, як кажуць, дзе б яна ні была. Да снежня 2017 года сям’я Крэчык жыла ў Жабінцы, а затым па запрашэнні сяброў пераехала ў Лідскі раён, набыла жыллё.  Сяргей – індывідуальны прадпрымальнік, Вольга знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску по догляду дзіцяці. Муж і жонка не шкадуюць, што перабраліся на Лідчыну.  Па іх словах, падабаецца не толькі сам раён, горад Ліда, але і тое, што тут жывуць вельмі прыветлівыя людзі.

Як расказваюць Сяргей і Вольга, разам яны дваццаць тры гады. І заўсёды, як муж і жонка, былі надзейнай апорай адно аднаго, а ў статусе бацькоў – апорай для  сваіх  дзетак. “Што б ні адбылося ў жыцці, дзеці павінны ведаць: у іх ёсць родныя людзі, якія  іх заўсёды падтрымаюць”, – кажа Вольга.

“Наша сям’я – адзінае цэлае. Тут пануюць павага, любоў, узаемадапамога”, – дадае Сяргей.

Падчас цырымоніі ўручэння ордэна Вольга адзначыла: “Гэта другая высокая ўзнагарода, якую атрымліваю. Першая – мае дзеці, другая – дзяржаўная ўзнагарода. Атрымаць ордэн за сваю мацярынскую працу для мяне вельмі ганарова. Дзякуй за такую адзнаку. Мы імкнёмся выхоўваць нашых дачушак і  сыноў так, каб яны выраслі годнымі людзьмі. Людзьмі з вялікай літары. Каб кожны чалавек, які сустрэнецца на іх шляху атрымліваў ад гэтай сустрэчы толькі  станоўчыя эмоцыі. Мы, як бацькі, дапаможам здзейсніць і мары дзяцей, развіць здольнасці”.    

На  мерапрыемстве з нагоды ўручэння ордэна Маці шмат цёплых, прыемных слоў гучала ў адрас віноўніцы ўрачыстасці і яе сям’і ў віншаваннях старшыні райвыканкама Міхаіла Карповіча, старшыні Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандра Хвайніцкага. Давайце і мы ўсе разам далучымся да пажаданняў сям’і Крэчык заўсёды жыць у радасці і шчасці!







Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться