З нагоды свята. У біяграфіі Пятра Савіцкага – любімы «Лідсельмаш» і роднае Дакудава

30 Сентября 2018 2058
Пётр Савіцкі, токар пятага разраду механічнага цэха №3 ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Лідсельмаш”, адзін з чатырох лідчан,  якія нядаўна былі адзначаны дзяржаўнай узнагародай – медалём “За працоўныя заслугі”.

Вось што пачула я, журналіст “Лідскай газеты”, ад кіраўніцтва прадпрыемства  падчас падрыхтоўкі матэрыяла пра Пятра Савіцкага: “Пётр Мікалаевіч – вельмі старанны, працалюбівы, высокакваліфікаваны работнік. Прынцыповы і адказны. Ён асвоіў усе мадыфікацыі станкоў такарнай групы. Штогод Пётр Мікалаевіч выконвае нормы выпрацоўкі на 135-150 працэнтаў. Уся прадукцыя, вырабленая ім, вельмі высокай якасці. Савіцкі – адзіны на прадпрыемстве спецыяліст, які вырабляе дэталі для вентылятара зернесушыльных комплексаў па восьмаму квалітэту дакладнасці з біеннем плоскасці 0,05 на такарным станку 1 да 62.

Пётр Мікалаевіч валодае тэхнічным мысленнем, устойлівай увагай, творчым прафесійным падыходам. Яго прапановы, тэхнічныя рашэнні і ідэі рэалізаваны ў жыццё і знайшлі сваё адлюстраванне ў канструкцыях і механізмах, прадукцыі, якая выпускаецца на “Лідсельмашы”.

Да ўсяго сказанага я  дабавіла б  і яшчэ адну немалаважную рысу Пятра Мікалаевіча, аб якой зрабіла выснову падчас размовы з ім самім, – рабочы-інтэлектуал.

У пачатку гутаркі суразмоўца, даведаўшыся, што перад ім журналіст, прапанаваў: “А давайце будзем з вамі размаўляць на беларускай мове”. Дарэчы, на працягу гутаркі Пётр Мікалаевіч ніводным словам не збіўся на “трасянку”. А закранулі мы з суразмоўцам самыя розныя тэмы. Я даведалася, што нарадзіўся Пётр Мікалаевіч у вёсцы Дакудава. Гэты маляўнічы прынёманскі край з дзяцінства выхоўваў любоў да ўсяго роднага (і  мовы таксама). 

Пасля заканчэння Дакудаўскай школы ў 1972 годзе Пётр Савіцкі набываў прафесію электраманцёра ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы №7. Да службы ў арміі трохі працаваў  у адным з будаўніча-мантажных упраўленняў у Гродне, а пасля службы вярнуўся бліжэй да радзімы – у Ліду. Шчыраваў электраманцёрам у Лідскай КЭЧ. А ў 1987 годзе ўладкаваўся на завод “Лідсельмаш”. З таго часу, за 31 год, прайшоў з прадпрыемствам розныя яго этапы і ніколі не дапускаў думкі знайсці для сябе нешта іншае. (Дарэчы,  такімі, як ён, работнікамі і самі вытворчыя калектывы не раскідваюцца.)

– На “Лідсельмашы” я адразу ж пачынаў  токарам, – гаворыць Пётр Мікалаевіч. – Асвоіць прафесію дапамаглі вопытныя Франц Дайлідка і Уладзімір Граніцкі (за што я ім заўсёды буду ўдзячны). “Убіваць” азы такарнай справы  маім настаўнікам у мяне не прыйшлося. Бо калі хочаш авалодаць навыкамі, будзеш імкнуцца і прыглядацца сам.

Пётр Мікалаевіч і ў іншых цэніць нераўнадушны падыход, імкненне стаць прафесіяналам. З павагай называе многіх сваіх калег з гэтай кагорты. Сярод іх Казімір Пятровіч, Андрэй Халяўскі, Ніна Заблоцкая, Вольга Адамовіч.

На маё здзіўленне, што ў токары ідуць і жанчыны, суразмоўца адказвае, што гэта не нонсэнс. Яго жонка Валянціна Усеваладаўна таксама адпрацавала на “Лідсельмашы” токарам трыццаць гадоў.

– Галоўнае – каб прафесія падабалася, цягнула да яе, здольнасці маглі раскрыцца, – кажа Пётр Мікалаевіч. – Напрыклад, мае дзеці вырашылі стаць музыкантамі. Ну хто ж будзе пярэчыць, раз прафесія па душы? І вось дачка закончыла  кансерваторыю, сын – музычнае вучылішча.

А пра сябе ў гэтым плане Пётр Мікалаевіч кажа так:

– Ад  працы атрымліваю сапраўднае эстэтычнае задавальненне. Уявіце сабе: вы робіце новую дэталь, яна выходзіць дакладнай, у адпаведнасці з чарцяжом, вы  на сто працэнтаў упэўненыя ў яе якасці і яна займае сваё месца ў прадукцыі прадпрыемства з лідскай маркай: сушыльным комплексе, бульбакапалцы, прэс-падборшчыку, баронах і іншым. Ну ці не асалода для вас гэта будзе? Я лічу, што такарная справа – гэта маё. Яна для мяне не проста справа, а нібы хобі.

Дарэчы, у Пятра Мікалаевіча ёсць хобі, якому ён прысвячае  свой вольны час. Гэта паляванне. У Лідзе, паколькі жыве ў прыватным доме, трымае паляўнічых сабак, з якімі і накіроўваецца ў лес. У якія дакладна мясціны? Вядома, у наваколле роднага Дакудава.

– Скажу  шчыра, здабыча звера ці птушкі ў апошні час цікавіць мяне менш за ўсё, – прызнаецца Пётр Савіцкі. – Я слухаю гукі ляснога абшару, любуюся маляўнічымі краявідамі. Прыгожыя ў нас мясціны!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться