Аб умелых руках і незвычайным захапленні Наталлі Пятрашка

15 Марта 2025 350
Каб зачараваць чалавека, трэба быць самому зачараваным. Калі хочаш натхняць людзей на нейкія пачынанні, трэба быць самому натхнёным. Калі ёсць жаданне распаліць запал творчасці, трэба, каб у самога гарэў гэты агонь. Гераіня нашай рубрыкі – жанчына, зачараваная ў сваю справу, натхнёная на творчасць, пазітыў, мае полымя да пазнання і адкрыцця чагосьці новага, а яшчэ яна багатая на ўнутранае святло, якое немагчыма не заўважыць...

Знаёмцеся: Наталля Пятрашка – лідчанка, рамесніца, майстар па пляценню з прыродных матэрыялаў, кіраўнік клуба па інтарэсах “Пераплёт ” на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, любімая жонка і клапатлівая маці, а яшчэ – прыгожая жанчына, пры гэтым вельмі сціплая... Мне пашчасціла пазнаёміцца з Наталляй  праз Ірыну Дыдышка, метадыста аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, якая расказала аб незвычайным захапленні і ўмелых руках іх супрацоўніцы.  

Не зацікавіцца пачутым было немагчыма. І вось з дазвозу нашай гераіні – я ў гасцях у народнай рамесніцы Наталлі Сяргееўны Пятрашка. 

З чаго ўсё пачыналася? Родам Наталля з Навагрудчыны. Яна была ў чацвёртым класе, калі сям’я пераехала ў Ліду, якая стала другой радзімай для дзяўчынкі. Пасля яна тут выйшла замуж, атрымала гандлёвую спецыяльнасць, тут выраслі яе дзеці, сын і дачка, тут яна і працуе. Але душа Наталлі там, у сваёй вёсцы, дзе прайшло яе дзяцінства, куды заўсёды хочацца вярнуцца, дзе адчуваеш не толькі свежае паветра і свабоду, але дзе кожны куточак, кожны прадмет і дрэўца нагадвае пра свае карані, продкаў...  Наталля з асаблівым гонарам расказвае аб сваіх блізкіх людзях:


– З гадамі неяк па-іншаму да ўсяго ставішся. Часамі ўспаміны з дзяцінства  настолькі  захопліваюць, кранаючы душу, што хочацца глыбей пазнаць свае карані, гісторыю сям’і і роднага мястэчка. Ужо будучы прафесіянальным майстрам па пляценню, я даведалася, што мой прапрадзед па  татавай лініі таксама займаўся пляценнем кошыкаў з лазы. Але так атрымалася, што лаза не расце ў маёй мясцовасці і нават паблізу яе. Аднак гэта зусім не стала перашкодай для мяне. Бацькі заўсёды падтрымлівалі мае задумкі і ідэі. На сваім прыдамавым  ўчастку яны выдзялілі мне месца для пасадкі лазы, што я і зрабіла. І вось ужо пяты год мы набіраемся цярпення і вырошчваем будучы прыродны матэрыял для маёй творчасці.


Пятнаццаць гадоў таму, знаходзячыся ў другім дэкрэтным адпачынку, Наталля шукала сябе ў творчасці. За сваё жыццё яна паспрабавала многае: вязанне, саломапляценне, вышыўку і нават ткацтва. Але ўсё ж рукі цягнуліся да пляцення. Так прышло захапленне пляценнем вырабаў з папяровай лазы. Найперш гэта былі вазоны для кветак, дэкаратыўныя  кошыкі для садавіны, пячэння, шкатулкі, паліцы пад сезонны абутак і іншае. І, заўважце, усе зробленыя рэчы знайшлі годнае прымяненне ў дамашнім побыце нашай субяседніцы. 

– Вучылася самастойна, штосьці прачытала ў кнігах, але ў асноўным, шляхам спробаў і памылак да ўсяго прыйшла сама. Мне было заўсёды цікава развівацца самой, не падглядваць ідэі з часопісаў і інтэрнэту, а асабістыя мары і творчыя задумы ўвасабляць у сваёй рабоце. Не памятаю, каб штосьці не атрымалася ці дарма прапаў матэрыял. Дзякуючы мужу, а ён у мяне ваенны, я мела магчымасць не працаваць па спецыяльнасці, а быць хатняй гаспадыняй. Адправіўшы дзяцей на вучобу,  хутчэй сядала за свой любімы занятак, які стаў для мяне не толькі хобі, але і перарос у справу ўсяго жыцця. На замену папяровай лазе прыйшлі прыродныя матэрыялы: звычайная лаза, травы, рагоз і наогул... усё, што трапляецца пад рукі. Мой муж, чалавек далёкі ад падобнай творчасці, але натхнёны маімі задумкамі, ніколі не адказвае ў дапамозе па збору расліннасці для будучых работ. Без яго я б не справілася, – усміхаецца жанчына. – Уявіце сабе,  дзе мы толькі не былі, у якіх балотах і вадаёмах не апыналіся! Да рагозу ж дабрацца трэба яшчэ! А зрэзаць, а прывесці, а раскласці ды высушыць... Тут  мужчынскія рукі патрэбны ды сіла. Што не зробіш для любай жанчыны! А я гэта вельмі цаню. 

Рукадзельніца зазначае, што ніколі не гналася за славаю ды грашыма. І сваіх дзяцей, сына і дачку, гэтаму вучыла. Галоўнае,  быць добрым чалавекам да людзей, шчырым у сваіх учынках, адказным у справе, якую робіш. Калі ўзяўся за работу, то выканай яе з душою і лепшым чынам. 

Дарэчы, дзеці ў Наталлі таксама  з творчымі задаткамі  і талентамі, толькі з музычнымі. І развіваюць іх  прафесіянальна. Для мамы яны – гонар і шчасце. Бацькі заўсёды падтрымлівалі інтарэсы і захапленні сваіх дзяцей, як і наадварот. І гэта важна. Наталлю Сяргееўну, як майстра па пляценню з траў, а гэтым жанчына пераважна займаецца ў цяперашні час, даўно заўважылі не толькі на Лідчыне, але і ў вобласці. Падобных рукадзельніц не так і многа ў нашай мясцовасці. А ў Лідскім раёне – наогул няма. Чаму травы, спытаеце вы? Дык яны ж паўсюль, толькі ўмей прыглядзецца, ды паспрабуй іх у рабоце. Так гаворыць наша субяседніца. На самой справе, не так тут і проста. Большая частка часу ідзе на збор расліннасці для будучых вырабаў. Усё лета і восень Наталля разам з мужам, калі дазваляе час, у пошуках і нарыхтоўцы матэрыялу. Радуе тое, што вясковы дом якраз дазваляе добра раскласці, высушыць і падрыхтаваць расліны да пляцення. А інакш гэта зрабіць было б проста немагчыма. На хатнім кветніку вырошчваюцца і разнастайныя кветкі, якія таксама выкарыстоўваюцца ў дэкаратыўным пляценні. Мара Наталлі ў будучым, калі муж пойдзе на заслужаны адпачынак, пераехаць у вёску на пастаяннае месцажыхарства і займацца там садам і агародам, ну і, канечне, прадаўжаць сваю любімую справу – пляценне. Тым больш, што і лаза свая падрасце - хутчэй бы!.. А колькі планаў на яе! Сёння Наталля Сяргееўна – метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па лазапляценню і пляценню з траў. Працуе яна ва ўстанове нядаўна, толькі пяты месяц. Але за гэты час ужо мае кола сваіх фанатаў і пераемнікаў. Са студзеня з задавальненнем займаюцца ў клубе па пляценню з траў 8 удзельнікаў. Узрост самы розны – ад васямнаццаці да шасцідзесяці гадоў. І ўсім цікава разам! 


– Творчы працэс настолькі зацягвае, што забываешся аб усіх клопатах. Я заўсёды гатова падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі. Нічога не ўтойваю. А як інакш? Мае вучні – гэта мае прыхільнікі, аднадумцы, пераемнікі, якія хочуць навучыцца майстэрству, якое можа прынесці радасць і сабе, і акружэнню. Буду вельмі рада, калі іх захапленне пляценнем з прыродных матэрыялаў перарасце і ў прафесіянальную справу. У цяперашні час людзі ўсё больш цэняць унікальныя рэчы, зробленыя рукамі майстроў. І праўда: ці можна параўнаць вырабы, якія выйшлі з-пад бяздушнага станка ці канвеера, з вырабамі ручной работы! А сама работа, як бачыце, пачынаецца задоўга да пляцення!  Вынік крапатлівай працы майстра – гэта тое, што застанецца надоўга з намі і будзе захоўваць цяпло яго добрых умелых рук. 


Дарэчы, работы Наталлі Пятрашка ўпрыгожваюць не толькі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, аздабляючы сцены і выставы музея, але і выстаўляюцца на раённых і абласных конкурсах і выставах. Так, адна з аўтарскіх работ “Калядная батлейка” была прадстаўлена на абласным конкурсе “Калядная зорка”, які праходзіў напярэдадні навагодніх свят у Гродне. Кампазіцыя сплецена поўнасцю з прыродных матэрыялаў, у асноўным, з траў. Лаза, рагоз, кукурузныя лісты, ліст лілейніка, нарцыса – усё толькі натуральнае і ў натуральным выглядзе, без ніякіх штучных матэрыялаў і фарбаў.


– Наташа любіць усё натуральнае, – так жартуюць мае калегі па творчасці з аддзела рамёстваў. А я і згаджаюся,  – кажа мая субяседніца. – Хіба чалавек можа параўнацца з Творцам?  Ды і навошта. Прырода з’яўляецца крыніцай бясконцай прыгажосці і хараства, толькі ўмей гэта заўважаць, а чалавек – яе частка. Я кожны дзень сутыкаюся з яе дарамі, карыстаюся імі і адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам. Наш край – гэта мая спадчына, мая гісторыя,  якая павінна беражліва захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне як асаблівая каштоўнасць. І гэта адбываецца з дапамогай маіх работ. Натхняючыся непаўторнай прыгажосцю роднай зямлі, яе пахамі і каляровай гамай, ствараюцца ўсе мае плеценыя рэчы. Трэба адзначыць, што дзвюх аднолькавых работ знайсці ў маёй калекцыі не атрымаецца. Нават калі хочаш паўтарыць падобнае, не выйдзе. На гэта ўплывае многае: і час збору расліны, і месца сушкі, і надвор’е… У гэтым  унікальнасць  і непаўторнасць прыроды. 

Акрамя валодання прафесіянальнымі навыкамі пляцення з прыродных матэрыялаў наша гераіня асвойвае і іншыя цікавыя заняткі. У яе кватэры штотыдзень адчуваецца водар свежаспечанага хлеба на заквасцы. І тут не абышлося без творчага падыходу. Наталля памятае з дзяцінства дзяжу з закваскай, якая заўсёды стаяла на стале ў доме бабулі. Пах, канечне, быў асаблівы, нават не вельмі прыемны, але, як паказаў час, такі родны і настальгічны. Нічога смачнейшага не было, як скарынка яшчэ гарачага духмянага хлеба з печы. Прыйшлося доўга папрацаваць над узнаўленнем рэцэпту бабулінага хлеба, але вынік радуе і сваіх блізкіх, і знаёмых (і карэспандэнта ў тым ліку!). 

– Частуйцеся, калі ласка! – міла запрашае да стала Наталля Сяргееўна. – Я ўчора яго спякла, раніцай. Так прыемна раненька ўстаць, выпіць кубачак кавы і ўзяцца за хлябок. А паху нараблю – на ўвесь пад’езд! Свежаспечаны гатунак кладу ў сваю ж пляцёнку, вось нават і фота вам прадэманструю (паказвае фотаздымкі са старонкі інстаграма). Люблю ва ўсім эстэтыку, але не хвалюся гэтым. Паўтаруся, мне не патрэбна слава ці апладысменты. Я проста займаюся сваёй любімай справай. І атрыліваю ад гэтага такую асалоду! 


Усім чытачам “Лідскай газеты” жадаю знайсці справу па душы, спрабаваць, брацца, не азірацца на магчымыя няўдачы, а ісці наперад і тварыць. Пры гэтым абавязкова раю набрацца цярпення, бо без яго ніяк, веры ў свае сілы, а як жа без яе, і ўпэўненасці, што ўсё атрымаецца! 

Праводзьце больш часу на прыродзе, насычайцеся яе хараством і натхняйцеся на прыгожае!

Вяртаючыся на работу, лаўлю сябе на думках: як можа ў адной жанчыне, такой маладой і  далікатнай, змяшчацца столькі ідэй, уменняў, жадання і ажыццяўлення. Дзе бярэцца гэтае натхненне, як можна прыдумаць падобныя рэчы, адкуль такая творчая фантазія? Як праявіць сваю індывідуальнасць, калі вакол такая канкурэнцыя… Адказ знайшоўся паволі сам: Наталля валодае вялікай унутранай сілай. А гэта, як кажуць, здольнасць паважаць чужую музыку, але танцаваць пад уласную… 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться