Дыван ля яе дома змяняе фарбы з вясны да восені
12 Августа 2023
803
На месцы журналіст пераканалася: быццам шыкоўныя, неабсяжныя дываны з выкарыстаннем усіх колераў вясёлкі сатканы ў двары, і, безумоўна, пазнаёмілася з самой гаспадыняй Наталляй Антонаўнай.
– У мяне ж з найменняў раслін няма нічога асабліва дарагога і заморскага. Кветкі, якія растуць на ўчастку, людзям знаёмыя і, як гаворыцца, бюджэтныя, – сціпла зазначыла жанчына.
Але ж гэта прыдае яшчэ большую каштоўнасць створанай ёю прыгажосці. Бо бачна, з якой працавітасцю, з якім густам усё зроблена ў гэтым мілым сэрцу жанчыны куточку.
Стала роднай Лідчына
Як расказала Наталля Антонаўна, мясцовых радавых каранёў яна не мае. У пачатку 80-х гадоў адправілася за мужам у Нараўлянскі раён Гомельскай вобласці, куды ён як малады спецыяліст атрымаў накіраванне на работу. Сама ж Наталля Антонаўна ўжо мела дыплом аб заканчэнні медыцынскага вучылішча і набытую спецыяльнасць “фармацэўт”.
Сям’я пачала абжывацца на новым месцы. Аднак пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС давялося шукаць іншае месца жыхарства. Тым больш што жанчына ўжо насіла пад сэрцам дзіця. Лёс прывёў у Лідскі раён, у вёску Бердаўка. Населены пункт уразіў сваім добраўпарадкаваннем, дагледжанасцю, вельмі спадабаліся навакольная прырода, добразычлівасць мясцовай улады, кіраўніцтва гаспадаркі і саміх вяскоўцаў.
З таго часу, як кажуць, многа вады ўцякло. Дарога лёсу рабіла розныя выкрунтасы, аднак, як заўважае Наталля Антонаўна, нязменным заставалася яе вялікая прыхільнасць да таго месца, што стала для яе другой радзімай. За гады знаходжання на Лідчыне жанчыне давялося працаваць на розных пасадах (так, напрыклад, пэўны час узначальвала мясцовае аддзяленне сувязі), але разам з тым нямала гадоў яна аддала і працы па набытай спецыяльнасці: у Бердаўскай аптэцы, у дзяржаўнай аптэцы №115 у Лідзе. Зараз шчыруе фармацэўтам у адной з аптэк прыватнай сеткі.
Да адной кветачкі – другая, трэцяя
І ўсё ж журналіста больш цікавіла ўсё, што датычыцца захаплення Наталлі Антонаўны – стварэння вакол сябе хараства праз кветкі.
– Калі з’явілася такое захапленне? – спытала.
– Адразу пасля таго, як мы атрымалі кватэру ў двухпавярховым катэджы і ўчастак каля яго, – адказвае жанчына. – У той час, калі я працавала ў аддзяленні сувязі, якраз з’явілася такая паслуга, як выпіска насеннага матэрыялу. Мы з суседкай ухапіліся за такую магчымасць. Заказалі клемацісы і вяргіні. Хараство высаджаных на ўчастку кветак падштурхнула глыбей уцягнуцца ў выбраны занятак. Я чалавек не зайдросны, мне няма справы да таго, хто якое дабро мае ці ў што адзеты, а вось калі бачу ў некага на ўчастку ці ў інтэрнэце расліну, якая дапамагае надаць хараство тэрыторыі, узнікае жаданне займець такую ж у сябе.Таму і ўзялася, калі можна так сказаць, праводзіць эксперыменты. Бачыце дваццаціпяцілітровы гаршчок, увіты петуніямі? Выпісала пяць штук насення – узышло тры. Пачала пасынкаваць расліну і дабілася таго, што маю зараз. Дзе разнастайную тару бяру, пытаеце? Упэўнілася: для ажыццяўлення задумкі стварэння кветкавай кампазіцыі падыдуць не толькі спецяльныя гаршкі, але і любыя ёмістасці. Таму ў адным з сецявых магазінаў закупіла па нізкай цане пластмасавае начынне.
– Альбо, напрыклад, падгледзела ідэю садзіць кветкі букетным спосабам пасадкі. Ну чаму б у сябе на ўчастку не ажыццявіць? – працягвае аповед Наталля Антонаўна. – Паспрабавала – атрымалася прыгожа.
Дарэчы, калі журналіст папрасіла пералічыць не тое што гатункі (а яны самыя розныя), а найменні кветак, спіс быў даволі ўнушальны: пралескі, нарцысы, цюльпаны, анюціны вочкі, маргарыткі, турэцкія гваздзікі, рамонкі, лілеі, петуніі, флоксы, ружы, незабудкі, бальзаміны, напярсцянкі, клемацісы, вяргіні, хрызантэмы і іншыя.
Вядома, кожная кветка патрабуе пэўнага догляду. Усё гэта Наталля Антонаўна чэрпае са спецыяльнай літаратуры, а таксама інтэрнэту, дзе кветкаводы дзеляцца сваім вопытам і напрацоўкамі. Агульнае ж правіла, якога прытрымліваецца: калі расліна набірае рост, падкарміць азотам, калі пачала цвісці – фосфарам і каліем. Сродкі падкормкі набывае ў спецыялізаваных гандлёвых кропках, як і сродкі для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін.
І ўсё ж дадатковыя сакрэты створанага на ўчастку Эдэма журналісту, здаецца, удалося разгадаць. Акрамя кветак у двары, жанчына паказала шыкоўныя, усе ў кветках, хатнія архідэі (іх у яе ажно 16 гатункаў).
– Адкуль столькі з’явілася? Я не люблю, калі мне дораць зрэзаныя кветкі, а вось падарункі ў выглядзе кветак, якім можна прадоўжыць жыццё, мне даспадобы, – прызналася суразмоўніца. – Акрамя таго, ведаючы маю прыхільнасць да раслін, некаторыя нясуць мне зачахлыя кветкі, маўляў, у яе руках ачуняюць. Вось гэтую, зараз прыгожую, кветку санітарачка нашай аптэкі ўбачыла на сметніку. Забрала, прынясла мне. А я ўжо выходжвала раслінку як малое дзіцё – і выхадзіла. Кожная кветка адчувае любоў і пяшчоту чалавека і адгукаецца на іх.
Ад сэрца да сэрца
Тое, што Наталля Антонаўна мае шчырае сэрца, мне пацвердзілі яе муж Віктар Афанасьевіч і сябры. Дарэчы будзе сказаць, што жанчына з’яўляецца прыхаджанкай Князікоўскай царквы. Не толькі дзівосныя кветкавыя ўзоры “тчэ” яна ля будынка самаго храма – ні адно свята (незалежна ад пары года) не абыходзіцца без унутранага ўбранства ў самой царкве. А прыхільнасць Наталлі Антонаўны да кожнага чалавека згуртавала вакол яе людзей розных узростаў, якія таксама наведваюць храм. І трэба сказаць, што разам ім цікава, таму што кожны з іх мае нейкую творчую здольнасць. Ганна Канстанцінаўна Нячай выдатна вышывае, Вольга Міхайлаўна Кісялёва – прыхільніца ікебаны, Мікалаю Сакалоўскаму і Дзмітрыю Сакалову блізкая песенная і музычная культура роднага краю. Асобна трэба сказаць пра мужа Наталлі Антонаўны – Віктара Афанасьевіча. Працуе ён лесніком, аднак валодае і прафесіяй будаўніка. Мужчына з гонарам можа паказаць не толькі тое, што зроблена яго рукамі ў плане рамонту ў кватэры, але і рэчы, якія патрабавалі творчага погляду для іх стварэння. А яшчэ Віктар Афанасьевіч Рамановіч піша вершы. І, дарэчы, вельмі добрыя. Тэмы выбірае такія, якія кладуцца на сэрца. Шэраг прысвечаны жонцы. Вось радкі аднаго з вершаў:
Магу біцца аб заклад:
мая жонка – проста клад.
Прыгатуе смачна страву –
не якую там атраву,
абліжаш пальчыкі і губы.
Скажа ў вочы:
“Ты мой любы!”
Дзе ж знайсці яшчэ такую,
вечна сэрцам маладую,
каб агнём гарэла, жарам,
каб была мне Божым дарам?!
Гэтыя словы – таксама штрыхі да асобы Наталлі Антонаўны.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.