Пра бірульку з лазы, шчамілку, калунок і многае іншае
10 Августа 2023
827

Аднойчы я вырашыла падрыхтаваць некалькі артыкулаў пра рамеснікаў-землякоў, якім дазволілі захаваць рамесны збор (фіксаваную суму, якая плаціцца раз у год) і не пераходзіць на падатак на прафесійны даход (штомесячную аплату падатку ў залежнасці ад заробленай за гэты перыяд сумы). У матэрыяле “Лідскай газеты” №57 ад 26 ліпеня бягучага года было падрабязна паведамлена пра адпаведныя змены ў Падатковым кодэксе, якія пачалі дзейнічаць з 1 ліпеня. Там было адзначана, што асноўны крытэрый дазволу застацца на рамесным зборы – гэта захаванне і развіццё ўнікальных беларускіх рамёстваў. Таму я параілася з Аленай Шчэлінай, загадчыцай аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, пра каго з нашых майстроў варта напісаць.
– Давайце пойдзем па кірунках дзейнасці! – прапанавала мне Алена Валянцінаўна. – І пачнём з… лозапляцення. Я скіну вам кантакты тых, хто гэтым займаецца.
Лозапляценне – гэта выраб прадметаў побыту, аздобы інтэр’еру, элементаў адзення, упрыгажэнняў і г. д. з лазы – пераплеценых маладых парасткаў вярбы.Першым маім здзіўленнем было тое, што нумар тэлефона, які мне даслалі, быў… жанчыны. Маючы вельмі вузкае разуменне пра тое, што робяць з лазы, і стэрэатып, што гэтым павінен займацца пераважна сталы мужчына, асноўны і ледзь не адзіны від вырабаў якога – кошыкі пад бульбу, вельмі здзівілася. Нават закралася думка, што кантакт скінулі памылкова. Аднак вырашыла патэлефанаваць. І сапраўды, мне адказала жанчына, якая пацвердзіла род свайго занятку і прапанавала сустрэцца ў майстэрні, каб не толькі распавесці, але і паказаць, што да чаго. Канешне, я з захапленнем пагадзілася.
На парозе мяне сустрэла Наталля Прыходзька, гасцінна прапанавала праходзіць і пазнаёміла са сваёй калегай – Любоўю Ігнаткевіч. Пакуль гаспадыні збіраліся з думкамі перад інтэрв’ю, я прагна аглядвалася ў памяшканні: разглядала рознакаляровыя пучкі лазы, начоўкі, дзе былі замочаныя лазовыя пруткі, невядомыя мне дасюль прылады, якімі спрытна карысталіся жанчыны, тлумачачы іх прызначэнне. Асаблівае захапленне выклікалі, канешне, гатовыя вырабы: прыгожыя, амаль карункавыя кашолкі (у такія бульбу ссыпаць – грэх!), вазачкі пад цукеркі, падсвечнікі, шкатулкі, падносы, ляжанкі і хаткі для коцікаў, кветкі і нават… сурвэткі – усяго не пералічыць. Ад такой неспадзяванкі і прыгажосці захапляла дух, але я вынудзіла сябе адарвацца ад знаёмства з вырабамі, бо захацелася больш даведацца пра саміх майстрых.
– Як даўно вы займаецеся лозапляценнем?
– Крыху больш за чатыры гады, – адказалі жанчыны.
– А чаму менавіта лаза?
– Адна з прычын – даступны ў вялікай колькасці і дармовы матэрыял, – паведаміла Наталля.
– А дзе збіраеце лазу?
– Паўсюль, дзе яна расце: каля вадаёмаў, уздоўж чыгункі, пры дарозе... А з некаторага часу – на сваіх участках на дачы, дзе вырошчваем спецыяльную сартавую лазу, найбольш прыдатную для нашага рамяства, – адказала Люба.
– Жартуеце? – збянтэжана спытала я.
– Ні ў якім разе! – засмяяліся жанчыны.
– Калі так, то яна ў вас расце разам з бульбай ці замест яе?
– Мы яе садзім па перыметры, уздоўж плота, таму агароду лаза не замінае, – патлумачыла Люба.
– Заўсёды была ўпэўнена, што лозапляценне – не вельмі жаночая справа: у руках, асабліва ў кісці, павінна быць значная сіла…

– А як вы навучыліся плесці з лазы?
– Нас абедзвюх звёў лёс у гэтай справе праз аб’яву, дзе на работу ў прыватную фірму запрашаліся людзі для пляцення з лазы элементаў дэкору для інтэр’ераў. Я шукала работу пасля дэкрэту, Наталля, будучы на пенсіі, каб не зацягнула хатняя руціна, шукала падработку. Мы прыйшлі туды, каб паспрабаваць, ці атрымаецца што ў нас. Прайшлі базавае навучанне рабоце з лазой. Стала атрымлівацца і… зацягнула, – адказала Люба.

– Гэта таксама з лазы? – не верачы сваім вачам, спытала я, зачараваная мініяцюрнасцю вырабу і разумеючы ступень працаёмістасці.

– Мусіць, у вашых кватэрах як у галерэі: для ўсяго ёсць ёмістасці з лазы, упрыгажэнні на сценах і на паліцах?
– Якраз наадварот: як заўсёды, шавец без ботаў, – рассмяялася Люба.
– Але ёсць з чым пайсці ў госці, што падарыць на свята…
– Гэта так! Нашы знаёмыя ўжо нават чакаюць нейкіх навінак, – дадала Наталля.
– А як вашыя родныя ставяцца да вашага захаплення? Можа, таксама цікавяцца, дапамагаюць?
– Да захаплення ставяцца з павагай, асабліва калі назіраюць прагрэс у якасці вырабаў, якія выходзяць з-пад нашых рук. Праўда, пакуль ні ў каго няма жадання займацца лозапляценнем. Але ў падрыхтоўцы лазы да работы (яе трэба выварваць, аскурваць), калі трэба, дапамагаюць, – адказала Люба.
– Слухайце, а вось тыя прылады, якімі вы карыстаецеся (шчамілка, калунок і г. д.), сучасныя або такімі ж карысталіся нашы продкі?

Шчамілка – прылада для аскурвання прутоў.
Калунок – прылада для расшчаплення прутоў на тры-чатыры шынкі, якія потым прапускаюцца праз спецыяльны станок і ператвараюцца ў стужкі.Тым часам мы і не заўважылі, як наша размова перацякла ў сяброўскую гутарку аматараў рамяства. Жанчыны шчыра адказвалі на мае пытанні пра тое, калі і якім чынам зразаецца лаза, дзе і колькі часу захоўваецца. Пагаварылі пра рэалізацыю вырабаў. Я нават прыцанілася да хаткі для коціка…
У заключэнне я пажадала маім новым знаёмым, каб іх праца была варта ацэнена, каб іх вырабы набіралі ўсё большую папулярнасць і, самае галоўнае, каб яны працягвалі атрымліваць асалоду ад працэсу лозапляцення і ад выніку сваёй карпатлівай працы.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.