Як адзначылі свята "Апошні дзень лета"
Менавіта так развіталіся з летам-2022 пажылыя людзі-ўдзельнікі аматарскіх аб’яднанняў “Вера. Надзея. Любоў” і “Адкрытыя сэрцы” Палаца культуры горада Ліды. Пад заслону лета для іх быў арганізаваны дзень міжклубных зносін, які так і называўся – “Апошні дзень лета”. Зрабіць гэты дзень для актыўных пажылых лю-дзей яркім, запамінальным, з музыкай, песнямі і вершамі пастараліся ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс” Палаца культуры і клуба “Актыўнае даўгалецце” цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цёплая, душэўная, з канцэртнай праграмай і конкурсам сустрэча ўдзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў адбылася на свежым, яшчэ летнім паветры, ва ўтульным унутраным дворыку галоўнай культурнай установы горада. У ролі вядучай сустрэчы была кіраўнік “МузАльянса” Лідзія Волкава.
Асноўнай тэмай і песень, і вершаў, якія гучалі ў той дзень з імправізаванай сцэны, было адышоўшае лета. З песеннымі нумарамі перад прысутнымі выступалі Людміла Краснадубская, Іосіф Сухавецкі (асобна і ў дуэце), удзельніцы клуба “Актыўнае даўгалецце” Станіслава Бобрык, Галіна Кобза (якія разам з Людмілай Краснадубскай складаюць вакальную групу “Вяснянка”). Вершы ўласнага напісання чыталі Людміла Русь, Аляксандр Мацулевіч.
Трэба адзначыць, што на стале, за якім сядзелі гледачы, былі прадстаўлены дары іх жа агародаў – плён іх карпатлівай працы на сваіх участках на працягу лета. Ядомыя кампазіцыі з агародніны, як і песні і вершы, сталі ўпрыгажэннем сустрэчы. Паралельна з канцэртнай праграмай праводзіўся конкурс гэтых ядомых кампазіцый, кожнай з якіх адпавядаў пэўны нумар. Самі ж гледачы аддавалі свае галасы за тую ці іншую кампазіцыю. Пераможніцай конкурсу стала Таісія Дубарэвіч, чый агародны цуд набраў найбольшую колькасць галасоў. У якасці прыза Таісіі Уладзіміраўне быў уручаны блакнот. “Дзяліцеся сваімі рэцэптамі, – казала яна калегам-агароднікам. – Блакнот у мяне ёсць – буду іх гэтай восенню запісваць”.