«Прыемна назіраць, як белае палатно запаўняецца фарбамі». Жыхарка Ліды стварае унікальныя карціны, вышытыя крыжыкам
29 Мая 2021
1489
У наш час рукадзелле, нягледзячы на тое, што ўсё можна купіць у краме, не рэдкасць. Навукоўцы даказалі: калі жанчына вяжа, шые, вышывае, малюе, яна ўваходзіць у гармонію са сваёй прыродай. Таму такія навамодныя захапленні, як скрапбукінг, мылаварэнне, бісерапляценне, дэкупаж, выраб лялек, – гэта не толькі творчасць, але і занятак для душы, карыснасць якога высока ацэньваецца іншымі людзьмі.І з гэтым, безумоўна, згаджаешся, калі бачыш рукатворныя шэдэўры ручной працы, такія як, напрыклад, у лідчанкі Святланы Базюк. Больш за пятнаццаць гадоў таму жанчына захапілася рукадзеллем: стала ствараць унікальныя карціны, вышытыя крыжыкам. З тых часоў гэтаму хобі прысвячае ўвесь вольны час.
Тэмы работ Святланы Міхайлаўны самыя розныя. Вось плаваюць лебедзі, а вось пераліваюцца на сонейку купалы праваслаўнага храма, пакрыты снегам вясковыя хаты, дрыжаць кроплі вады на палявых кветках... Адным словам, любіць майстар зазірнуць у маляўнічыя куткі прыроды, падкрэсліць архітэктурнае хараство роднага горада, часта звяртаецца да хрысціянскай тэмы. Гульня фарбаў і адценняў, калі глядзіш на кожную карціну, зачароўвае вочы. Здавалася б, колькі трэба часу і цярпення, каб стварыць такую прыгажосць!
– Гэта, мабыць, адзін з нямногіх відаў рукадзелля, які, вядома ж, патрабуе ўкладання матэрыяльных сродкаў, і ў гэтым плане вельмі дапамагае муж Генадзь, можна сказаць, што ён мой спонсар, – усміхаецца гераіня артыкула. – Бо без паходаў у краму за расходнымі матэрыяламі не абысціся. Але творчы працэс варты таго па многіх прычынах. У наш насычаны клопатамі час вышыўка дапамагае забыць аб паўсядзённых клопатах. Звычайна раблю ўсе хатнія справы і бягу ў пакой хоць бы гадзіну-дзве папрацаваць з іголкай і ніткамі. У гэты час неяк адпачываеш, праблемы адыходзяць на другі план.Калі ўсе работы развесіць на сценах дома Святланы Базюк, у выніку атрымалася б карцінная галерэя. Толькі хадзі і любуйся вышытымі драбнюткімі дэталямі. Ва ўмелых руках лідчанкі тысячы немудрагелістых крыжыкаў з ваўняных нітак ператвараюцца ў сапраўдныя мастацкія палотны. Усяго ў калекцыі майстра каля чатырохсот работ, у кожную з якіх ўкладзена часцінка душы.
– У тэхніцы вышывання маецца цэлы звод правілаў і хітрасцяў, – расказвае мая суразмоўца. – Але ў асноўным канчатковы вынік часта залежыць ад вопыту. Асабіста для сябе даўно вырашыла: лепш за ўсё працаваць па чыстай канве. Наогул вышыўка па белай (так яе называюць) – гэта вышэйшае майстэрства. Трэба самастойна разбіваць карціну на сектары і вылічваць клеткі. На аштампованай канве карціна ўжо амаль гатовая, ведай толькі кладзі роўна крыжык. Мне такое не па душы. Люблю ствараць з белага палатна нешта асаблівае, непаўторнае. А вось людзям, якія толькі робяць крокі ў рукадзеллі, заўсёды раю першае сваё знаёмства з дадзенай тэхнікай пачынаць з невялікіх карцін. А потым рука, як гаворыцца, наб'ецца.
У працэсе вышывання лідчанку прыцягвае прастор для творчасці. А яшчэ гэты занятак супакойвае, дапамагае самавыявіцца, прыносіць неверагодную радасць. У той жа час жанчына заўсёды адкрыта для эксперыментаў. Тры гады таму Святлана Базюк захапілася алмазнай вышыўкай. Гэта калі карціны ствараюцца з рознакаляровых стразаў. Кожны страз з-за пераліваў нагадвае вядомы каштоўны камень. У канчатковым выніку работы атрымліваюцца яркімі, са сваёй разынкай.– Алмазная вышыўка сама па сабе яшчэ больш карпатлівая тэхніка, бо грані матэрыялу не вельмі зручныя для захопу пінцэтам, утрымаць страз цэлае мастацтва. Трэба налаўчыцца іх браць, не пашкоджваючы гладкую паверхню, і прыціскаць да палатна так моцна, каб не ссоўваўся з месца маленькі «алмаз». Потым вярнуць яго назад будзе складана. Увогуле выкладка аднаго такога палатна патрабуе ўседлівасці і ўважлівасці.
У асабістай калекцыі майстра – дзясяткі работ. Многія сёння таксама знаходзяцца ў праваслаўных храмах, частка – у калекцыях знаёмых і сяброў. Кожная карціна – асабістае дасягненне жанчыны, яе гонар. Вось і ў гэтыя дні майстар асабліва шчаслівая: у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ўпершыню адкрылася яе персанальная выстава. А значыць, у жыхароў горада ёсць магчымасць не толькі ўбачыць рукатворныя шэдэўры лідчанкі, але і даць ім сваю ацэнку.– Заўжды прыемна назіраць, як пустое палатно запаўняецца фарбамі, – у канцы размовы заўважыла Святлана Міхайлаўна. – Гэты працэс бясконцы, займальны, але калі дасягаеш мэты – атрымліваеш велізарнае задавальненне. Асабліва калі ўласныя сюжэты ажываюць на вачах. Не верыце, тады абавязкова паспрабуйце самі!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







