«Памылак мала, а ў некаторых і зусім няма». Жыхары Ліды напісалі дыктоўку на беларускай мове

20 Февраля 2021 1169

Штогод да Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай краіне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: ад забаўляльных праграм і адукацыйных праектаў да навуковых канферэнцый рознага ўзроўню. Галоўная мэта гэтых падзей – папулярызацыя і вывучэнне роднай мовы.

Сярод мерапрыемстваў у рамках Міжнароднага дня роднай мовы вылучаецца агульнанацыянальная дыктоўка, правядзенне якой ужо шмат гадоў падтрымлівае Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Вось і сёлета бібліятэка запрасіла ўсіх жадаючых да напісання 14-й агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Году народнага адзінства ў Беларусі. Кожны, хто прыняў удзел у дыктоўцы, хацеў паказаць, што любіць, шануе і ведае родную мову. Удзельнічаў у ёй і аўтар гэтага артыкула.

Для напісання дыктоўкі быў узяты ўрывак з рамана Івана Шамякіна “Глыбокая плынь” (сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна). Названы раман на тэму Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы прынёс пісьменніку народную славу. Дыктавала тэкст бібліятэкар Надзея Камароўская.

– Удзельнікі дыктоўкі вельмі добра напісалі яе, – адзначае пасля прагляду напісанага Надзея Міхайлаўна. – Памылак мала, а ў некаторых і зусім няма. Памылкі ў асноўным пунктуацыйныя (ёсць у тэксце некалькі складаных сказаў). Многім можна паставіць васьмёрку ці дзявятку. Радуе, што вельмі добра напісалі і прысутныя школьнікі – ім, школьнікам, пераймаць ад старэйшых пакаленняў эстафету захавання роднай мовы.

Удзельнічалі ў напісанні дыктоўкі і прадстаўнікі БРСМ, у тым ліку першы сакратар і галоўны спецыяліст Лідскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Вольга Міхаловіч і Вольга Козіч. Дарэчы, у той жа дзень ва ўсёй Гродзенскай вобласці стартаваў праект “Адзіны дыктант на прыз БРСМ”. Напісанне адзінага дыктанта на працягу некалькіх дзён праходзіць ва ўсіх пярвічных арганізацыях БРСМ нашай вобласці, у тым ліку Лідчыны.

Пасля напісання дыктоўкі ў бібліятэцы ўсе яе ўдзельнікі атрымалі ад моладзевай арганізацыі памятныя падарункі – сшыткі. Работнікі бібліятэкі пасля мерапрыемства арганізавалі для прысутных адкрыты прагляд кніг Івана Шамякіна “Пісьменніцкае слова на далоні”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться