«Менавіта колер яек адрознівае гэтых курэй ад іншых». Што за птушкі жывуць на адным з двароў вёскі Мінойты?
23 Августа 2019
1476
Але сапраўдныя энтузіясты-птушкагадоўцы сярод вясковых жыхароў усё ж такі сустракаюцца. У іх ліку Тэрэза Бядуха з вёскі Мінойты. У гэтым годзе ў жыхаркі вёскі вельмі шмат куранятак. Разам з унучкай Насцяй, якая дапамагае любімай бабулі спраўляцца з вялікай па цяперашніх мерках гаспадаркай, яны ласкава называюць іх падуанчыкамі.
– Менавіта колер яек адрознівае гэтых курэй ад іншых парод курачак, – распавядае карэспандэнту “Лідскай газеты” Тэрэза Браніславаўна. – Мы прывыклі, што ў звычайных нясушак гэты колер ці белы, ці насычана шакаладны. Тут жа канчатковы вынік іншы. У той жа час знешні выгляд птушкі таксама ўражвае: куры буйныя, з яркім апярэннем і незвычайнай бародкай пад дзюбай.
Па словах жанчыны, жыхары птушынага двара вельмі рахманыя па характары. Яны лёгка ідуць на кантакт з чалавекам (Насця можа нават трымаць іх на руках), добра ўжываюцца са сваімі братамі, чаго не скажаш, напрыклад, пра задзірлівых індыкоў.
– Калі бярэш іх у рукі, складваецца ўражанне, што іх пёры пафарбаваныя, – гаворыць гаспадыня. – Асабіста для мяне гэтая парода курэй – сапраўдная знаходка. Па-першае, прадстаўнікі гэтага віду вынослівыя і перапады надвор'я ім не страшныя. А па-другое, нясуцца выдатна.
– Вы казалі, што гэтых курэй адрознівае добрая яйканоскасць. Упэўнена: тут сваю ролю іграе ваш догляд за гадаванцамі…
– Добра даглядаць птушку, бясспрэчна, важна, – разважае заводчыца. – Без догляду не будзе выніку. Напрыклад, мае курачкі могуць несціся і ў снежні, і ў студзені, калі ў птушкі звычайна пачынаецца перыяд спакою. А ўсё таму, што кармлю іх добра. Звычайна даю сваім нясушкам летам траўку, восенню і зімой – тое, што вырасціла ў агародзе, зерне, у мяшанку дадаю муку. Насычанае меню і аказвае ўплыў на прадукцыйнасць птушкі.
Сёння на двары жыхаркі вёскі Мінойты – вялікае курынае царства. Усіх хатніх гадаванцаў яна добра ведае. Асабліва прыгожыя ў гэтым годзе пеўні. Усе, як адзін, маюць яркае, рознакаляровае пер’е, але між сабой – вялікія задзіры.
– Каб разводзіць птушку, аднаго жадання недастаткова, – адзначыла мая суразмоўніца. – Тут патрэбны не толькі цярпенне і праца, але таксама пэўная душэўная настроенасць. Пакуль ёсць сілы, буду трымаць і падуанчыкаў, і іншых курачак, і індыкоў. Можа, некаторыя адзначаць, што гэта не вельмі выгадна па сучасных мерках, але я думаю па-іншаму: усё-такі гэта сваё, хатняе, выгадаванае на ўласным прысядзібным участку.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.