Шчодра, прыгожа і вельмі шчыра – у «Сябрыне»!
29 Декабря 2018
1617
Вялікая светлая зала незвычайнай формы з балконам пасярэдзіне, які выходзіць у залу аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе стаяць ткацкія станкі і калаўродкі, гучаць беларускія песні, ладзяцца тэатральныя імпрэзы. У гасцей, асабліва замежных, гэта выклікае непадробленую цікавасць, у беларусаў – свае пачуцці, што значыць, на душу кладзецца. У іншыя моманты ў зале кафэ проста гучыць прыемны музычны фон. Калі хочацца поўнай, абсалютнай цішыні, да паслуг невялікая банкетная зала. А летам – адкрытая пляцоўка на балконе другога паверха.
У вялікай зале няма багатай шляхецкай вычварнасці або сучаснага халоднага мінімалізму. Тут проста, свабодна, лёгка і ў той жа час утульна. Інтэр’ер аформлены з густам. І ва ўсё вельмі ўдала ўплецены беларускі каларыт. Белая драўляная сталовая мэбля, ільняныя фіранкі, настольнікі, сурвэткі – таксама з ільну. А яшчэ – непаўторны від з паўкруглага акна. Калі заняць месца за столікам з левага боку, то ў акно вам будзе глядзець самая прыгожая ёлка ў горадзе – уся ў шышках, ахутаная снежным футрам. Адным словам, варта прыйсці сюды, каб атрымаць вялікае задавальненне!
Кухня ў “Сябрыне” вартая асобнай размовы. Калісьці кафэ задумвалася як беларускае. Але калектыў з самага пачатку паставіў сабе мэту – дагадзіць кожнаму наведвальнку. Такім чынам, меню “Сябрыны” стала настолькі разнастайным, што можа дагадзіць самаму дапытліваму густу, нямала здзівіць і даставіць наведвальніку прыемныя хвіліны.
Адных фірменных страў тут каля трыццаці. Ды і гэта колькасць – велічыня не пастаянная. Бо штодзень калектыў у творчым пошуку. Надыходзячы Новы год і Каляды, напрыклад, чарговая падстава здзівіць сваіх наведвальнікаў.
Калектыў “Сябрыны” бярэцца выконваць шырокі спектр паслуг: акрамя штодзённага абслугоўвання, карпаратываў і фуршэтаў, практыкуе кейтэрынгавае абслугоўванне, выконвае папярэднія заказы. Кіруецца сваім галоўным прынцыпам – індывідуальным падыходам да кожнага. Прапануе вельмі прывабны бізнэс-ланч – з 12.00 да 16.00. І калі вы яшчэ не абедалі ў “Сябрыне”, абавязкова зрабіце гэта: вельмі смачна і зусім нядорага.
Высокі ўзровень абслугоўвання гарантуе прафесійны калектыў. Усе павары працуюць тут з дня адкрыцця (2010 год), загадчыца Ірына Рудзенка – таксама (увогуле ў сферы грамадскага харчавання – каля трыццаці год). Яны гарантуюць якасць сваёй работы і задаволенасць наведвальнікаў. “У нас працуюць толькі тыя, хто любіць сваю работу, – прызнаецца Ірына Казіміраўна. – Я і сама такая, “хворая” на работу”.
Нездарма ж тут многа пастаянных кліентаў, якія прыходзяць не раз у год адзначыць свята, а штодзень – абедаць, а то і вячэраць. З сябрамі ж не расстаюцца, а проста развітваюцца – да заўтра.
У якасці пасляслоўя. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу выпадкова ў прасторах глабальнай сеткі наткнуліся на водгукі аб кафэ “Сябрына”. Міма аднаго, аздобленага мноствам фотаздымкаў, прайсці было немагчыма: “Мы оценили и масштабы кафе, и интерьер, и особенно еду. Настоящим потрясением стало второе блюдо. Такого мы никогда не видели в комплексном обеде в групповом туре и вряд ли еще увидим. Подано в горшочке, со слоеным тестом. Тесто легкое, прямо воздушное, вкуснейшее. Внутри картошка, мясо, грибы – пальчики оближешь. Чай с умопомрачительной выпечкой с яблоком, тесто тоже слоеное. Я к булочкам вообще весьма равнодушна, но съела с удовольствием. У всех нас создалось впечатление, что мы в гастротуре. Очень понравилось это кафе, непременно зайдите, будучи в Лиде…”
Фірменная салата «Калядная» ад повара кафэ «Сябрына» Юліі Ткачук
Спатрэбяцца: 1 морква, 100 г каўбасы сыравэнджанай, 100 г агуркоў марынаваных, 1 пучок ліставой салаты, 1 пучок пятрушкі, 100 г кансерваванай фасолі, 2-4 ст. лыжкі маянэзу, 1 пакецік гатовых сухарыкаў, перац чорны молаты.
Адварыце моркву, ачысціце яе і нарэжце кубікамі. Вэнджаную каўбасу і агуркі таксама нарэжце кубікамі. Усю зеляніну вымыйце. Салатныя лісты парвіце на кавалачкі, пятрушку дробна нарэжце. Фасолю адкіньце на дуршлаг, каб зліць вадкасць. Выкладзіце ўсе інгрэдыенты ў салатнік, дабаўце маянэз, папярчыце, перамяшайце. Выкладзіце частку салаты ў сервіровачнае кольца на талерцы, утрамбуйце. Акуратна здыміце кольца. Зверху на салату выкладзіце сухарыкі. Прыемнага апетыту!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.