У Лідзе сёння адбыўся адборачны абласны тур XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур (фота)

25 Ноября 2017 2817

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, сталіцай якога з’яўляецца Гродна, рыхтуецца да чарговай сустрэчы сяброў. І хаця дванаццатае па ліку свята сяброўства, міра і згоды адбудзецца яшчэ толькі летам наступнага года, падрыхтоўка да яго поўнай хадою ідзе ўжо зараз. Па ўсёй краіне адбываюцца адборачныя абласныя туры. Свой выбар тых, хто варты прадставіць нацыянальную культуру і традыцыі, Гродзеншчына зрабіла сёння ў Лідзе.

Падзею варта назваць менавіта святам -- поўным колераў і красак, спеваў і танцаў, усмешак, пачуццяў, эмоцый… Атмасфера яго яскрава адчувалася ў Палацы культуры г. Ліды, і тыя з лідчан, хто скарыстаўся магчымасцю, выхадным днём і вольным уваходам і наведаў свята, адназначна, не пашкадаваў. Беларусы, рускія, палякі, літоўцы, украінцы, армяне, азербайджанцы, казахі, узбекі, таджыкі, чувашы, башкіры, цыгане і іншыя ва ўсёй красе сваіх культур сабраліся на адной пляцоўцы, каб не проста паказаць прыгажосць сваіх народаў, але і засведчыць сяброўскія, узаемапаважлівыя адносіны да іншых, а дзесьці і павучыцца. Звыш дваццаці мастацкіх калектываў, індывідуальныя выканаўцы, рамеснікі і проста групы падтрымкі з’ехаліся ў Ліду, каб крыху больш за паўгода таксама сказаць сваё “я” на рэспубліканскім шматнацыянальным фэсце. Даць ацэнку ім было прызвана кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар, народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дрынеўскі.

Свята распачалося на паркеце Палаца культуры, дзе разгарнулася выстава рамёстваў і нацыянальнай кухні. Яна ж была і першым конкурсным выпрабаваннем. Дыяспары з розных гарадоў, пасёлкаў, аграгарадкоў Гродзеншчыны прадставілі свае скарбы: вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў розных тэхніках, нацыянальныя касцюмы ва ўсім харастве і дэлікатэсы нацыянальнай кухні, -- аздобіўшы ўсё гэта традыцыямі гасціннасці сваіх народаў.

Майстар Юлдаш Хасанаў з іўеўскага клуба майстроў “Скарбніца” вядомы не толькі ў сваім горадзе, але і далёка за яго межамі. Разьбяр па дрэве ўдзельнічае ў многіх рэспубліканскіх фэстах і ўжо трэці раз у фестывалі нацыянальных культур. Паўсюль знаходзіць прыхільнікаў і нават вучняў. Па нацыянальнасці ён узбек, нарадзіўся ў Таджыкістане, жыве ў Беларусі… Як вынік -- у творчасці майстра спляліся рысы трох культур. Увогуле ж Юлдаш Рамазанавіч майстар на ўсе рукі: і з металам працуе, і ляпёшкі з тандыра пячы (апошнімі ён шчыра частаваў гасцей).

Нельга было прайсці міма сталоў палякаў, дзе панавала багацце прысмакаў і адкуль даносіліся пахі бігаса і хатняй паляндвіцы, дранікаў з мясам і соуса з айвы, а таксама – украінцаў, дзе, як нідзе, погляд прыцягвалі пястратыя кветкі вышыванкаў. Ды і ўвогуле -- каля кожнага нацыянальнага куточка, бо сустракалі ўсюды шчырымі ўсмешкамі і прымалі як найлепшага госця.

Свята перамясцілася ў вялікую залу, дзе распачалася ўрачыстая частка фестываля. Напачатку яе члены журы ўручылі граматы нацыянальным суполкам, што вядуць актыўную дзейнасць і з’яўляюцца ўпрыгажэннем шматнацыянальнай Гродзеншчыны. Сярод узнагароджаных былі і лідскія аб’яднанні і іх кіраўнікі: Галіна Жыткевіч – гарадскі аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, Марына Міцюкевіч – лідскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рута”, Таццяна Мялевіч – рэгіянальнае мемарыяльна-культурнае аб’яднанне, Аляксандр Літвіненка – лідская арганізацыя “Трэмбіта” Беларускага грамадскага аб’яднання украінцаў.

Калі на паркеце госці свята мелі магчымасць убачыць знешнюю прыгажосць розных нацыянальнасцей, то на сцэне вялікай залы ва ўсёй глыбіні паўстала прыгажосць душы кожнага з народаў. Яна адлюстравалася ў пачуццях, што перадаваліся праз музыку і словы песень, праз рухі танцаў. Алія Гуцава, кіраўнік ансамбля "Салтанат" Гродзенскага філіяла Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Ата-мекен” на рускай і казахскай мовах выканала песню “Зямля Казахстан”, у якой распавяла кранальную трагічную гісторыю казахскай зямлі, куды калісьці ссылаліся рэпрэсіраваныя, -- аб тым, як пад страхам уласнай смерці казахі дапамагалі вязням не загінуць. Артысты ансамбля цыганскай песні “Джана Рома” з Ашмян – наадварот, літаральна захапілі, запалілі зал эмоцыямі. Надзвычай багатую і разнастайную песенную і танцавальную спадчыну прадставілі нацыянальныя суполкі бліжэйшых беларусам народаў – палякаў, украінцаў, рускіх, літоўцаў... Сваё слова ў ёй сказалі і лідчане – артысты калектываў “Смерічка” (украінцы), “Лідзяне”, “Крэсовэ забавы”, “Меморыя”, “Стокроткі” (палякі), “Рута” (літоўцы), а таксама “Шалом” (яўрэі), “Салтанат” (казахі).

Нумары большасці калектываў былі сцэнічныя і самабытныя, часта ператвараліся нават у тэатральныя дзействы: з элементамі песень, танцаў і імправізацый. Сярод характэрных рысаў гэтага фестывалю можна адзначыць і пераемнасць традыцый: актыўна ў ім удзельнічалі дзіцячыя і моладзевыя калектывы. Гэта сведчыць: дыяспары развіваюцца, захоўваюць свае традыцыі, культуру і перадаюць іх наступным пакаленням.

Гледачы ў зале дзяліліся сваімі ўражаннямі. Лідчанка Марына Баравуля: “Мая мама руская, тата беларус, я беларуска, мой муж беларус, мама майго мужа палячка, сваю старэйшую дачку я аддала ў беларуска-польскі клас. Мы жывём на такой незвычайнай зямлі, дзе спляліся розныя нацыянальнасці. Дзякуючы нашаму менталітэту і той дзяржаўнай палітыцы, якая праводзіцца, мы жывём у згодзе і ў нас можна толькі павучыцца іншым”. Пенсіянерка Ганна Іосіфаўна Рудзевіч: “Я атрымала незабыўныя ўражанні: паспрабавала стравы з нацыянальных кухняў, паглядзела цудоўны канцэрт. “Цудоўны” кажу без перабольшвання, бо дастойна ўсё: высокі прафесійны ўзровень, прыгожыя касцюмы і, галоўнае, твары выступоўцаў – жывыя, відаць, што артысты перажываюць тое, што хочуць нам сказаць. Я радая, што прыйшла”.

-- Адбылося вялікае прыгожае свята: шматнацыянальнае, музычнае, харавое, -- выказаў сваё ўражанне старшыня журы Міхаіл Дрынеўскі. -- Цяжка вылучць найлепшых: усе дастойныя! Бачна, што ёсць рэзервы, ёсць жаданні, людзі жывуць, святкуюць на сцэне. І іх творчасць даходзіць да гледача. А калі яна кранае душу, гэта -- сапраўднае мастацтва.

12

3

54

6

6

6

910

11

1215

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

13

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться