Знакі доблесці і гонару

12 Апреля 2026 104
У залах Лідскага замка распачала работу часовая экспазіцыя «Знакі доблесці і гонару. Вайсковая форма і рыштунак к. XVIII – 1-й паловы XIX ст.».

10 сакавіка ў Лідскім замку адкрылася выстава «Знакі доблесці і гонару. Вайсковая форма і рыштунак канца XVIII – 1-й паловы XIX стагоддзя». Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей прадставіў унікальную калекцыю вайсковай формы, узнагарод і амуніцыі.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч і загадчыца аддзела «Лідскі замак» Ганна Некрашэвіч. Гродзенскую дэлегацыю прадставілі загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч і загадчык аддзела гісторыі краю Наталля Траццякевіч, якая правяла для навучэнцаў сярэдняй школы №10 горада Ліды імя А. А. Клімко першую экскурсію.

У цэнтры экспазіцыі – мундзіры, рыштунак і ўзнагароды ваенных Расійскай імперыі і іншых краін.

– Цікава тое, што частка прадметаў з выставы ўжо экспанавалася ў Мірскім замку. У Новым замку ёсць экспазіцыя «Зброя мінулых стагоддзяў», дзе размешчана форма і вайсковы рыштунак. Але не ўсе рэчы з фонда музея там прадстаўлены. І ў супрацоўнікаў установы з’явілася магчымасць паказаць гэтыя прадметы ў Міры. Выстаўка вельмі спадабалася публіцы, і з’явілася ідэя, што можна яе паказваць далей у музеях Гродзенскай вобласці. Першы горад, куды мы прыехалі, – гэта Ліда. Радуе тое, што ў Лідскім замку светлае, прасторнае памяшканне. Экспанаты ў гэтай зале вельмі прыгожа выглядаюць, іграюць фарбамі. Інтэр'ер падкрэслівае высакародны бляск металу і глыбокую фактуру матэрыялаў, – адзначае Наталля Уладзіміраўна. 

Сярод экспанатаў – аўстрыйскія боты, узоры падсумкаў і лядунок, а таксама шпоры XVII стагоддзя, якія дэманструюць пераемнасць ваенных традыцый.

Адмысловае месца займаюць узнагароды і медалі – матэрыяльныя сведчанні мужнасці і адданасці, якія фарміравалі ваенную культуру таго часу.

Выстава прыцягнула ўвагу маладых наведвальнікаў. Сваімі ўражаннямі падзяліліся вучні школы. 

– Мне вельмі спадабалася, як дэталёва прадстаўлена форма таго часу. Я захапляюся гісторыяй і тут упершыню ўбачыла не проста карцінкі з падручніка, а рэальныя рэчы – мундзіры, шпоры, узнагароды. Разумееш, што за кожным такім прадметам стаяць людзі, іх лёсы і гісторыя нашай зямлі, – сказала Варвара Шот, навучэнка 10 «А» класа.

– Мяне больш за ўсё зацікавілі медалі і нагрудныя знакі. Яны не проста прыгожыя – у кожнага з іх свая гісторыя, свая сімволіка. Такая выстава дапамагае па-іншаму паглядзець на гісторыю не як на сухія факты, а як на жыццё людзей, – адзначыла Юлія Лысых, навучэнка 10 «А» класа. 

Выстава прадоўжыцца ў Лідскім замку да 31 жніўня і абяцае стаць сапраўдным вяртаннем у эпоху, калі мастацтва і ваеннае рамяство былі непадзельныя.
Текст: Аляксандра СІДАРЭНКААляксандра СІДАРЭНКА
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться