Старажытны абрад ушанавання ўраджаю «Багач» правялі ў аграгарадку Ваверка (фото+видео)
Насамрэч, час свята даўно прайшоў: згодна з народным календаром, яно павінна было ладзіцца ў дні асенняга раўнадзенства – 22-23 верасня. Але ў Ваверскім Доме культуры палічылі, што раз вяскоўцы агарод да канца яшчэ не абралі, то і з віншаваннямі з нагоды заканчэння земляробчых работ можна пачакаць. Таму прымеркавалі свята да надыходзячага Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
– Дбайны гаспадар імкнуўся да Багача паставіць кропку ў палявых работах і нават пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар, які называўся “рагачом”, – патлумачыла загадчыца Дома культуры Рыта Вадэйка. – Нездарма ж прымаўка гучыць так: “Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку – сей памаленьку”.
Дружнай талакой работнікі Ваверскага Дома культуры разам з дзецьмі ўрачыста, з музыкай гучнага гармоніка і народнымі песнямі, пранеслі ў мінулую нядзелю па аграгарадку “багач” – сявеньку са збожжам (сімвалам багацця) і свечкай (правобраз сонца). У кожнай хаце “багач” займаў месца ў пачэсным куце. Згодна з абрадам, галава сям’і запальваў свечку, убіраючы ад агню дабрабыт, дастатак і здароўе. Пасля гэтага госці славілі руплівага гаспадара, які добра папрацаваў улетку, вырасціў і сабраў багаты ўраджай: надзявалі яму карону з каласоў, ставілі ў цэнтр і вадзілі вакол карагод, прыпяваючы дажыначныя песні.
– Традыцыйная культура беларусаў надзвычай шматгранная, – у канцы сустрэчы дадала культарганізатар Ваверскага Дома культуры Ганна Табала. – Кожны абрад усё шырэй і глыбей раскрывае адну з важных рыс нашага народа – імкненне ўсіх адарыць увагай, добрымі пажаданнямі, павіншаваць са святам і прынесці часцінку радасці ў кожную хату.
Свята Багач сёлета ў Ваверцы ладзілася другі раз. Па словах арганізатараў, абрад быў практычна забыты. Адраджаўся ён згодна з успамінамі мясцовай жыхаркі Тэрэзы Юзэфаўны Ясюкайціс. Вядома, свята зведала пэўныя змены, што звязана з асаблівасцямі часу, але сутнасць яго засталася тая ж.
Асабліва радуе тое, што ў рэканструкцыі абраду задзейнічаны дзеці – пакаленне, якому выпала захоўваць памяць і несці беларускую культуру, традыцыі продкаў у заўтрашні дзень. І прымаць удзел у свяце для юных вавярчан – гэта зусім не прымус, а асабістае жаданне. Ведаеце, сярод хлопцаў і дзяўчат нават ёсць свайго роду канкурэнцыя, "барацьба" за права ўваходзіць у святочную талаку.
…Вяртаючыся дадому, журналіст “Лідскай газеты” думаў: як добра, што засталіся людзі, сапраўды захопленыя сваёй справай, апантаныя фальклорам. Людзі, якія па крупінках збіраюць інфармацыю і імкнуцца зберагчы тую багатую спадчыну, якая дасталася нам ад нашых бабуль і дзядуль, якая адрознівае нас ад іншых народаў, робіць унікальнымі. Што тычыцца Ваверкі, то мясцовы Дом культуры з’яўляецца прыкладам для іншых у плане адраджэння традыцый і абрадаў дзядоў і прадзедаў. У мінулым годзе тут адрадзілі забыты старадаўні абрад Тры каралі, які ўласцівы менавіта гэтаму населенаму пункту, а таксама Валачобнікі, якія ладзяцца на Вялікдзень.