У рамках тура грамадзянскай паэзіі
Днямі ў раённую бібліятэку імя Янкі Купалы завіталі госці з Гродна – некаторыя сябры Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале са старшынёй аддзялення Людмілай Кебіч – і выступілі перад чытачамі і бібліятэкарамі Ліды. Выступленне гродзенскіх паэтаў і пісьменнікаў праходзіла ў рамках тура грамадзянскай паэзіі па раённых цэнтрах Гродзенскай вобласці “Пад мірным небам Беларусі”.
Спярша прысутныя пазнаёміліся з найстарэйшым з гасцей – паэтам Браніславам Ермашкевічам, які расказаў аб сваёй кнізе нарысаў “Водсвет далёкіх дзён”, напісанай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, зачытаў грамадзянскія вершы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прысвечаныя гораду Гродна, Янку Купалу, 135 год з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. Дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая азнаёміла прысутных з некаторымі сваімі апавяданнямі і казкамі. Чыталі свае вершы паэты Дзмітрый Радзівончык (намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ) і Анатоль Апанасевіч (апошні таксама зачытаў некаторыя свае афарызмы). Выступіла з вершамі грама-дзянскага гучання (на тэмы Перамогі, Чарнобыля, пра родную мову, пра сваю малую радзіму – гарадскі пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёна) і сама старшыня аддзялення Людміла Кебіч.
У канцы сустрэчы кожны жадаючы мог набыць кнігі творцаў.