У Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава, прысвечаная жывапісу, аплікацыі і цісненню на бяросце
У Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася чарговая выстава. «Звычайная справа», – скажаце вы. «Звычайная, – адкажа вам куратар выставы, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў Марына Савіцкая. – Вось толькі экспазіцыя далёка не звычайная. Яна прысвечана вельмі рэдкаму, зусім не традыцыйнаму для Беларусі рамяству – жывапісу, аплікацыі і цісненню на бяросце”.
У Лідзе людзей, якія б прафесійна захапляліся гэта тэмай, няма. Мала таго, іх па ўсёй краіне збярэцца не больш за дзесяць чалавек. Два з іх – мінчане Эма Плотнікава і Дзмітрый Зайцаў – падзяліліся сваім творчым скарбам з жыхарамі нашага рэгіёна. Гледзячы на карціны майстроў, адчуваеш хваляванне і здзіўляешся да глыбіні душы: няўжо такое магчыма?!
– Справа ў тым, што ў бяросце ёсць нейкая таямнічая сіла і энергія, – убачыўшы маю зацікаўленасць, патлумачыла Эма Плотнікава, якая прыехала ў Ліду на адзін дзень, каб правесці для навучэнцаў майстар-класы па роспісе бяросты. – Своеасаблівасць такіх карцін заключаецца ў тым, што для іх выкарыстоўваецца натуральная структура дрэва, якая надае аб'ём і асаблівую рэалістычнасць.
Прыродную манахромнасць бярозавай кары мастачка віртуозна ажыўляе тэмпернымі фарбамі. Вясковыя сюжэты з утульнымі заснежанымі хаткамі і снегірамі, берагі рэк і ўзгорачкі, велічныя будынкі архітэктуры нашай краіны: нацыянальныя славутасці, храмы, замкі, старадаўнія млыны… Кожны малюнак Эмы Плотнікавай з аднаго боку непаўторны, з другога – добра знаёмы і зразумелы нашаму чалавеку. Майстар распавяла, што жывапіс па бяросце адкрыла для сябе гадоў 20 назад. Да гэтага доўга займалася разьбой па дрэве.
Карэспандэнт “Лідскай газеты” не мог не спытаць аб ахове прыроды: дзе і як мастачка бярэ бяросту? Аказалася, яна выкарыстоўвае выключна «нежывы» матэрыял – апалую кару.
– Азы гэтага рамяства я спасцігала шляхам спроб і памылак, – дабавіла напрыканцы нашай сустрэчы Эма Плотнікава. – Вучыцца не было ў каго, паколькі ў нашай краіне гэты від жывапісу не распаўсюджаны. Але я хачу, каб ён стаў калі не традыцыйным, то больш папулярным. Таму ў Мінску я адкрыла студыю дзіцячай творчасці, дзе займаюся з хлапчукамі і дзяўчынкамі, вучу іх таму, што ўмею, перадаю свой вопыт. І, ведаеце, маладому пакаленню падабаецца працаваць з бяростай! Спадзяюся, пад яе зачараванне трапяць і лідчане.
…Бяросту называюць цёплай. Дастаткова некаторы час паглядзець на яе, патрымаць у руках – і вы, калі былі чымсьці ўсхваляваныя, адразу ж супакоіцеся. І калі чытач мне яшчэ не верыць, раю наведаць Лідскі раённы аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры – выстава “Берасцяны карунак” сардэчна запрашае аж да сярэдзіны студзеня. Упадабаныя працы можна набыць у хатнюю калекцыю, каб яны радавалі вас і вашых блізкіх святлом, каб можна было ў марах прайсці па берагах намаляванай ракі і поўнымі грудзьмі ўдыхнуць чыстае паветра ляснога ўзлеску, каб частка сапраўднай прыроды несла гармонію ў ваш дом круглы год.