Расстраляныя ў Лужку

14 Марта 2025 4945
У кіламетры ад вёскі Сялец Ганчарскага сельсавета прыпыняемся і, перайшоўшы дарогу, збочваем у лес. Яшчэ метраў сто, і мы на паляне, у цэнтры якой высіцца помнік, увенчаны чырвонай зоркай. Шыльда на помніку сведчыць, што пад ім знайшлі спачын мірныя жыхары: каля 50 яўрэяў і 13 камсамольцаў і савецкіх актывістаў, жорстка расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 ліпеня 41-га года. Навокал цішыня, маўчыць час і старыя дрэвы. А калісьці тут стаяў страшэнны гвалт, стогн, крык.

Карціну таго, як гэта было, нам дапамагае ўзнавіць кніга мясцовага краязнаўцы Міколы Дзікевіча “Сялец. Прынёманская рэчаіснасць”:

“…У тую цёплую ліпеньскую раніцу да чыгуначнай станцыі Нёман пад’ехалі тры нямецкія грузавыя машыны, крытыя брэзентам і маскіраваныя чорна-зялёнай фарбай. Праз адкрытыя заднія барты выскачыла не менш за 30 аўтаматчыкаў у камуфляжных чорных мундзірах з эсэсаўскай эмблемай – чалавечы чэрап з перакрыжаванымі касцямі”.

Спачатку немцы акружылі дом, у якім за некаторы час да гэтага загадалі сабрацца яўрэям… Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, гэта была чацвёртая спроба немцаў сабраць з яўрэяў каштоўныя залатыя рэчы як водкуп за жыццё. Тройчы яны збіралі даніну. На чацвёрты раз аддаваць ужо не было чаго.

Яўрэяў вывелі на вуліцу і пачалі строіць. Калонай павялі на станцыю. На яе тэрыторыі была яма глыбінёй у пояс. Немцы загадалі арыштаваным бегчы да знямогі па кругу і абавязкова праз яму. Пасля гэтага ў суправаджэнні аўтаматчыкаў, двух кулямётчыкаў і некалькіх сабак іх пагналі вузкакалейнай чыгункай на ўсход у невысокі лясок (па-вясковаму – Лужок) на адлегласці кіламетра ад вёскі. Калі вялі ўздоўж плоту лесазавода, рабочыя бачылі здзекі фашыстаў. У лясочку, які цяпер стаў вялікім лесам, яўрэяў па-зверску расстралялі. Страляніна была чутна над Нёманам.

У сваёй кнізе мясцовы жыхар, краязнаўца Мікола Дзікевіч, піша:

“Фашысты ў вёсцы Сялец ліхадзейна выканалі навучанні оберфашыста Герынга: “Забівайце кожнага, хто супраць вас, забівайце…”, а таксама нямецкага камандавання: “У цябе няма сэрца, нерваў, на вайне яны не патрэбныя. Знішчай у сабе спагаду і спачуванне – забівай кожнага рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табою стары або жанчына, дзяўчынка або хлопчык, – забівай, гэтым ты выратуеш ад гібелі сябе, забяспечыш будучыню сваёй сям’і і праславішся навечна”.

На жаль, адным толькі расстрэлам яўрэяў 23 ліпеня 1941 года фашысты не абмежаваліся. У іх руках ужо быў спіс мясцовых камсамольцаў і савецкіх актывістаў. Спачатку праз солтыса яны выклікалі на допыт братоў Некрашэвічаў: Аляксандра і Мікалая. Аляксандр быў старшынёй Нёманскага сельвыканкама, яго брат – сакратаром, а потым ляснічым. Маладых мужчын дапыталі і адпусцілі. Нічога не падазраючы, яны пайшлі за раку сенаваць. Назначаныя далей па спісу сяльчане ўжо без асаблівай асцярогі падаліся на допыт, але іх затрымлівалі. Нарэшце немцы загадалі цешчы Аляксандра Некрашэвіча пайсці за Нёман і паклікаць братоў у другі раз, настрашыўшы яе расстрэлам дачкі і ўнучкі.

Сярод арыштаваных была і Алена Манькоўская – дачка рэвалюцыянера-падпольшчыка, камуніста Мікалая Манькоўскага, расстралянага польскімі ўладамі ў 1933 годзе. Алена пайшла по слядах бацькі, з’яўлялася камсамолкай і актывісткай, дэлегатам першага Народнага сходу пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, дэпутатам Баранавіцкага абласнога Савета дэпутатаў. 

Машына-будка пад’ехала да хаты, дзе жылі Манькоўскія. Немцы вывелі на вуліцу 19-гадовую Алену. Услед кінулася маці: прасіла, маліла, станавілася на калені, каб адпусцілі дачку. Але немец наставіў аўтамат, штурхнуў жанчыну і тая ўпала на зямлю. Аслабеўшая Алена не магла падняцца на прыступак машыны. Немец прыкладам падштурхнуў яе.  

Усяго ў той дзень арыштавалі 13 чалавек сяльчан. 

Пад узмоцненай аховай іх завялі ў той жа лясок (Лужок), да той жа ямы, што і яўрэяў. Адзін з арыштаваных, Аляксандр Некрашэвіч, паспрабаваў уцячы і ўжо адбег даволі далёка. Але нізкарослы хвойнік не схаваў яго ад варожай кулі. Нежывога немцы прыцягнулі за рукі і ўкінулі ў яму. Цішыню разарвалі смяротныя стрэлы. Скончыўшы справу, немцы засыпалі яму вапнай і пяском. 

Усё гэта бычыў пастух, які непадалёк пасвіў кароў. Была і яшчэ адна сведка – дзяўчынка Соня Венская, якая бегла за бацькам і бачыла сцэну жудаснай расправы. Праз нейкі час да месца расстрэлу прыйшлі сяльчане, адкапалі яму і жахнуліся ўбачанаму. Там і засталіся аднавяскоўцы ляжаць.

Іх прозвішчы і сёння можна даведацца на шыльдзе. Гэта камсамольцы Яўгеній Бурдун і Яўгеній Кудаш, Пётр Дурэйка, Алена Манькоўская, Міхаіл Марцінкевіч, актывіст, член КПЗБ Іосіф Клейда, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, старшыня камітэта беднаты, член КПЗБ Сцяпан Марцюк, старшыня Нёманскага сельвыканкама, адначасова і першы старшыня калгаса “Чырвоны Сялец” Аляксандр Некрашэвіч, яго брат Мікалай Некрашэвіч, сакратар Нёманскага сельвыканкама Мікалай Федзюкевіч, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі Сільвестр Шэшка і звычайныя вяскоўцы-сяляне Ксаверый Сабоста і Фабіян Венскі.

На месцы расстрэлу ў 1957 годзе быў пастаўлены помнік. Пазней, у 1967 годзе, некалькі мясцовых аб’яднаных калгасаў сталі насіць імя Манькоўскіх – у памяць аб подзвігу бацькі і дачкі дзеля светлай будучыні мясцовых жыхароў. 

Сёння помнік выглядае дагледжаным. Шэфства над ім трымаюць Ганчарскі сельвыканкам і мясцовая гаспадарка “Беліца-Агра”, Ганчарская сярэдняя школа. Іх сіламі на тэрыторыі рэгулярна наводзіцца парадак. Дарэчы, як паведаміў карэспандэнту старшыня Ганчарскага сельвыканкама Валерый Калодка, сёлета помнік плануецца абнавіць, на яго рамонт Лідскім райвыканкамам выдаткаваны сродкі.

Краязнаўца Мікола Дзікевіч напісаў у сваёй кнізе: “Людзі не верылі ў рэальную сустрэчу з фашызмам твар у твар. Чыталі газеты і кнігі пра фашыстаў, і ў іх свядомасць не ўваходзіла, што фашызм побач, а не дзесьці далёка. Хочацца спадзявацца, што нас болей не напаткае такое ліхалецце, калі жанчыны рвуць на галаве валасы, чуецца душараздзіраючы крык, лямант, стогн”. 


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться