У Лідскім раёне адбылося «Свята калодзежа»

04 Августа 2016 2405

У аграгарадку Пескаўцы адбылося «Свята калодзежа». Паглядзець цікавую праграму ў мінулую суботу сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, моладзь, але і шматлікія госці. Хлебам-соллю сустракалі прысутных вядучыя. Дзень выдаўся спякотны, але сцю-дзёная вадзіца добра ратавала ад смагі.

Калодзеж, студня, калодзезь… Аб тым, што ўсе гэтыя назвы маюць рознае значэнне, расказала культарганізатар філіяла “Пескаўскі Дом культуры” Галіна Сафонава. – Многія людзі мараць дакрануцца да тайны, – гаварыла Галіна Фёдараўна. – І ім здаецца, што іх мара знаходзіцца недзе далёка, за сям’ю морамі. Але ў сапраўднасці варта толькі крыху ад’ехаць ад горада… А тайна стаіць ля дарогі, вабячы падарожнікаў папіць жыватворнай вадзіцы. Гэта – звычайны калодзеж. Менавіта з ім звязана большасць паданняў і легенд. Калодзезь – гэта крыніца, выток, ручай. А студня, ці калодзеж, – зруб ці каменная труба для здабывання вады. Але вяскоўцы ўсё роўна называюць яго чамусьці калодзезем.

Нездарма кажуць: «Хлеб – бацька, а вада – маці». Пазнаёміла гледачоў вядучая і з гісторыяй паходжання назваў, паведаміла пра паданні і легенды – пра ўсё тое, што звязвае людзей з гэтым важным вытокам. Віталі гаспадароў, жадалі ім здароўя, дабрабыту і ўдзельнікі спецыяльнага абраду. Гаспадары чэрпалі жыватворную сцюдзёную ваду з ужо асвячоных калодзежаў, частавалі людзей.

А пакуль удзельнікі свята віталі адзін другога, для іх гучалі даўно знаёмыя песні. «Цячэ вада ў ярок», «Крынічанька», «Два берагі», «Цячэ рэчанька» запявалі ўдзельнікі гуртка «Спявай, душа» і аматарскага аб’яднання для пажылых людзей «Суседзі» з вёскі Панямонцы. Удзячныя гледачы падпявалі, частаваліся святой вадзіцай, а потым неслі яе з сабою дамоў. Бо, як адзначыла вядучая: “Дзе хлеб ды вада, там і жыццё!”

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться