Як ты атрымаў прапіску ў Лідзе, бронзавы Скарына?
На працягу амаль паўгода вучні 4 “В” класа (беларускамоўнага) СШ №17 пад кіраўніцтвам настаўніка Святланы Іосіфаўны Радзюкевіч даследавалі гісторыю помніка Францыску Скарыну ў Лідзе. Цяжкасць работы заключалася ў тым, што прадмет даследавання на ўзроўні нашага горада раней не вывучаўся. Чацверакласнікі 17-й школы сталі ў гэтай справе першапраходцамі.
Першаснае ўяўленне аб беларускім першадрукары вучні 4 “В” класа атрымалі яшчэ з буквара, у час пазакласных мерапрыемстваў не раз бывалі з настаўніцай каля помніка. Як вядома, помнік Францыску Скарыну ў Лідзе – другі ў Беларусі помнік гэтаму выдатнаму асветніку (першы быў узведзены ў 1974 годзе ў Полацку, на яго малой радзіме). Чаму манумент Скарыну з’явіўся і ў нашым горадзе, які, здаецца, не мае ніякага дачынення да жыцця і дзейнасці першадрукара? Школьнікі задаліся гэтым пытаннем, і так узнікла ідэя даследаваць гісторыю помніка Скарыну ў Лідзе. Дарэчы, гэта быў першы вопыт даследчай работы для гэтых дзяцей. Пры напісанні работы былі выкарыстаны публікацыі з “Лідскай газеты” і “Лідскага летапісца”, архіўныя дакументы Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
– Гістарычнага сведчання таго, што Францыск Скарына быў у нашым горадзе, мы не знайшлі, – расказвае Святлана Іосіфаўна. – Аднак ёсць дакументы, у якіх гаворыцца, што ў часы Скарыны праз Ліду праходзіў шлях з Кракава ў Вільню, так званы “Каралеўскі тракт”. Магчыма, Скарына ехаў вучыцца з Полацка ў Кракаў праз наш горад, а таксама дабіраўся з Кракава і Прагі ў Вільню старадаўнім гасцінцам праз Ліду. Але пакуль што гэтыя меркаванні некаторых вучоных не маюць прамых доказаў.
З архіўных матэрыялаў музея вучні даведаліся, што ў нашым горадзе існуе таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. У свой час яго ўзначальваў грамадскі дзеяч, педагог, паэт Міхась Мельнік. Менавіта ён у канцы 1989 года выступіў з прапановай устанавіць у Лідзе помнік знакамітаму беларусу. Выдатны вобраз Скарыны ў бронзе стварыў скульптар з Мінска Валяр’ян Янушкевіч. Архітэктурнае аздабленне тэрыторыі каля помніка, устаноўка манумента праводзіліся пад кіраўніцтвам нашага лідскага мастака Рычарда Грушы. На інфармацыйным сайце нашага горада школьнікі праглядзелі відэафільм і даведаліся, што ўрачыстае адкрыццё помніка Францыску Скарыну ў Лідзе адбылося 25 ліпеня 1993 года.
Юным даследчыкам таксама стала вядома, што помнік уваходзіць у склад турыстычных маршрутаў па нашым горадзе, 25 ліпеня 2013 года ў Лідзе было ўрачыста адзначана 20-годдзе з дня яго адкрыцця, а ў 2015 го-дзе Міністэрства адукацыі апублікавала спіс экскурсійных аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання вучнямі ўстаноў адукацыі, у якім школьнікам прапануецца наведаць і помнік Скарыну ў нашым горадзе.
– Варта назваць імёны дзяцей, якія прынялі актыўны ўдзел у даследаванні, – гаворыць Святлана Радзюкевіч. – Гэта Вадзім Грэбеннікаў, Маргарыта Юхнік і Валерыя Сушко-Сурконт. Даследаванне закончана, і цяпер наша задача – дзяліцца набытай інфармацыяй. На падставе яе мы выдалі буклеты, якія дапамогуць людзям больш даведацца аб помніку Францыску Скарыну ў Лідзе. Гэтымі буклетамі мы плануем падзяліцца з раённай дзіцячай бібліятэкай, лідскімі турыстычнымі агенцтвамі.