І зноў над Ганчарамі спявала каса

09 Июля 2026 344
Сонца залівае зялёны луг, у паветры – салодкі водар свежаскошанай травы, а над усім гэтым – чысты, звонкі металічны гук. Гэта не проста праца – гэта музыка, якой яшчэ не так даўно жыла беларуская вёска. І менавіта ў аграгарадку Ганчары гэта музыка днямі гучала наймацней – падчас раённага конкурса ручной касьбы «Звініць каса – жыве вёска!»

Урачыстае шэсце касцоў адкрыла конкурс. Кожны з удзельнікаў выходзіў на поле з касой. А суправаджалі іх групы падтрымкі.

«Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы», – гэтыя радкі, як ніколі, дарэчы. Перад гледачамі прайшлі сапраўдныя асілкі: ад маладых хлопцаў, якія толькі пазнаюць дарослае жыццё, да сталых мужчын, якія не адну дзялку паклалі. У кожнага – свой гонар, свой стыль, але ўсіх аб’ядноўвае адно: любоў да роднай зямлі і жаданне працаваць з шырокай беларускай душой.


Сёлета свята сабрала гасцей не толькі з Лідскага раёна, але і з розных куткоў Беларусі. Ужо дзясяты год запар мерапрыемства не проста забаўляе, а выконвае высокую місію: захаванне старажытных традыцый, павышэнне іміджу сельскай працы і развіццё спартыўнай касьбы як новага экалагічнага віду спорту.

Хто ж яны, сённяшнія героі дня?.. Дарэчы, перад імі стаяла задача не проста скасіць траву. Трэба было паказаць класічны захват, правільны строй і, галоўнае, каб каса была вострая, як язык у добрай суседкі, а спіна не балела, як у дзеда пасля доўгай зімы!

Вось Генадзь Васілеўскі з Дзітвы – чалавек пажылы, але малады душой. Яго ахарактарызавалі вершам: «Ён і плотнік, і сталяр, вельмі добры гаспадар!» Сяргей Загдай з Ганчароў – пастаянны ўдзельнік, якому важна не проста перамагчы, а праверыць сябе. Браты Кель – Аляксандр і Віталій – атрымалі навык ад бацькі Эдуарда Дамінікавіча, які сам калісьці выходзіў на гэты конкурс. «Касіць – справа не абы-якая, мужчынская справа, тут трэба і сіла, і спрыт», – запэўніваюць яны. Асаблівую ўвагу прыцягнуў Сяргей Журко. Чаму? Бо ўвесь яго вольны час займае разьба па дрэве, тонкая, ювелірная праца. І вось, трымаючы касу ўпершыню за дваццаць гадоў, ён выйшаў праверыць сябе: ці зможа майстар па дрэве стаць майстрам па касьбе? 

У Год беларускай жанчыны асаблівыя словы Аксане Вцюрынай. Яна ўпершыню выйшла на сенажаць у 2019-м і адразу заваявала 2 месца! Дзядуля навучыў яе не проста трымаць касу, а адчуваць яе. Яе рукі, звыклыя да жаночых клопатаў, упэўнена трымаюць і перфаратар. Аксана – увасабленне шматграннасці беларускай жанчыны, якая здольная справіцца з любой працай і заўсёды імкнецца да новых вяршынь.

Пакуль касцы спаборнічалі ў сіле і спрыце, для гасцей працавалі сапраўдныя школы народнага майстэрства. Майстар-клас па кляпанні касы (навука, якой валодаюць адзінкі!) прыцягваў увагу мужчын. Жанчыны з захапленнем асвойвалі старажытныя тэхнікі травапляцення і вырабу лялек з сена. Дарэчы, такая праца – не проста творчасць, а старажытнае мастацтва, якое сёння перажывае другое нараджэнне!

Папулярнасць травяных напояў расце, і мясцовыя гаспадыні з Ваверскага Дома культуры частавалі гасцей духмянай гарбатай з зёлак. 

Квас у гліняных збанах, які падносілі касцам жанчыны ў нацыянальным адзенні, вяртаў нас у тыя часы, калі сенакос быў не проста працай, а сапраўдным агульным святам.

І вось у цэнтры ўрачыстасці – пераможцы. Журы вызначыла найлепшых. Першае месца дасталася Станіславу Ждонцу з Верх-Ліды. Другое – Сяргею Загдаю з Ганчароў. Трэцяе месца падзялілі Аксана Вцюрына (Ганчары) і Віталій Кель з Дзітвы.


Аднак галоўны вынік конкурсу вызначылі не лічбы, а настрой. Свята паказала, што ўменне касіць уручную – гэта не сівая даўніна, а пацвярджэнне вельмі важнай жыццёвай сувязі з продкамі. Не так важная перамога, галоўнае – удзел, жаданне быць часткай вялікай беларускай традыцыі.

Гаспадары з КСУП «Беліца-Агра» запрасілі ўсіх на сапраўдную вясковую вячэру, пацвердзіўшы народную мудрасць: «Хто як лыжку ў рот носіць, той так і косіць!» Фінальным акордам свята стаў канцэрт народнага ансамбля музыкі «Прынямонцы» Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Пад гэтыя гукі душа спявала разам з травой і небам.

Ганчары зноўку сталі кропкай захавання традыцый, сілы і гонару. А прыгожае свята касьбы, якое зладзілі работнікі мясцовага Дома культуры, даказала: пакуль звініць каса – наша вёска будзе жыць!






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться