Кветкі на сетцы: як на Лідчыне адраджаюць унікальнае рамяство стварэння сеткавых абрусаў

19 Июля 2026 2864
Уявіце, што вы зайшлі ў пакоі, залітыя святлом, а на стале і ложку рознакаляровымі фарбамі распусціліся кветкавыя ўзоры, зоркі, геаметрычныя завіткі. Убачанае – гэта не казка і не сучасны дызайнерскі праект, а адна з самых чароўных з’яў беларускай культуры – сеткавыя абрусы. Карэспандэнт “Лідскай газеты” завітала ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды і даведалася падрабязнасці аб культурнай спадчыне беларускага народа.

Асабістым правадніком у свет народнай творчасці выступіла Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Абрус – у кожны дом

Сеткавыя абрусы і посцілкі – сапраўдны феномен народнага тэкстылю сярэдзіны ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне.

– Выраблялі абрусы амаль у кожным раёне вобласці. Для жанчыны валоданне такімі вырабамі было справай гонару і паказчыкам яе майстэрства, працавітасці і густу. Гэта быў не проста прадмет побыту, а сапраўдны твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – тлумачыць Ірына.



Матэматыка і паэзія: як стваралася аснова

– Спосаб стварэння асновы даволі марудны, але тэхналагічна просты, – тлумачыць Ірына Маркаўна, разгортваючы перада мною ўзоры. – Спачатку рыхтавалі спецыяльную драўляную раму ў выглядзе прамавугольніка, разлічанага на натуральны памер будучага вырабу. Уздоўж яе на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго (1-2 см) набівалі звычайныя цвічкі. І толькі пасля гэтага пачыналася доўгая праца: навіўка асновы з баваўняных нітак.

Самыя папулярныя колеры нітак для асновы – чорныя і белыя, аднак сустракаюцца таксама жоўтыя і шэрыя з розным адценнем. 

– Рукадзельніцы выкарыстоўвалі бавоўну рознай таўшчыні: папулярныя былі ніткі №20, №10, а таксама ірысавыя ніткі.

Сакрэт «сняжынкі» і жывы арнамент

Распавяла майстар народных мастацкіх рамёстваў і пра тонкасці атрымання пэўных эфектаў.

– Існавалі два асноўныя варыянты фактуры асновы: класічная квадратная і складаная – у «сняжынку». У апошнюю, акрамя стандартнай клеткі, дадаваліся ніткі дыяганалі, што стварала эфект глыбіні і складанай геаметрыі. Для больш пяшчотнай, ажурнай фактуры аснову нацягвалі ў адну нітку, для шчыльнай і трывалай – у дзве або тры.
Самае галоўнае правіла – злучыць ніткі паміж сабою такім чынам, каб сетка заставалася нерухомай і не «паплыла», захоўваючы свае якасці і геаметрыю нават пры частым выкарыстанні і мыцці. Ужо на гэтую ідэальную сетку-аснову майстрыхі накладалі кветкі, зоркі і ўзоры, выкарыстоўваючы тэхнікі вышыўкі і запаўнення клетак, ператвараючы строгую матэматыку ў сапраўдную паэзію.

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры распачалася праца над вывучэннем і адраджэннем тэхнікі стварэння абрусаў на раме. Установы культуры раёнаў Гродзенскай вобласці падтрымалі гэтае імкненне і добрую справу, прадаставіўшы для вывучэння свае фонды. 

– Наша задача – зрабіць фотакаталаг, які адлюстроўвае арэол бытавання рукадзелля, зафіксаваць носьбітаў рамяства, апісаць працэс запраўкі рамы, тэхнікі вышыўкі і аздаблення, але спачатку навучыцца дасканальна вырабляць копіі фрагментаў ¼ фармата, паколькі абрусы маюць сіметрычную кампазіцыю, а толькі потым працаваць над цэлым вырабам у натуральную велічыню, – дзеліцца планамі Ірына Дыдышка. – Канечне, запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да вывучэння такога незвычайнага  і прыгожага накірунку рукадзелля, прыходзіць у аддзел рамёстваў і трыдыцыйнай культуры, дзяліцца інфармацыяй. Разам мы, несумненна, здольны захаваць культурны скарб былых пакаленняў, якім трэба ганарыцца!



Текст: Аляксандра ЦВІРКУНАляксандра ЦВІРКУН
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться