Захавальніца часу: у філіяле №4 Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы адбылася вечарына Наталлі Анашкевіч

20 Июля 2026 3067

У філіяле № 4 Лідскай раённай бібліятэкі прайшла чарговая сустрэча ў межах літаратурнай гасцёўні «Выхад у свет». Яе галоўнай гераіняй стала вядомая ў горадзе асоба — краязнаўца, публіцыст і педагог Наталля Анашкевіч. Імпрэза сабрала неабыякавых аматараў да паэзіі і краязнаўства. Яны прыйшлі пачуць жывыя галасы гісторыі пераплеценыя з сямейнымі ўспамінамі і паэзіяй.

Першая частка вечарыны мела незвычайную назву — «Музей у чамадане». І гэты «музей» аказаўся напоўнены сапраўднымі скарбамі. Наталля Мікалаеўна дастала з сямейнага архіва рэчы, якія гавораць больш за любыя дакументы. Увагу гасцей прыцягнуў вышываны абрус з вішнямі — яго ўласнымі рукамі стварыла бабуля Анюта яшчэ ў даваенныя гады. Асабліва кранулі прысутных вершы свекрыві Яўгеніі Васільеўны, напісаныя ў дзявоцтве, якія гаспадыня сустрэчы сабрала і аформіла ў адзіную кнігу для сям'і. У дадатак — фотаздымкі продкаў аж да чацвёртага калена, якія ператварылі сустрэчу ў сапраўднае падарожжа ў мінулае.

Аднак на гэтым таленты Наталлі Анашкевіч не скончыліся. Яна прадставіла прысутным і сваю фотавыставу, дэманструючы не толькі здольнасці даследчыка, але і тонкае мастацкае вока фатографа.

Наталля Мікалаеўна — натура шматгранная. Паводле прафесіі яна настаўніца сярэдняй школы №11 г. Ліды, аднак яе сапраўднае пакліканне — краязнаўства. За плячыма ў яе ўжо чатыры кнігі па гісторыі Лідчыны і публіцыстыцы, а таксама роля ўкладальніка двух паэтычных зборнікаў.

Адзін з іх — кнігу «У сузор’і Жанчыны» — Наталля Анашкевіч прэзентавала на імпрэзе асабіста. На сцэну выйшлі аўтары вершаў, што ўвайшлі ў зборнік, яны чыталі свае творы, расказвалі гісторыі іх напісання. Вечарына атрымалася цёплай, духоўнай і сямейнай, пакінуўшы ў сэрцах гасцей жаданне часцей зазіраць у свой уласны «чамадан» памяці.


Текст: Галіна Антонава, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі г. СмаргоньГаліна Антонава, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі г. Смаргонь
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться