Праваслаўная кніга – шлях да дабра і міру

21 Марта 2023 749
17 сакавіка ў епархіяльнай бібліятэцы пры Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы г. Ліды, якая дзейнічае пры філіяле «Лідская гарадская бібліятэка №4», распачаў сваю працу выставачны праект «Праваслаўная кніга – шлях да дабра і міру».

Яго арганізатары – Лідская епархія Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы і ДУК «Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы».
Праект прымеркаваны да важнай культурнай падзеі – Дня праваслаўнай кнігі, які сёння арганічна ўплятаецца ў Год міру і стварэння. З’яўляючыся скарбніцай высокай культуры, сапраўдных ведаў і непарушнай маральнасці, кніга і чытанне закліканы ствараць сучаснасць з клопатам пра будучыню, дапамагаючы чытачу ўсведамляць і ўбіраць веліч духоўна-маральнай спадчыны народа, вопыт папярэдніх пакаленняў.

Праведзенае ў дзень адкрыцця праекта мерапрыемства ўключала ў сябе прэзентацыю двух выстаў: старадрукаванай царкоўнай кнігі і праваслаўнай літаратуры сучаснай рэдакцыі.

Цікавым і змястоўным стала выступленне сакратара Лідскай епархіі протаіерэя Максіма Цыгеля, які паведаміў прысутным пра значэнне Бібліі ў духоўным і свецкім жыцці чалавека, а таксама пазнаёміў са старадаўнімі рэлігійна-царкоўнымі выданнямі, якія адрозніваюцца ўнікальнай культурай кнігадрукавання.

Сучасныя выданні праваслаўнай літаратуры, прадстаўленыя ў другой экспазіцыі выставы, значна адрозніваліся ад выданняў першай. Гэта яркія, маляўнічыя кнігі з фонду епархіяльнай бібліятэкі, які налічвае больш за дзве тысячы экзэмпляраў, не лічачы электронных носьбітаў, часопісаў і календароў. У шматлікім кніжным матэрыяле адлюстраваны шлях Беларускай Праваслаўнай Царквы, гісторыя і лёс яе храмаў і святынь. Экспануюцца «Жыціі» вялікіх беларускіх падзвіжнікаў і святых. Асобна выдзелена праваслаўная мастацкая літаратура для дзяцей.

Агляд кніжных навінак праваслаўнай літаратуры ад беларускіх і расійскіх выдавецтваў прадставіла бібліятэкар філіяла «Лідская гарадская бібліятэка № 4» Анастасія Смаляк.

З мэтай выхавання беражлівых адносінаў да духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа з 17 па 24 сакавіка будуць арганізаваны сустрэчы духавенства Лідскай епархіі з навучэнцамі дзяржаўных устаноў адукацыі г. Ліды, якія змогуць адкрыць для сябе шмат новага і цікавага, а таксама атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.

З выставай можна азнаёміцца па адрасе: горад Ліда, бульвар князя Гедыміна, 5.

Тэлефон для даведак: 62-61-18.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться