«Прыемна бачыць столькі людзей, верных мастацкаму слову». У госці да лідскіх літаратараў прыехалі паэты з Гродна

08 Июля 2022 1901
Чарговы сезон творчых сустрэч у рамках дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” завяршыўся сустрэчай з дэлегацыяй пісьменнікаў з Гродна, якая адбылася ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

У госці да сяброў “Суквецця” прыехалі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” паэтэса Людміла Кебіч, паэтэсы Людміла Шаўчэнка, Вікторыя Смолка.

 На сустрэчы прысутнічала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара – галоўнага рэдактара па друкаваных СМІ ДУ “Рэдакцыя “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч. У сваім прывітальным слове Кацярына Адамаўна адзначыла, што ёй прыемна бачыць у канферэнц-зале столькі людзей, якія застаюцца вернымі мастацкаму слову, падкрэсліла, што вершы лідскіх паэтаў рэгулярна друкуюцца на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты”, падзякавала гасцям з Гродна за тое, што знайшлі час прыехаць, а таксама падзялілася задумкай арганізаваць творчы конкурс да 700-годдзя Ліды, якое будзе адзначацца ў наступным годзе. 

 Музычным падарункам для прыезджых паэтаў стала песня “Не прадаецца хата бацькоў” у выкананні вакальнай групы “Вяснянка” ў складзе Людмілы Краснадубскай, Галіны Кобзы і Станіславы Бобрык. 

 Затым слова ўзялі госці. Яны адзначылі, што заўсёды рады сустрэчам з лідскімі калегамі па літаратурным цэху. У гэтым годзе адбылося шмат цікавых, памятных падзей у жыцці Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пандэмія спала, і з вясны стала праводзіцца больш культурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх актыўна ўдзельнічалі і пісьменнікі Гродзеншчыны. З апошніх – літаратурная імпрэза ў Доме-музеі Максіма Багдановіча (да 105-годдзя з дня смерці паэта), фестываль нацыянальных культур у Гродне, фестываль беларускай музыкі і песні ў Маладзечне. 

 Госці з абласнога цэнтра прэзентавалі сёмы нумар альманаха “На нёманскай хвалі”, у якім прадстаўлены амаль усе жанры літаратуры, змешчаны творы каля сарака аўтараў. 
Людміла Кебіч азнаёміла прысутных са сваёй новай кнігай – кнігай нарысаў “Пакінуць след на зямлі”. Людміла Шаўчэнка расказала пра свае сем паэтычных кніг, сярод якіх ёсць кнігі і для дарослых, і для дзяцей. Пазнаёміліся суквеццеўцы і з самай маладой не толькі ў Гродзенскім аддзяленні СПБ, але і ва ўсім Саюзе пісьменнікаў Беларусі паэтэсай Вікторыяй Смолка, якае кіруе гуртком “Вершаваная музыка” ў адной са школ Гродна, з’яўляецца аўтарам кнігі паэзіі “Зоркаму сэрцу”. 

 Кожны з прыезджых паэтаў зачытаў асобныя свае вершы. Паэты Лідчыны, у сваю чаргу, мелі магчымасць зачытаць свае вершы гродзенскім калегам, атрымаць ад іх парады.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться