«Славу свайму гораду пяю». А што вы ведаеце пра песню-гімн Ліды?

06 Июля 2021 1798

Кожны горад, і вялікі, і маленькі, мае свае сцяг, герб і гімн. Ліда не выключэнне. Хто з лідчан не ведае герб і сцяг свайго горада? Напэўна, мала такіх знойдзецца. А вось афіцыйнага гімна наш горад не мае.

А як жа песня “Слаўся, Ліда!” на музыку Вячаслава Пыпеця, словы Ганны Баборык? Гэта ж візітная картка нашага горада. Яна заўсёды гучыць на значных раённых мерапрыемствах і з’яўляецца галоўнай песняй святкавання Дня горада. Тэкст гэтай песні размешчаны на стэндзе ў фае Палаца культуры побач з тэкстам Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, разам з гербам і сцягам горада Ліды. Гэта ўсё так, але песня “Слаўся, Ліда!” , на жаль,  не мае афіцыйнага статусу гімна нашага горада.

Гэта выдатная песня, і я заўжды з захапленнем слухаю яе. Я нават правяла даследаванне, каб даведацца як мага больш пра яе, пра аўтараў і гісторыю стварэння, пра значнасць галоўнай песні ў жыцці горада і яго жыхароў. Мая даследчая праца заняла прызавыя месцы на раённым этапе VIII адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, а таксама на IX адкрытай раённай канферэнцыі даследчых работ “Прыступкі да навукі”.

У час  працы я даведалася, чым песня адрозніваецца ад гімна і ці мае песня “Слаўся, Ліда!” жанравыя асаблівасці гімна. Тэкст складаецца з трох куплетаў. Першы адлюстроўвае Ліду як старажытную і маладую, прыпеў славіць Ліду і адлюстроўвае стаўленне лідчан да свайго горада. У другім куплеце згадваецца Вялікі князь Гедымін – заснавальнік нашага горада, а таксама Магдэбургскае права, дзякуючы якому горад удастоіўся пячаткі і герба. Тэкст двух куплетаў падводзіць да кульмінацыі трэцяга, сэнс якога не можа не зразумець кожны жыхар нашага горада. Мелодыя песні «Слаўся, Ліда!» напісана ў 4-дольным памеры, мае пункцірны рытм, характэрны для марша, а таксама ў мелодыі мінімум распеваў – гэта значыць, што адна нота роўная аднаму складу. Дзякуючы гэтаму мелодыя запамінаецца, напяваецца, пад яе лёгка маршыраваць. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што наша песня мае шмат жанравых асаблівасцей гімна.

Як жа з'явілася песня «Слаўся, Ліда!»?

У пошуках адказу на гэтае пытанне мне дапамаглі ў Палацы культуры горада Ліды. Я даведалася, што ў ліпені 2008 года аддзелам культуры райвыканкама, раённым Домам культуры і арт-майстэрняй «МузАльянс» быў аб'яўлены адкрыты конкурс на стварэнне песні-гімна аб сваім горадзе і раёне. У конкурсе ўдзельнічала шмат песень лідскіх паэтаў і кампазітараў, але званне лаўрэата I ступені атрымала песня «Слаўся, Ліда!». Музыку да яе напісаў Вячаслаў Пыпець, словы – Ганна Баборык. Песня ўпершыню была выканана на тэатралізаваным адкрыцці юбілейных святкаванняў з нагоды 685-годдзя горада Ліды і з таго часу стала яго візітнай карткай.

Нельга не расказаць пра аўтараў гэтай песні. Вячаслаў Анатольевіч Пыпець – музыкант, аўтар музыкі да 16 спектакляў і пастановак, кампазітар і аранжыроўшчык больш за 200 песень, сярод якіх шмат прысвечаных гораду Лідзе, заснавальнік тэатра песні “Ліда-Мюзікл”, ініцыятар і аўтар творчага праекта – арт-майстэрні “МузАльянс”. З Ганнай Уладзіміраўнай Баборык я звязалася праз сацыяльныя сеткі, а потым і па мабільнай сувязі. Я даведалася, што Ганна Уладзіміраўна зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку і жыве ў пасёлку Першамайскі. Яна шмат гадоў працавала галоўным спецыялістам аддзела культуры Лідскага райвыканкама, была салісткай народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”. На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці напісала шмат вершаў. Некаторыя з іх друкаваліся ў літаратурна-мастацкім зборніку “Ад лідскіх муроў”, у зборніку вершаў лідскіх паэтаў “Мой любы горад”.

Песня-гімн “Слаўся, Ліда!” кранае сэрца і душу кожнага госця і жыхара горада сваёй меладычнасцю, урачыстасцю, натхнёнасцю. Яна абавязкова павінна ўвайсці ў гісторыю нашага горада і звацца яго гімнам! Пройдуць гады, вырасце новае пакаленне, магчыма, зменіцца аблічча нашага горада. Але мне хацелася б, каб гімн «Слаўся, Ліда!» па-ранейшаму гучаў на ўрачыстых мерапрыемствах і натхняў лідчан, падштурхоўваў да новых  дасягненняў і вышынь, якія б славілі Ліду не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і далёка за яе межамі.

Текст: Дар'я ЦэхановічДар'я Цэхановіч
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться