Зірнуць – і адчуць водар лета. У Лідзе працуе выстаўка аб’ёмнай вышыўкі атласнымі стужкамі «Колер любімых кветак»
Выстаўка вышытых карцін таленавітай жыхаркі гарадскога пасёлка Рось Ірыны Пекар адкрылася ў раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. І адразу тут стала ярчэй, святлей, радасней. Таму што свае бутоны на карцінах, паштоўках, ігольніцах, шкатулках распусцілі дзесяткі кветак: цюльпаны, бэз, півоні, макі, васількі, рамонкі і іншыя.
– Вышыўка – адзін з самых першых відаў мастацтва, які нашыя продкі выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання адзення і побыту. Сярод розных тэхнік адно з вядучых месцаў заўсёды займала вышыўка менавіта стужкамі. Яна даступная для кожнага, вырабы атрымоўваюцца прыгожымі і маляўнічымі, – адзначыла малодшы навуковы супрацоўнік раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая.
Дзякуючы менавіта сваёй даступнасці і зразумеласці выстаўка аб’ёмнай вышыўкі атласнымі стужкамі «Колер любімых кветак» будзе цікавая ўсім: і дарослым, і дзецям, як для педагогаў і навучэнцаў мастацкіх школ, так і для простых абывацеляў. Адны змогуць вывучыць вопыт іншага майстра, другія – падгледзець ідэю для хобі.
Усяго ў выставачнай зале прадстаўлена 50 работ. У асноўным – гэта вырабы Ірыны Пекар. Але ёсць некалькі карцін, аўтарамі якіх з’яўляюцца ўдзельнікі творчай майстэрні «Узоры», кіруе якой, дарэчы, сама Ірына Пекар.
…Аб таленце майстрыхі і яе навучэнцаў з гарадскога пасёлка Рось можна казаць доўга, але лепш ўбачыць сваімі вачыма. Выстаўка «Колер любімых кветак» у Лідскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры будзе працаваць да канца чэрвеня.