Абяцае быць весела і разнастайна. У Лідзе адкрыў новы сезон культурна-турыстычны праект “Замкавы гасцінец”
Наўрад ці ў нашым рэгіёне, ды і ў бліжэйшых раёнах, знойдзецца чалавек, які не чуў бы аб гэтым унікальным не толькі для Лідчыны, але і для ўсёй Гродзенскай вобласці праекце. Гараджане даўно празвалі вуліцу Замкавую мясцовым Арбатам. І вось пасля дзевяцімесячнага “адпачынку” культурна-турыстычны праект “Замкавы гасцінец” адкрыў новы сезон. Як і ў мінулым годзе, на працягу ўсяго лета каля сцен галоўнай славутасці – Лідскага замка – кожныя выхадныя з раніцы і да позняга вечара будуць працаваць рамеснікі, гульнёвыя пляцоўкі, атракцыёны, гучаць музыка.
– Праект будзе здзіўляць праграмамі, святамі і фестывалямі на працягу ўсяго турыстычнага сезона, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Марыя Дукі. – Праграма распісана на тры месяцы і ўключае мерапрыемствы, якія спадабаліся лідчанам па выніках двух мінулых сезонаў, а таксама новыя актывацыі. З вядомых абавязкова правядзем сямейны фестываль “Планета забаў”, Купалле, некалькі дыскатэк у сценах замка. З новых: каля доміка Таўлая кожныя выхадныя ўсіх жадаючых будзе запрашаць этна-пляцоўка “Танцум па-даўнейшаму”. Вучыць танцам лідчан і гасцей горада будуць спецыялісты з Мінска, а таксама ўдзельнікі вядомага нашага гурта “Талер”. Чаму мы робім акцэнт менавіта на гэтым накірунку, патлумачу: у Лідзе праводзіцца абласны фестываль побытавых танцаў, і хочацца, каб ім пранікліся, яго падтрымалі не толькі ўдзельнікі, скажам так, спецыялізаваных калектываў, але і ўсе, хто любіць народныя танцы.
Марыя Чаславаўна дадала, што за перыяд новага сезону “Замкавага гасцінца” лідчане і турысты змогуць ацаніць патэнцыял работнікаў усіх устаноў культуры рэгіёна, у тым ліку, бібліятэк, сельскіх Дамоў культуры. З улікам таго, что Лідчына з’яўляецца рэгіёнам шматнацыянальным, з асаблівасцямі сваёй культуры: песеннай, танцавальнай, сцэнічнай, – гасцей праекта будуць знаёміць і прадстаўнікі розных дыяспар. На працягу турыстычнага сезону чакаецца таксама прыезд артыстаў з краін бліжэйшага замежжа. Галоўнае – сачыць за абнаўленнямі афішы на сайце “Лідскай газеты”, райвыканкама або раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Ну, а тое, што ў выканаўцаў не будзе недахопу гледачоў, у рамеснікаў – пакупнікоў, у аніматараў – удзельнікаў, а ва ўсім праекце “Замкавы гасцінец” – гасцей, сумнявацца не прыходзіцца. Падставу для такой упэўненасці надаў сённяшні дзень: на адкрыцці новага сезону было шматлюдна, многія прыйшлі цэлымі сем’ямі. Забаў хапіла кожнаму. Праграма прадугледжвала фестываль фарбаў, лучны цір, тэст-драйв аўтамабіляў “Geely”, спартыўную пляцоўку, фаер-фэст і шмат усяго іншага цікавага.