Як у Лідзе на папялішчы з'явілася найпрыгажэйшая беларуская сінагога

07 Сентября 2018 6458


Сінагога 1894 года збудавання (на першым плане), за ёй – Галоўная сінагога 1898 года. 

Здымак пачатку ХХ стагоддзя.

У мінулых стагоддзях ва ўсіх беларускіх гарадах і мястэчках дзейнічалі сінагогі. На жаль, з тых часоў большая іх частка не захавалася. У Лідзе не захаваліся таксама. Між тым у нашым горадзе, па дакументах 1867 года, было 4 сінагогі (яны належалі розным яўрэйскім абшчынам). Але ўсе яны згарэлі падчас вялізнага пажару, які здарыўся ў горадзе 6-7 верасня 1991 года. Полымя знішчыла сотні пабудоў, у іх ліку – і сінагогі.

Адна з гэтых сінагог стаяла на Школьным двары (сёння тое месца, дзе яна стаяла, знаходзіцца прыкладна паміж былым Домам афіцэраў і інтэрнатам лакафарбавага завода па вуліцы Кірава). Сінагога была драўляная і згарэла ўшчэнт. Лідскія яўрэі вырашылі яе аднавіць. Папярэдне яны звярнуліся за фінансавай дапамогай да ўсіх яўрэяў Паўночна-Заходняга краю, і дапамога ім была аказана. Наступным крокам, 30 сакавіка 1892 года, стала прашэнне ўпаўнаважаных малітоўнага таварыства Лідскай яўрэйскай сінагогі Зеліка Пупко (гласны гарадской думы і член городской управы, унук заснавальніка лідскага піўзавода Носеля Пупко) і Беркі Камянецкага ў Віленскае губернскае праўленне, у якім яны паведамілі, што «желают возобновить сгоревшую в г. Лиде на Школьном дворе каменную молитвенную еврейскую синагогу и, представляя проект, просят разрешить им возобновление сказанной синагоги».

23 ліпеня 1892 года, пасля ўзгаднення з рознымі службамі, Віленскае губернскае праўленне дазволіла лідскім яўрэям аднавіць сінагогу. Будынак быў простым па форме і меў даўжыню 21,3 метра, шырыню – 10,7 метра, вышыню – 5 метраў. У ім прадугледжваліся зала плошчай 140 м2 з высокай столлю і двухпавярховая прыбудова з трыма ўваходамі, а таксама – мураваныя фундаменты глыбінёй 1,7 метра, дзве паўкалоны ля ўвахода, 24 вакны, 4-схільны дах (канчаткова ён быў усё ж зроблены двухсхільным).

Мужчынскае аддзяленне мясцілася на першым паверсе і ацяплялася трыма пячамі. У цэнтры яго прадугледжваўся каўчэг са «свитком». Жаночае аддзяленне запраектавалі на другім паверсе. Будынак не меў электрычнасці, ацяплення, каналізаціі.

Праз год і чатыры месяцы будоўля была завершана, аб чым упаўнаважаныя малітоўнага таварыства Лідскай яўрэйскай сінагогі Пупко і Камянецкі 23 лістапада 1893 года далажылі ў губернскае праўленне. А 9 студзеня 1894 года паліцэйскі надзіральнік г. Ліды Цімафееў уручыў мяшчанам Зеліку Пупко і Берку Камянецкаму дазвол на богаслужэнне ў сінагозе.

Захаваліся здымкі гэтай сінагогі 1894 года пабудовы.

Дарэчы, разглядаючы іх, немагчыма не звярнуць увагі на больш манументальны будынак на заднім плане. Дык вось, гэта – таксама сінагога. Яна была ўзведзена іншай лідскай яўрэйскай абшчынай. З прашэннем ад гэтай абшчыны аб будаўніцтве новай сінагогі ў Віленскае губернскае праўленне звярнуўся ўпаўнаважаны Лазар Пупко. Узводзіць яе пачалі ў тым жа годзе, што і вышэйзгаданую сінагогу, але завяршылі будоўлю пазней – у 1898 годзе. І яна знешнім выглядам адразу засланіла старэйшую па ўзросту «сястру», якая сціпла тулілася побач.

Прыгажосць гэтага трохпавярховага будынка, узведзенага ў эклектычным архітэктурным стылі, сапраўды не магла не ўражваць. Бадай, гэта была самая прыгожая сінагога на беларускай зямлі. Будынак увенчваў купал з круглымі вокнамі, якія ўяўлялі сабой вітражы з выявай зоркі Давыда. Дзякуючы вітражам, прастора ўнутры сінагогі вельмі прыгожа падсвечвалася. Не дзіўна, што яна стала Галоўнай сінагогай горада. Неўзабаве пры ёй адкрыўся ешыбот – вышэйшая тэалагічная адукацыйная ўстанова.

У ХХ стагоддзі лёс абедзвюх сінагог склаўся трагічна. Яны перасталі існаваць 23 чэрвеня 1941 года – у дзень, калі цэнтральная частка Ліды ператварылася ў руіны пасля ўчыненых фашысцкімі захопнікамі бамбёжак і пажараў.

Текст: Светлана Медуница (материал подготовлен на основе научных исследований старшего научного сотрудника Лидского историко-художественного музея В. Сливкина)Светлана Медуница (материал подготовлен на основе научных исследований старшего научного сотрудника Лидского историко-художественного музея В. Сливкина)
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться