Старонка майго радаводу

21 Октября 2021 6753
У мінулы чацвер мы адсвяткавалі Дзень маці. У гонар матуль гучалі віншаванні, афіцыйныя і асабістыя, ім рабілі падарункі. Увогуле, гэты дзень стаў яшчэ адной падставай нагадаць пра веліч мацярынскага абавязку – выхаваць дзяцей годнымі людзьмі. Хаця ў маім сённяшнім уяўленні ўжо дарослага чалавека тэрмін “абавязак маці” гучыць трафарэтна, і ён ніяк не адлюстроўвае пачуцці маці да дзяцей, іх няспынны клопат аб тых, каму яны далі жыццё. 

Між тым, толькі праз гады прыходзіць дасканалае асэнсаванне дзеянняў, слоў бацькоў. Раскажу пра свой уласны досвед. У далёкім 1973 годзе наша сям’я пераехала ў Крупава. “Што тут незвычайнага? – скажаце вы. – Вунь колькі людзей пераязджае то з вёскі ў горад, то, наадварот, са сталіцы ў сельскую мясцовасць”. 

Справа ў тым, што па ранейшым месцы жыхарства нашай сям’і маці працавала настаўніцай у мясцовай пачатковай школе, а мы, яе дзеці, таксама былі яе вучнямі. Школу закрывалі, і маці прапаноўвалі новае месца працы ў сярэдняй школе, размешчанай у суседнім пасёлку. Вось толькі адзін нюанс:  вучняў туды таксама пераводзілі, а паколькі раней не было школьных аўтобусаў, у зімовы час (а зімы ж былі не такія, як цяпер, а сапраўдныя – з завеямі і маразамі) маці прапанавалі аформіць дзяцей у школьны інтэрнат. 

А дзеці ж малыя, пачатковую школу паспеў закончыць толькі старэйшы сын, таму бацькі прынялі рашэнне – пераехаць у такі населены пункт, дзе будзе паблізу сярэдняя школа і пажадана недалёка ад горада, бо нават у сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя адчуваўся адток людзей з вёсак, і яны станавіліся малаперспектыўнымі. Так і з’явілася наша сям'я ў Крупаве. 

Мы, дзеці, хутка знайшлі агульную мову з равеснікамі, сябрамі сталі і тыя дзеці, якія жылі па суседстве, і аднакласнікі, што наведвалі школу з суседніх вёсак. Жыццё ў сям’і наладжвалася: для бацькі вельмі хутка знайшлася работа ў калгасе, добрыя механізатары, вадзіцелі, механікі (а наш тата быў здатным да тэхнікі спецыялістам), заўсёды былі запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы. А вось маці, на жаль, не змагла вярнуцца да сваёй любімай педагагічнай дзейнасці.

Фота з сямейнага архіва. Злева – мая маці Аляксандра Галкоўская.

У мясцовай школе месца не было, таму некаторы час працавала ў магазіне прадаўцом, а пазней, калі адкрыўся дзіцячы садок у Маладзёжным, была выхавальніцай. Адтуль і пайшла на пенсію. Колькі памятаю, сумавала, што не мае магчымасці выкладаць у школе і працаваць са сваімі любімымі пачаткоўцамі. 

Быць настаўніцай – гэта ж мара яе дзяцінства, здзейсніць  якую ў пасляваенныя гады было вельмі няпроста. Але мара акрыляе і дае натхненне, сілы, магчымасці. Так сталася і з маёй маці, Аляксандрай Піліпаўнай Галкоўскай. Дзякуючы сваёй стараннасці, цязе да ведаў і жаданню стаць настаўніцай яна паступіла ў Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча, дзе выкладчыкамі былі педагогі, якія нядаўна вярнуліся з фронту, партызанскіх зямлянак. Пасля заканчэння вучылішча разам з дыпломам дзевятнаццацігадовая выпускніца педвучылішча атрымала накіраванне на работу на захад краіны, у Гродзенскую вобласць. Тут і сустрэла свайго мужа, нашага бацьку. 

Вельмі любіла сваю працу, дзяцей… Дарэчы, была і ў мяне настаўніцай у першым класе. Памятаю, як на ўроку ўжо ў новым класе Крупаўскай СШ я стала выконваць практыкаванне і са здзіўленнем заўважыла, што літары пішу не так, як мая сяброўка па парце… Падышла настаўніца, паглядзела ў мой сшытак і гаворыць: “А, ты ўжо па новай методыцы пішаш? Ну, пішы, пішы…”

Чым скончылася гісторыя? Рознае было ў жыцці, добрае, трагічнае, але маю маці памятаюць яе былыя вучні, выхаванцы (якія даўно маюць ужо сваіх нашчадкаў), і сёння яна жыве разам з намі, яе дзецьмі, унукамі і (дзякаваць Богу!) праўнукамі. 

Упэўнена, у кожнай сям’і ёсць свае гісторыі, добрыя і павучальныя, вясёлыя і з ноткамі суму. Галоўнае – каб у летапісы ўжо сваіх радаводаў мы ўпісвалі старонкі жыцця, запоўненыя прыкладамі дабра і самаахвяравання дзеля  іншых людзей і, безумоўна, сваіх блізкіх. Без гэтага марнае спадзяванне чакаць ад чалавека высокіх пачуццяў і годных учынкаў і ў адносінах да тых, хто не з'яўляецца раднёй.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться