Жывое сумленне – шчаслівае жыццё
02 Ноября 2019
2857
Здымак адлюстраваў цёмную ваду, пажухлую траву ўздоўж берагоў… Канкрэтны восеньскі пейзаж ніяк не атаясамліваўся з тым, што я бачыла навокал… Але ж зразумела: прырода падрыхтавалася да зімовай спячкі; зямля, аддаўшы сваю моц, “заснула”; сціхлі галасы птушак; дрэвы, скінуўшы лістоту, замерлі ў чаканні зімовых халадоў… І ў гэты час прыходзіць Дзень Памяці, калі згадваюцца адышоўшыя ў вечнасць продкі.
Да гэтага моманту быў наведзены парадак на могілках, пастаўлены лампадкі, і ўжо ўчора, у Дзень Усіх Святых, агеньчыкі соцень, тысяч знічак загарэліся на каталіцкіх могілках. Прыгожая традыцыя, нават не традыцыя, а сакральнае свята. Так было спакон вякоў. У народзе бытавала павер’е, што ў першыя лістападаўскія дні на зямлю вяртаюцца душы нашых продкаў. Ім мы абавязаны многім: жыццём, здароўем, дабрабытам. Таму ім трэба дзякаваць за тое, што яны ў свой час зрабілі для нас, прасіць прабачэння за тое, што ў мітусні забываліся пра іх… Так было да нас, так робім мы, так павінны будуць рабіць і тыя, хто прыйдзе пасля нас. У гэтым ланцужку адвечнай памяці – высокая маральнасць.
І зноў лаўлю сябе на думцы, што жывём мы падчас быццам бессмяротныя… Ведаем, што зямное жыццё кароткае, а падманваем, зайздросцім, не зычым дабра… Гэта як той восеньскі пейзаж, які я спрабавала сфатаграфаваць: бачыш яркія фарбы, сонечныя блікі, а на справе – цёмныя воды, ад аднаго погляду на якія прабірае холад. Не для гэтага дадзена жыццё. Яно нам – для радасці. І няхай у кожнага з нас сваё разуменне шчасця, але ж маральныя прынцыпы, па якіх мы павінны жыць, каб дасягнуць яго, нязменныя на працягу тысячагоддзяў і для ўсіх аднолькавыя.
Сёння Дзень Памяці… І няхай доўга гараць запаленыя на могілках знічкі – яны гавораць пра нашу памяць, пра нашу еднасць з продкамі, наша адчуванне роду і радзімы, наша жывое сумленне.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.