І не шкадаваць аб страчаным часе
14 Марта 2019
3443
Пры ўмове, што ўдалося выканаць запланаванае, адчуванне радаснае, а калі не, то ўзнікае горыч ад шкадавання патрачанага часу. А ён, між іншым, самае каштоўнае, што ёсць, і вельмі скарацечны. Маёй маці 86 год, неяк яна сказала, што гады праляцелі надзвычай хутка: “быццам прайшла ад парога да парога”. Хаця менавіта цяпер яна гаворыць, што па-асабліваму адчувае жыццё і магчымасць радавацца кожнаму дню.
Вось я і думаю, што вельмі важна адчуваць асалоду ў паўсядзённасці і напаўняць яе тымі справамі, за якія не будзе сорамна ніколі, тымі думкамі, якія пры іх матэрыялізацыі прынясуць табе і іншым адчуванне святла і радасці. Напэўна, гэта самыя запатрабаваныя цяпер пачуцці, так іх не хапае ў жыцці. Прагматызм сустракаецца куды часцей, чым рамантызм… Хаця… У мінулым месяцы ў рэдакцыю прыходзілі двое мужчын. Не, не разам – паасобку, у розныя дні. З напісанымі вершамі. Паэты… І іх вершы, між іншым, нядрэнныя. У тым ліку і пра каханне. Тады падумалася: пакуль мужчыны пішуць вершы, ёсць надзея, што свет не зменіцца да горшага. А да лепшага? Тут ужо многае залежыць ад кожнага з нас. Ад гатоўнасці адкінуць тое дрэннае, што ёсць у характары, усё неістотнае, што замінае.
Не так даўно знаёмы ксёндз, даведаўшыся пра тое, што люблю паслухаць словы святароў пра вечныя каштоўнасці, паабяцаў даслаць на вайбер казанне… Я легкадумна ў адказ: ну добра, дасылайце, перад сном паслухаю… На што ён сур’ёзна зрабіў заўвагу: а гэта не калыханка… І мне стала сорамна.
Прыкра бывае і тады, калі не магу выканаць дадзенае абяцанне (па гэтай прычыне стараюся не абяцаць, калі стопрацэнтна не ўпэўненая ў магчымасці стрымаць слова), і ад таго, што няправільна расстаўляеш прыярытэты ў жыцці, выносячы на першы план другараднае. Ды ці мала яшчэ чаго?
...Цяпер час Вялікага посту. Ён пройдзе хутка. Для хрысціян яго дні, напоўненыя пакаяннем і малітвай, асаблівыя, бо гэта час, які дае шанс узвысіцца над будзённасцю. Няпроста гэтага дасягнуць, але магчыма. Жыццё павінна быць асэнсаваным і напоўненым клопатам аб тых, хто побач з намі. Пры выкананні гэтых умоў шкадавання аб патрачаным часе не будзе.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.