Давайце зробім гэта разам
21 Ноября 2018
3489
Год малой радзімы… Для кожнага з нас у гэтых словах заключаецца асаблівы сэнс. Для аднаго малая радзіма – гэта той дом, вуліца, дзе правёў маленства, для другога – школа, у якую пайшоў у першы клас, для трэцяга – ціхая ліпеньская раніца, калі бацька ўзяў з сабой на касьбу…
Хаця, напэўна, важныя не асобныя эпізоды (яны ў кожнага свае), а ўвесь малюнак цалкам. Мне прасцей гаварыць пра вёску і яе будні, таму што я вырасла ў вёсцы, горад з’явіўся ў маім жыцці значна пазней, пасля заканчэння школы, калі вырашыла вучыцца далей…
Таму ў памяці – шырокія краявіды з недасягальнай лініяй гарызонту, хутар бабулі з дзядулем, а побач – лес, які не палохаў, прывабліваў сваёй таямнічай прыгажосцю, як і луг непадалёку квітнеючым дываном раслін… Першыя ўрокі ў першым класе, якія вяла мая маці… З асаблівымі пачуццямі згадваюцца гэтыя гады… Хаця і цяпер я бачу навокал многа прыгожага, радуюся сустрэчам з людзьмі, у якіх так многа высакародства.
Але сёння размова не аб гэтым, а аб тым, што можна зараз зрабіць, каб думкі, пачуцці, звязаныя з малой радзімай, былі не толькі ў мроях. Застацца ў гісторыі яны змогуць тады, калі занатаваць іх на паперы ды дзяліцца імі з навакольнымі.Таму рэдакцыя “Лідскай газеты” сумесна з Лідскім раённым Саветам дэпутатаў распачынае новы праект з рабочай назвай “Асоба ў гісторыі малой радзімы”.
Па задумцы ў праекце знойдуць месца інтэрв’ю з людзьмі, якія нарадзіліся і выраслі на лідскай зямлі, а на дадзены час жывуць за яе межамі; аповеды тых, хто ніколі не пакідаў родны край, а ўсе свае намаганні прыклаў для яго росквіту; і – проста ўспаміны, развагі нашых сучаснікаў пра тое, якімі запомніліся Ліда, вёскі раёна ў мінулым і якім жыццё ў іх бачыцца цяпер.
Зразумела, знойдуць месца ў праекце і здымкі розных перыядаў, якія маюць дачыненне да гісторыі Ліды, да яе ўчарашняга дня і сённяшняга.
Да ўдзелу ў праекце запрашаем жыхароў Лідчыны. Тэлефануйце нам, пішыце, падказвайце імёны тых, хто, на ваш погляд, мог бы стаць суразмоўцам журналіста, або самі пішыце ўспаміны, дзяліцеся ўражаннямі.
Спачатку матэрыялы журналістаў і дасланыя жыхарамі Лідчыны будуць друкавацца на старонках раёнкі, пазней плануецца выданне кнігі, у якую ўвойдуць лепшыя творы.
Давайце разам ствараць выданне, якое стане яскравым доказам нашай любові да сваёй малой радзімы. Упэўнена, гэта будзе цікава і карысна ўсім нам і тым больш нашым нашчадкам.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.