Падарожжа па старадаўніх вуліцах Ліды

21 Июля 2016 3862

На горцы на поўнач ад замка, прыкладна там, дзе ў 1950-60-я гг. была аўтастанцыя, а зараз скверык з лаўкамі, стаяла старое лідскае казначэйства, адрас: Віленская (Сувальская), 4. Гэты будынак з характэрным дахам бачны на фотаздымках горада да канца 1930-х гг., і вядома, што ён згарэў у 1941 г.

Гэта казначэйства ёсць на карце нашага горада ўжо ў 1842 г. Пабудаваў яго Ваўжынец Путкамер, уладальнік маёнтка Бальценікі, муж Марылі Верашчакі – рамантычнай дамы сэрца Адама Міцкевіча. Міхал Шымялевіч пісаў, што ў 1914 г., пасля пачатку Першай сусветнай вайны, “у Лiдзе каля скарбовай касы пры казначэйстве стаяла чарга даўжынёй у паўкiламетра, якая некалькi разоў абвiвала касу. Каб вярнуць свае грошы, у чарзе стаяла каля паўтары тысячы чалавек. У Вiльнi з вуснаў у вусны перадавалiся весткi пра тое, што запасы золата з вiленскiх банкаў ужо вывезены ў Нiжнi Ноўгарад, i таму ў Вiленскiм дзяржаўным банку быў такi вялiкi натоўп адборнай публiкi, што шыкоўна прыбраныя панi парвалi свае багатыя строi, страцiлi брыльянты i капелюшы, падрапалi твары i пашкодзiлi рукi i ногi. Але банкаўскiя чыноўнiкi ў Лiдзе i Вiльнi спраўна выдалi людзям iх грошы”. Дзесьці ў сярэдзіне 1920-х гг. казначэйства пераехала ў будынак па адрасе: Сувальская, 13.

Двухпавярховы дом, які зараз мае адрас: Замкавая, 2, – пабудаваны ў самым пачатку XX ст., бо ў маёй калекцыі ёсць паштоўкі, на якіх яго яшчэ няма. Стары адрас дома – Віленская (Сувальская), 1 ці Крывая, 6.

Практычна адразу пасля пабудовы дом быў арандаваны Лідскім папячыцельствам аб народнай цвярозасці, і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адчыняліся, каб адцягнуць народ ад п’янства, і звычайна складаліся з бібліятэкі-чытальні, чайнай і розных гурткоў. Акрамя Ліды, Народны дом захаваўся да нашага часу ў Гродне, ён быў пабудаваны ў 1904 г. паводле праекта Л. Лангада і М. Раманава. Такім чынам, у гэтым будынку месціўся першы ў нашым горадзе народны клуб.

У пачатку бурлівых 1920-х гг. тут былі штаб-кватэры розных палітычных партый.

У першай палове 1920-х гг. за 85 000 злотых гэты будынак быў набыты для Лідскага магістрата, і тут да 1939 г. працавалі адміністрацыя і бургамістры горада, засядала гарадская Рада, якая ў 1938 г. складалася з 24 чалавек.

01

Калаж зроблены В. Бураком, сучасны выгляд дома па Замкавай, 2 сумешчаны з фотаздымкам Лідскага магістрата 1930 г.

На аэрафотаздымку 1944 г. гэта адзіны дом, які захаваўся на пляцоўцы на поўнач ад замка, але бачна, што будынак магістрата гарэў і не мае даху. Хутка адрамантаваны адразу пасля вайны, ён страціў усе ўпрыгажэнні, але быў атынкаваны. З таго часу гэта звычайны жылы дом нашага горада.

Адразу каля магістрата, па адрасе: Сувальская, 3, – месціліся гарадская бібліятэка і, з другой паловы 1930-х гг., першы гарадскі музей. Тут жа, у пакоях музея, працавала і знакамітае Лідскае краязнаўчае таварыства ра-зам з рэдакцыяй свайго выдання “Лідская зямля”. Далей на поўнач па вуліцы, насупраць касцёла, у доме па Сувальскай, 9, размяшчаўся гатэль “Гранд”. Лідзянка Яўгенія Ярмант пісала, што гэта быў “вялікі імпазантны будынак з прыгожымі шклянымі дзвярыма”.

У цокальным мураваным будынку (Сувальская, 13) знаходзілася сядзіба Управы дзяржаўнага скарбу, акцызу і манаполіі.

Далей, у кірунку перасячэння з вуліцай 3 Мая (Ленінскай), у глыбіні спатыкаем Дзяржаўнае староства (Сувальская, 15). Яно не прылягала да самой вул. Сувальскай, ад яе староства аддзяляў невялікі сквер. Староства размяшчалася ў даўніх памяшканнях кляштара кармелітаў.

Вось пра гэты неіснуючы будынак былога кармеліцкага кляштара я і хачу расказаць.

02

Справа Фарны касцёл, злева касцёл і кляштар кармелітаў, гатэля “Гранд” яшчэ няма, канец XIX – пачатак XX ст.

Якім ён быў, кармеліцкі кляштар?

20.05.1672 г. кармеліты, каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XII ст. у Палесціне на гары Кармель падчас крыжовых паходаў, атрымалі ад лідскага войскага Адама Нарбута і яго жонкі Кацярыны пляц для касцёла. Касцёл і кляштар фундаваў Мікалай Рыла. Будаўніцтва цягнулася вельмі доўга, і толькі 5 верасня 1714 г. касцёл быў асвечаны Віленскім біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім пад назвай Найсвяцейшай Марыі Панны і Св. Альберта. Ёсць меркаванне, што кармеліцкі касцёл моцна пацярпеў падчас Паўночнай вайны і гэта зацягнула будаўніцтва.

Цікавую інфармацыю пра яго мы даведваемся з акта візітацыі 1820 г. Кляштар – двухпавярховы будынак, крыты гонтай, меў форму літары L з паўночным і ўсходнім крыламі, з аднапралётным размяшчэннем памяшканняў і калідорам са двара. Ён прылягаў да сакрыстыі касцёла з поўдня і быў атынкаваны толькі з боку вуліцы. На другім паверсе кляштара былі 7 жылых памяшканняў і склады. Ад яго ў бок рэчкі Каменкі знаходзіліся агарод і гаспадарчыя пабудовы, ніжэй – альховы гаёк, яшчэ ніжэй – луг. Касцёл, фасадам на ўсход, быў атынкаваны і выбелены як знутры, так і звонку, у плане меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай, над вялікім алтаром меўся купал з сігнатуркай. Бязвежавы фасад, падзелены прамымі пілястрамі, меў трохкутны шчыт. Бакавыя фасады таксама былі падзеленыя пілястрамі і мелі вялікія вокны. Разам касцёл меў 11 вокнаў з белага шкла і 6 алтароў. Каля касцёла меліся могілкі.

Пасля паўстання 1831 г. кляштар і касцёл былі адабраныя ў кармелітаў. У 1845 г. будынак кляштара быў перароблены ў вайсковы шпіталь, касцёл быў кінуты і разбураўся. На працягу XIX ст. першы паверх кляштара часта выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў. Акрамя павятовага архіва, тут месціліся павятовая каса і нават суд з канцылярыяй. У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць касцельныя муры ўсё яшчэ стаялі да ўзроўню даху. Цэгла выкарыстоўвалася для будаўніцтва казармаў Паўночнага ваеннага гарадка. А кляштар у тым жа 1908 г. занялі вайскоўцы. Перад 1914 г. планавалася перадача гэтага капітальнага будынка пад мужчынскую гімназію, але Першая сусветная вайна перашкодзіла гэтым планам.

Падчас нямецкай акупацыі 1915-18 гг. у будынку былога кляштара месціўся салдацкі клуб, захаваліся паштоўкі таго часу з выявамі былога кляштара.

З 1927 г. у старажытным будынку былога кармеліцкага кляштара насупраць Фарнага касцёла размясцілася староства Лідскага павета, будынак занялі чыноўнікі, але ў ім праводзіліся і розныя грамадскія пасяджэнні, напрыклад увесну 1932 г. гісторык Міхал Шымялевіч прачытаў тут цыкл лекцый аб лідскай гісторыі.

03

3D-мадэль, зробленая В. Бураком: кляштар кармелітаў (без касцёла) – Лідскае староства.

У 1938 г. лідскі павятовы стараста Станіслаў Гансоўскі распачаў рэстаўрацыю кармеліцкіх муроў. Будынку знутры быў вернуты яго старажытны прыгожы архітэктурны стыль, на калідорах першага паверха старанна адноўленыя столі на скляпеннях, як у ранейшыя часы, зроблены ўваход у староства з боку вуліцы Сувальскай, «дзякуючы чаму Павятовы аддзел атрымаў праход на першы паверх, дзе месціцца ўправа старасты. Былы ўваход з боку вуліцы Маёра Мацкевіча зачынены». У тым жа 1938 г. пачаліся работы па мантажы водаправода і каналізацыі ў гэтым будынку.У 1941 г. будынак былога кармеліцкага кляштара згарэў, але сцены яго стаялі да пачатку 1950-х гг. Тым не менш атрыманыя пры пажары пашкоджанні не дазволілі аднавіць гэты адзін са старэйшых гмахаў горада.

Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл, праходзіць паўднёвая праезджая паласа вуліцы Ленінскай.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться