Паэты з Ліды прысвяцілі вершы Году малой радзімы

12 Июля 2018 7966

IMG 3751Як вядома, 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, прыняццю такога важнага рашэння папярэднічалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. «Яна шматаблічная. Для адных – гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых – кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. Настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай – хто як можа і хто колькі можа... Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі… Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай». Да гэтай справы далучыліся і літаратары Лідчыны.

У літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея, дзе збіраецца асноўная інфармацыя пра літаратурную дзейнасць пісьменнікаў лідскага краю, адкрыта выстава «Выяўленчы радок пра родны куток», прымеркаваная да Года малой радзімы. Аб ёй «Лідская газета» ўжо паведамляла. Паспрыялі гэтай справе літаратура і мастацтва. А менавіта лідскія сталыя паэты, сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», у сааўтарстве з лідскімі юнымі мастакамі, якія выхоўваюцца ў Лідскай дзіцячай мастацкай школе. Як заўважана, паэты адлюстроўваюць сваю любоў да малой радзімы праз вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, метафары, параўнанні), а мастакі – выявамі ў розных яскравых фарбах, што таксама надае твору прывабны і непаўторны выгляд.

Шматлікія творы, змешчаныя на выставе, ужо вядомыя, як і самі аўтары (Віктар Бачароў, Леанід Віннік, Пятро Макарэвіч, Алеся Бурак), бо ў свой час друкаваліся на старонках «Лідскай газеты». Надышоў час пазнаёміць чытачоў з новымі і нядаўна дасланымі на адрас літаб’яднання «Суквецце».

Алесь ХІТРУН, кіраўнік літаб’яднання «Суквецце».

Алесь Стадуб

Бярозы

Я ціха ля вас пастаю –
Юнацтва нязбытнасць
засвеціцца.
Я ўспомню бярозку сваю –
З далёкасці родам равесніцу.
Яна засталася чакаць
Ля вокнаў бацькоўскай
суцешкаю.
Мяне ж успамінаў рука
Вядзе незабыўнаю сцежкаю.
Здаецца, насустрач сама
Прыходзіць у сон мой цвярозы.
На мове на роднай шумяць
Маёй Беларусі бярозы.

Уладзімір Васько

Я тут нарадзіўся і вырас...

Шыбуе аўтобус ля бору,
Бялее смала на ствалах,
Па дрэве вавёрку ўгору
Пагнаў перабольшаны страх.
Сарока ад хвоі да хвоі
Праносіць мянташку хваста.
Я бачу, як заяц падвоіў
Свой слых і прысеў ля куста.
Бязгучна ірдзяцца праменні
У вочы затоеных соў,
А цені дубоў, як сумненні,
Упалі ў агонь верасоў.
І вось паказалася вёска
У засені сціплых прысад.
Гамоніць антэна з бярозкай,
Вада падступае да хат.
І сёння расказваюць людзі
Пра дзеда майго – рыбака,
Як ён для сям’і на палудзень
У печы злавіў шчупака.
Звісаюць над Нёманам вербы,
Да берагу гусі плывуць.
Я гэтым малюнкам паверыў
І з імі нідзе не парву.
Я тут нарадзіўся і вырас,
Да маці зрабіў першы крок,
І твару майго просты выраз
Падобны на гэты куток.

Ірына Маркевіч

Малая радзіма

Радзіма.
У гэтым слове
Чуецца посвіст шпакоў.
Трактар працуе на полі,
Сабраўшы чароды гракоў.

Радзіма.
Бэз каля хаты,
Яблыні, вішні ў садзе.
Калодзежны жораў гарбаты,
Ды дзеці за плотам у засадзе.

Радзіма.
Вёска над Нёманам.
Гаўя з чыстай вадою.
Нарва з ямкаю-бродам,
З вясковых кароў чарадою.

Радзіма.
Закуткі. Завулкі.
Клуб, дзе моладзь танцуе.
Масточкі. Тусоўкі. Прытулкі.
Там дух маладосці пануе.

Радзіма.
Матуля. Бабуля.
Ужо дзедам сівенькім стаў тата.
На печы падсохла цыбуля.
Прыцягвае родная хата.

* * *

Удалеч мы рвёмся заўсёды –
Хтось вучыцца, недзе працуе.
Ці ўспомніш ты, мо, як з нагоды
Месяц за хмаркай танцуе?

У думках, у снах і ў марах
Ляцім на Радзіму Малую.
Пабыўшы на родных абшарах,
Яе абдымаю, цалую.

Данута Бічэль

Вёска Біскупцы

Каб у стозе духмяным выспацца,
я паеду ў мурожныя Біскупцы
пад страху дзяруг, дываноў,
на прастору вольных вятроў...
 
Буду ехаць бітым гасцінцам,
выйдзе з бору сасна пакланіцца.
Нават бусел з дужага дуба
заклякоча, вітаючы, дзюбай.
 
А ў матулі стол не пустуе,
чым багата, тым пачастуе:
пірагом, верашчакаю, сырам,
ды смятанай, ды позіркам шчырым.
 
Не спачыўшы, выбегу з хаты –
новай песняй сагрэюць дзяўчаты,
добрым жартам, зварушлівым
слоўцам
сустракаюць мяне вяскоўцы...
 
Тут усё наваколле смяецца
смехам зор і рамонкаў з лугоў.
Нёман тут не цячэ, здаецца,
а танцуе між берагоў.

Станіслаў Суднік

Дзедава студня

Я з краю свайго мо б нікуды, ніколі
Не ехаў, не пхаўся без пільнай
патрэбы,
Мне дома ўсяго і заўсёды даволі,
Ёсць хлеба акрайчык і нешта
да хлеба.

Не трэба замежных харостваў ніякіх,
Не трэба і самі мне межы-граніцы,
Не ў смак на чужыне мне ўсе
іх прысмакі,
Мне іхнімі «коламі» ўвек не напіцца.

Ці сяду, ці лягу,
Спатоліць мне смагу
Заморскі не зможа напой,
А дзедава студня
І ў свята, і ў будні
Напоіць жывою вадой.

Мне горад – і той як каменная клетка,
Тут воку няма, каб за што зачапіцца,
Тут дрэва – не дрэва,
і кветка – не кветка,
Тут з крана булькоча без смаку
вадзіца.

Ці сяду, ці лягу,
Спатоліць мне смагу
З бутэлькі не зможа напой,
А дзедава студня
І ў свята, і ў будні
Напоіць жывою вадой.

І хочацца выйсці ў прасторнае поле,
І хочацца ў лес, у харомы дубравы,
І хочацца рэчкі няспутанай волі
І росных, пахучых,
нятоптаных траваў.

Ці сяду, ці лягу,
Не страшна мне смага
Ў часіну спякоты любой,
Бо дзедава студня
І ў свята, і ў будні
Напоіць святою вадой.

Міхась Мельнік

Майсеевічы

О, дарагія Майсеевічы,
Мая вёсачка ненаглядная,
Па сваёй маляўнічай велічы
Для мяне ты надзвычай прывабная…
Каля Пцічы-ракі прытулілася,
Як дачушка да роднай матулі,
Ды з лясамі наўкол нарадзілася,
Каб цябе ад нягод адхінулі.
У прысадах усё красуешся –
Хаты многія асірацелі…
Наваколлем так міла любуешся
І ўглядаешся ў задуменні…
Ты чакаеш дзяцей сваіх блудных,
Спадзяешся на іх пакаянне,
Што не толькі патрэбны ім вуды,
А ў любві да цябе прызнанне…
Не знікай жа, старэнькая вёска!
Хай цябе абнаўляе патомства…
Хоць жывецца табе і няпроста,
Ды не згіне такое прыгоства!

Станіслава Белагаловая

Мой родны куточак

Сэрцу любы мой родны куточак!
Мая сцежка дахаты вядзе,
Дзе знаёмы мне кожны кусточак.
Там матуля чакае мяне.

На ўзгорку, дзе ззяюць пралескi,
Гучна птушачкi песнi пяюць.
Пах духмяных сунiц на ўзлеску
Нi за што не змагу абмiнуць.

Рэчка быццам зусiм анямела.
Сяду побач, змагу адпачыць.
Нагадае зязюля нясмела,
Колькi год засталося пражыць.

Калi хтосьцi ў мяне запытае,
Чым душа i чым сэрца багаты,
Той адразу адказ атрымае:
Мой куточак – бацькоўская хата!

Людміла Шот

Бацькаўшчына

Бацькаўшчына мілая мая –
Скарб, які душу гартуе.
Родная, пяшчотная зямля,
Дзе зязюлька ласкава кукуе.

Шыр палёў, азёраў глыбіня,
Стужкі рэк і замкаў таямніцы,
Неба сінь, і ночы цішыня,
І бяроз чароўных завушніцы.

Музыка званоў, бацькоўскі кут
І буслоў святое клекатанне.
Я спазнала некалі вось тут
Першае нясмелае каханне.

Шум лясоў, маўчанне валуноў
І крыніцы, дзе вады нап’юся.
Каля вёсак могілкі дзядоў,
Ля якіх я ціха памалюся.

Ірына Багдановіч

Чаравікі маленства

Месяц сны нясе ў кошыку,
Нібы цуды чараўнік,
Раздае ўсім...
Раскоша:
Сніцца мне чаравік!
Серабрыстай павуцінкай
Шнуровачка-стужка,
Я на веснічках дзяўчынка,
Я на балі Папялушка...
Сняцца сёння чаравікі –
Пойдзеш заўтра
ў свет вялікі.
Чаравік – шапатнічак,
Размоўнічак
З брукам, з крывулямі-сцежкамі.
Ён спыняўся каля крынічак,
Ён ступаў не слядамі –
Вершамі.
Зоркі ў полі збіраў –
Рамоначкі.
Сніла-сніла:
Чаравікі, шнуровачка...
Прычакала акно маё золачак.
Сонца сны ў жменю сабрала,
Быццам князёўна каралі.
Бабуля прыйшла
i з усмешкай сказала:
«Купіла табе сандалі...»

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться