«Малю Бога, каб ніхто не парушыў спакой і лад жыцця нашай Беларусі»

04 Августа 2020 80

Ніна Сапліца, лідчанка, вул. Міцкевіча:

– Шаноўны, дарагі мой чытач! Мы з табою адсвяткавалі такія знамянальныя, важныя святы, як 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Зусім мала часу засталося да 9 жніўня – дня выбараў Прэзідэнта. Гэта не менш важная падзея, бо тут мы з табою павінны сур’ёзна задумацца, за якога кандыдата аддаць свой голас, каму даверыць сваё далейшае жыццё, лёс сваіх дзяцей, унукаў і лёс Радзімы. Наш голас будзе рашаючым. Галоўнае – не дапусціць памылкі, бо “войкнем” потым, ды будзе позна. Тут мы павінны сцвердзіць сваю пазіцыю, паказаць свае сумленнасць і розум, прааналізаваць сябе як сапраўдных беларусаў.

Зараз асабіста мяне радуе тое, што напрамак нашай палітыкі правільны. Я вельмі шчаслівая, што дажыла да гэтых светлых дзён. Калі ўспамінаю бясхлебнае, гаротнае пасляваеннае дзяцінства, вочы напаўняюцца слязамі радасці ад убачанага сёння. Тое, што нават не снілася, стала яваю.

Чым ты была, Беларусь мая родная?..

Хіба не бачылі нашыя вочы?..

Вечна абдзёртая, вечна галодная,

Сонца не бачыла, а толькі ночы.

З пякучым болем у душы прыгадваюцца паэтычныя радкі. Гэта не якая-небудзь рыфмаваная выдумка – гэта сапраўдная карціна жыцця. Сёння не ўсе маладыя могуць успрыняць яе, бо, дзякуй Богу, ім не прыйшлося сутыкнуцца з гэтым. Слаўныя сыны і дочкі нашай зямлі, дзяды і прадзеды перамагалі ўсякія ліхалецці на розных этапах барацьбы, адстаялі свой маленечкі кавалачак зямлі, не шкодзячы нікому і не хапаючы чужога. Гэты кавалачак яны пакінулі нам у спадчыну. Сёння Беларусь не галодная і не лапцюжная, а багатая, квітнеючая, праслаўленая ва ўсім свеце. На маіх уласных вачах адбываліся і адбываюцца вялізныя перамены.

Прыпамінаюцца не зусім далёкае мінулае і пустыя вітрыны і паліцы магазінаў. Мы з табою, дарагі браток, ехалі ў суседнюю Літву, каб купіць палку каўбасы ці іншых страў. Балюча было гля-дзець, як адбіралі ў нас клункі з пакупкамі, тапталі іх нагамі, а мы падбіралі з зямлі і везлі дамоў, каб хоць гэтым накарміць дзяцей. А сёння… Сёння магазіны і рынкі перапоўненыя рознай прадукцыяй і спажывецкімі таварамі.

Расквітнела Беларусь… Я ганаруся тым, што беларуска, што нарадзілася і вырасла тут, знайшла сваё месца ў жыцці, дажыла да пенсіённага ўзросту, захавала сваю нацыянальную годнасць. Радасныя, прыгожыя святы абудзілі ў душы яшчэ большую любоў да свайго мілага, роднага, дарагога куточка.

А якія цудоўныя, добрыя, чулыя, дружалюбныя, таленавітыя, удалыя, працавітыя жыхары Беларусі! А моладзь – хлопцы і дзяўчаты – дужая, спрытная, смелая, вынаходлівая, таленавітая, разумная. Нашы людзі маюць магчымасць і ўмеюць праявіць сябе ў розных галінах вытворчасці і сферах жыцця: у навуцы і працы, спорце і музыцы, спевах і танцах.

Мяне перапаўняе пачуццё гонару за сваю Радзіму. Якіх вялікіх поспехаў дасягнула яна за апошнія дзесяцігоддзі пад разумным дзяржаўным кіраўніцтвам, пры самаадданай, стваральнай працы нашага народа!

Радуецца вока ад чысціні, прыгажосці, багацця роднай зямлі – той зямлі, што была пусткай палёў, камянёў-валуноў, непраходных, топкіх балот, гушчароў, дзе на кожным кроку можна было напаткаць небяспеку. Залатымі дыванамі пераліваецца буйная збажына, блакітным морам калышацца лён, зелянінай сцелюцца лугі-муравы, з пералівамі рознакаляровых кветачак шэпчуцца высокія травы, золатам пяску блішчаць прыбярэжжы рэк і азёр. Шырокімі распіснымі стужкамі ў розныя канцы свету бягуць магістралі дарог. Сваёй незвычайнасцю здзіўляюць сучасныя высотныя масты, што злучаюць шырокія берагі рэк, якія сваімі сінню і чысцінёй чаруюць душу. Як грыбы ў лесе вырастаюць гмахі дамоў, пабудавана АЭС, абнаўляюцца транспарт, маршруты, адкрываюцца новыя рэйсы, падтрымліваецца цесная сувязь з усім светам. Высокія тэхналогіі пачалі выкарыстоўвацца паўсюдна. А якая ў нас інфраструктура! На кожным кроку – магазіны і банкі, школы і садкі, бальніцы і мноства іншых устаноў. Усё гэта стваралася і ствараецца на нашых вачах. Што ні дзень, то адкрыццё.

Сёння Беларусь – магутны экспарцёр у іншыя краіны свету. Шырокім попытам карыстаецца ўся наша прадукцыя. Гэты маленечкі кавалачак зямлі прыцягвае высокапастаўленых мужоў з усіх краін. У нас пераймаюць вопыт, вырашаюцца складаныя міжнародныя палітычныя і эканамічныя пытанні. Наша краіна – прыклад міралюбівасці і дружалюбнасці. Душа мая поўнілася радасцю, калі з усіх канцоў свету ішлі віншаванні з Днём Незалежнасці Прэзідэнту і ўсяму нашаму народу.

А колькі ўвагі з боку дзяржаўнага кіраўніцтва ўдзяляецца кожнаму з нас, ад немаўлят да састарэлых! Пад пільным вокам медыцыны знаходзіцца здароўе кожнага. Аберагаюць нас ад розных махляроў, злодзеяў, вымагальнікаў органы аховы правапарадку і дзяржаўнай бяспекі. Дзяржапарат і армія стаяць на варце ўсяго нашага жыцця. Мы жывём у мірнай, спакойнай краіне. А якімі доглядам і павагай карыстаюцца і забяспечаны састарэлыя! Пенсіі перыядычна павялічваюцца, выплачваюцца пастаянна, своечасова. Сацслужбы праяўляюць клопат і дапамогу. Дзякуй Богу, старасць кожнага з нас у пашане.

Малю Бога аб тым, каб усе людзі свету захавалі мір на зямлі, бераглі тое, што ёсць, і памнажалі яго. Ніхто ніколі і ні за што не павінен парушыць спакой і лад жыцця нашай Беларусі.

Давайце ўсе разам аддадзім свае галасы за нашу суверэнную, прыгожую, багатую, незалежную Беларусь і ўсе разам будзем мацаваць яе!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться