Свята жыцця, якое адзначаем разам. З якім настроем сустрэлі католікі Лідчыны Вялікдзень?

04 Апреля 2021 1681
Якія сямейныя традыцыі перадаюць з пакалення ў пакаленне? Да чаго імкнуцца? У што вераць? Якія спадзяванні захоўваюць у сваіх сэрцах? Аб гэтым мы запыталіся ў лідчан.

Тэрэза БАНЦЭВІЧ, аг. Дворышча:
 
– Настрой прыўзняты. Паслухала казанне нашага ксяндза Ежы Бяганскага і сёння перажываю прыемнае хваляванне з адценнем светлай радасці. Хрыстос уваскрос і тым самым падарыў нам надзею. Збіраюся да касцёла – асвячаць велікодныя стравы – і на святочнае набажэнства. З-за пандэміі яго наведвае мала вернікаў, але падчас свята, упэўнена, будзе шмат людзей у касцёле.

Ксёндз Ежы Бяганскі – наш сапраўдны пастыр, людзі вельмі любяць і паважаюць яго. Сёння збяромся з дзецьмі і ўнукамі. У мяне двое дзяцей, трое ўнукаў і трое праўнукаў. Спачатку чытаем малітву, а потым віншуем усіх, хто знаходзіцца побач.
  
Мэрсэдэс ПАРУЧНІК, лідчанка:

– Да свята мы рыхтуемся з пачатку Вялікага посту. Самым хвалюючым часам з'яўляецца апошні тыдзень. Пачынаецца самая цікавая мітусня, якая нагадвае Новы год, бо велікодны зайчык таксама прынясе падаруначкі. У суботу асаблівы дзень. Абавязкова рыхтуем салодкі, здобны велікодны куліч, фарбуем яйкі. Старэйшыя збіраюць кошык, а малодшыя ідуць у касцёл. Незабыўная атмасфера радасці, калі лідчане ўсе разам збіраюцца на святочным набажэнстве, а затым паведамляюць адзін аднаму, што адбыўся вялікі цуд: «Хрыстос уваскрос!» А ўжо ў нядзелю за сталом збіраецца ўся сям'я. Мы размаўляем, дзелімся планамі на год, гуляем у самыя распаўсюджаныя велікодныя гульні: чыё яйка мацнейшае, чыё закоціцца далей. Хочацца сказаць, што ўсе гэтыя гульні і традыцыі дасталіся мне ад маёй прабабулі. І наша сям'я іх шануе, паважае, а галоўнае – захоўвае.

Вялікдзень для мяне азначае вясну, новае жыццё ва ўсіх сэнсах. У выдатны вясновы дзень Светлага Хрыстовага Уваскрэсення кожны можа адчуць сябе часткай чагосьці цудоўнага і вечнага, дакрануцца да Свяшчэннай гісторыі.

Данута ЖЫДЗІС, в. Навіцкія-2 Траццякоўскага сельсавета:

– Калісьці на свята ўся наша сям’я збіралася ў маёй мамы, а зараз збіраецца ў мяне. І я пераняла ад яе ўсё, што памятаю з даўніх часоў. Перш-наперш ідзём асвячаць велікодныя стравы. Калі жыла мама, старэйшыя раненька, да світання, адпраўляліся да касцёла. І пакуль яны не вернуцца, нікому не дазвалялася есці. Зараз да нас у вёску прыязджае ксёндз і велікодныя стравы мы асвячаем на месцы, каля крыжа. Гэта яйкі, хатні пірог, хлеб, соль, кавалачак хатняй каўбаскі. Святочны стол засцілаю белым абрусам, які выкарыстоўваю толькі на Каляды і Вялікдзень. Пасярэдзіне стаўлю ўпрыгожаны кошык з асвячонымі стравамі. Калі сядаем за стол, гаворым пацеры і жадаем адзін аднаму здароўя і дабрабыту, дажыць да наступнага Вялікадня.

Першым ядзім асвячонае яйка. Яйкі фарбуем толькі ў чырвоны колер (сімвал жыцця і ўваскрэслага Ісуса Хрыста). Лупінкі не выкідваем у смецце, а драбнім і высыпаем на агарод як благаславенне на добры ўраджай. Першы дзень Вялікадня, як і даўней, святкуем толькі дома. Ужо на другі дзень ідуць у госці да хрышчоных. На трэці – ходзяць валачобнікі. Зараз іх рэдка ў якой вёсцы сустрэнеш. А яшчэ некалькі год таму я і мае суседкі валачобнічалі, спявалі пад вокнамі, па хатах… Сёлетні Вялікдзень сустракаю з добрым настроем. Дзякуй Богу, перажылі доўгую халодную зіму, муж перанёс каранавірус. Але справіліся і спадзяёмся, што ўсё будзе добра. На Вялікдзень мы заўсёды імкнёмся сабрацца ўсёй сям’ёй: дзеці, унукі. У мяне чацвёра ўнукаў і на падыходзе праўнук. Сям’я павялічваецца.

Людміла МАРЦІНКЕВІЧ, аг. Дворышча:

– Я выхоўвалася яшчэ ў тыя атэістычныя часы, калі ў школе ў нас дапытваліся, ці рыхтуемся мы да Вялікадня і як, і мы баяліся пра гэта казаць. Мама была руская, праваслаўная, тата – католік. Кіраваў у сям’і тата. І мы, безумоўна, адзначалі свята. Муж у мяне таксама католік і вырас у такім жа асяроддзі, як і я. На Вялікдзень мы імкнёмся рабіць так, як навучылі нас бацькі. Фарбуем яйкі, накрываем стол: на ім у нас звычайна і хатняя каўбаска, і мясныя стравы. Для нас свята – гэта ні ў якім разе не грандыёзны стол, а хутчэй нешта сімвалічнае.

Яшчэ з дзяцінства памятаю, што пасля невялікага застолля мы заўсёды ішлі на вуліцу, былі весялосць, адчуванне радасці. Так атрымліваецца, што ў нядзелю я заўсёды на рабоце. Але ў душы ўсё роўна прысутнічаюць светлыя пачуцці. Калі казаць пра настрой, то гэта імкненне да чыстых думак, надзеі і актыўнага жыцця.

Кацярына ЛЯНКЕВІЧ:

– Велікодныя традыцыі аб'ядноўваюць, прыносяць радасць і дарослым, і дзецям. Вось і мы светлае свята адзначаем разам са сваімі бацькамі. Накрываем стол пачастункамі. Абавязковымі з'яўляюцца духмяныя кулічы, чырвоныя яйкі. Калі сядаем за святочны стол, то, вядома, традыцыйна разбіваем яйкі ўдарам адно аб адно. Дзеці спаборнічаюць, хто першы разаб'е. Ёсць у нашай сям'і і яшчэ адна добрая традыцыя – сустракацца з блізкімі сябрамі. Гэта восем маладых сем'яў. Больш за дзесяць гадоў таму ўсе разам мы хадзілі ў касцёл да ксяндза Ежы Бяганскага, размаўлялі на духоўныя тэмы. А калі стварылі сем'і, не перасталі сябраваць. Хрысцілі дзяцей адзін аднаго. І сёлета вырашылі абавязкова сабрацца разам на другі дзень свята.

Вялікдзень для нашай сям'і і сем’яў сяброў – галоўнае свята. У гэты дзень заўсёды хочацца, каб жыццё блізкіх і любімых людзей было сонечнае, радаснае, багатае, як вясна, а анёл-захавальнік надзейна абараняў ад бед, хвароб, прыносіў у дамы святло, цяпло і любоў.


Текст: Вольга Мацеша, Вольга Яхантава.Вольга Мацеша, Вольга Яхантава.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться