Малітва за будучыню. Няхай гучыць на Лідчыне імя святога Паісія!

28 Мая 2020 1174

Нядаўна ў "Лідскую газету" прыйшло пісьмо ад пастаяннай падпісчыцы, чытачкі і актыўнага пазаштатнага аўтара Ніны Сапліцы, якую ўзрушыў артыкул “У абіцелі святога Паісія”, што апавядаў пра будаўніцтва першага на Лідчыне жаночага манастыра. Сваімі думкамі наконт стварэння абіцелі ў гонар Паісія Святагорца, нашага сучаснага святога, а таксама праблем духоўнасці (або бездухоўнасці) ў сучасным свеце і ўспамінамі з дзяцінства, якое выпала на супярэчлівы, бязбожны час, Ніна Сапліца вырашыла падзяліцца з газетай і яе чытачамі. 

Няхай гучыць на Лідчыне імя святога Паісія

“Мяне вельмі ўзрадавала тое, што манастыр будуецца ў гонар святога Паісія Святагорца. З яго жыццём я пазнаёмілася некалькі год таму. Апошнім часам цікаўлюся духоўнай літаратурай.

Прападобны Паісій – наш сучаснік. Пражыў 70 гадоў (1924-1994), нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і ў Кападакіі (Турцыя). Першапачатковае імя яго – Арсеній. Яго хросны – прападобны Арсеній Кападакійскі – аднойчы выказаў пажаданне: “Хачу пакінуць пасля сябе манаха”. Пройдзе шмат гадоў, і манах, якога пакінуў пасля сябе святы старац, напіша пра свайго хроснага бацьку: “Жыццё айца было святым. Ён меў вялікую веру і вылечваў вернікаў і нявераў. Мала слоў, але шмат цудаў”.

З самага ранняга дзяцінства маленькі Арсеній імкнуўся быць падобным на хроснага. Пазнаўшы грамату, шмат чытаў. Часта бег у лес, дзе яму ніхто не перашкаджаў у адзіноце маліцца. Сям’я жыла бедна. Пасля заканчэння пачатковай школы Арсеній працаваў цесляром. Гэта было рамяство Ісуса Хрыста. У Арсенія былі залатыя рукі. Слава аб ім разносілася далёка. Людзі казалі: “Выдатны майстар, і па характары – справядлівы і шчыры”. Заробленыя грошы Арсеній раздаваў бедным і дапамагаў родным.

У кішэні ў яго заўсёды была духоўная кніга, якую ён чытаў уголас. Мова яго была вельмі вобразнай, і гэтым ён заварожваў усіх. А як радаваўся яшчэ ў юнацкія гады, што мог навучаць слову Божаму!

Жыццёвая дарога будучага святога была цяжкай і складанай, але, нягледзячы ні на што, цікавай і радаснай. Грэка-італьянская вайна, акупацыя, грамадзянская вайна – у гэты час ён перажыў шмат цяжкасцей, не раз трапляў у небяспеку. У час грамадзянскай вайны быў кінуты ў турму, дзе падвяргаўся маральным выпрабаванням. Арсеній заўсёды маліўся і адразу ж адчуваў “сілу зверху”, якая ўмацоўвала яго.

У час Коніцкай бітвы ён добраахвотна дапамагаў даглядаць раненых і хаваць памерлых. Бачачы, што яго радзіме пагражае небяспека, пайшоў бараніць яе са зброяй у руках. Перад гэтым наведаў царкву Святой Шматпакутніцы Варвары і папрасіў Прасвятую Багародзіцу: “Няхай мне будзе дрэнна, небяспечна, але каб толькі мне не забіць ніякага чалавека, а пасля ўдастоіцца стаць манахам”.

Амаль пяць гадоў свайго жыцця ён аддаў абароне Радзімы. Пасля дэмабілізацыі хацеў быць далучаным да іншага воінства – Хрыстовага, – стаць манахам. Нямала выпрабаванняў і спакушэнняў выпала на яго долю, але цярплівасць, вера, мудрасць дапамаглі пераадолець усе цяжкасці.

На працягу жыцця ён усім дапамагаў: ратаваў ад хвароб, ад смерці, эпідэмій, здарэнняў. На вялікай адлегласці адчуваў, што і каму патрэбна. Усіх  упэўніваў, што неабходна шанаваць і любіць Радзіму, дзейнічаць дзеля агульнага дабра, не захапляцца духам раўнадушша, прыстасавальніцтва і злоўжыванняў.

Самае галоўнае – старац Паісій дапамагаў Айчыне сваёю малітваю. Ён верыў, што адзін манах можа спрыяць цэламу народу. Давай і мы з табою, дарагі чытач, будзем маліцца і дапамагаць матушцы Касіяне, настаяцельніцы манастыра, здзейсніць задуманае. Няхай на нашай лідскай зямлі ўшаноўваецца імя старца Паісія Святагорца.

Знак бяды

У бібліятэках горада Ліды можна знайсці кнігі пра Паісія Святагорца і пазнаёміцца з яго жыццём. Сёння, дзякуй Богу, доступ да духоўнай літаратуры ў нас свабодны. Ды і да храмаў, да ўсяго святога таксама. Было б жаданне. Вось толькі духоўнае выхаванне ў сучасных сем’ях, на жаль, кульгае. Нарадзіць дзіця – дар Божы, а выхаваць – задача бацькоў.

Успамінаю сваё дзяцінства. Яшчэ задоўга да школы (у школу пайшла на шостым годзе жыцця) у нядзельку ці ў святы мама брала мяне за руку і мы з ёю, радасныя, ішлі ў храм. На душы было прыемна і лёгка. Тут я адчувала, як адчуваю і зараз, своеасаблівую асалоду. Услухоўвалася ў песнапенні, сачыла, як гарэлі свечкі, адчувала пах кадзіла, назірала за кожным рухам святара. Маленняў яшчэ не разумела, але словы “Госпадзі, памілуй” западалі ў душу. У канцы службы мама прапускала мяне наперад і мы падыходзілі да бліскучага крыжа, які трымаў святар. Бацюшка благаслаўляў мяне і падносіў да вуснаў крыж.

Вяртаючыся дахаты, я засыпала маму сваімі “чаму”. Мама радавалася маёй зацікаўленасці і цярпліва ўсё да дробязей тлумачыла, не спасылаючыся на няхватку часу. З яе слоў я ўсведамляла, што высока-высока за небам жыве Бог, што Ён бачыць усё і ведае, каму што і колькі даць. “Ён, – казала мама, – Усемагутны, Уседзяржыцель”.

Памятаю, як мама брала маю ручку, складвала тры пальчыкі, а два прыкладвала да далоні і, прамаўляючы словы: “У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь”, перахрышчвала мяне. Я адразу падхапіла гэтыя словы і сама перахрышчвалася па некалькі разоў. Пазней мама вучыла мяне малітвам. У той час не было малітвасловаў. А калі і былі, то недаступныя. Мама была непісьменная. Рана засталася круглаю сіратою і вучыцца не мела магчымасці. Затое мела багацце душы, што і перадала мне ў спадчыну. У маім жыцці ўсяго хапала, але я верыла ў Божую сілу і з гэтаю вераю жыла.

У школе пачалося новае жыццё. З тых, хто наведваў храм, насміхаліся, іх крытыкавалі. Карыкатуры і прозвішчы памяшчалі ў насценгазету, якая вісела на сцяне калідора. Вучылася я выдатна і на той час баялася быць прыніжанай. У храм перастала хадзіць. Дома малілася тайком. Ад мамы вывучыла малітвы.

У 1960 годзе ўзмацніліся ганенні на рэлігію: зачынялі цэрквы, спілоўвалі крыжы, выганялі святароў. Нашу царкву, прыгожую, у цэнтры вёскі, ператварылі ў свіран, куды звезлі сабранае збожжа. Мне тады ішоў чатырнаццаты год. Той страшны дзень запомніўся на ўсё жыццё…

Ішло жніво. Дарослыя былі ў полі. У хатах заставаліся нямоглыя старыя і дзеці. Богаборцы панаехалі на грузавых машынах і матацыклах. Зламалі замок на дзвярах царквы, пачалі выкідваць рэчы ў кузавы машын. Чутка аб нападзе дайшла ў поле да калгаснікаў. Яны кінулі жніво і з сярпамі прыбеглі, каб хоць што-небудзь уратаваць. Што тварылася! Плач, лямант, просьбы і праклёны. Хапалі хто што мог. Прасілі не нішчыць, даць людзям на захаванне. Але іх не слухалі, выконвалі загад.

Адзін са старшынь калгасаў з азартам пачаў пілаваць высокі дубовы крыж. Яму хацелася паказаць сваю адданасць тым, хто нішчыў святыню. Маці яго была набожнай жанчынай, але ў той час не магла перашкодзіць сыну. А познім летнім вечарам яго пачало трэсці, кідаць ад падлогі. Урачы аказаліся бяссільнымі. Сабралася ўся вёска. Не ведалі, як і чым дапамагчы. Ён стагнаў, крычаў штосьці незразумелае. Маці пачала маліцца, акрапляць яго святой вадой. Маліліся ўсе прысутныя, запаліўшы свечкі. Хтосьці прынёс ікону Божай Маці. Паступова ён пачаў супакойвацца.

Пасля здзекаў з царквы ўся вёска была нібыта ў жалобе. Замоўклі званы, што абуджалі ў людзях пачуцці чагосьці дзіўнага, прыгожага, адухатваральнага. “Не слышно звона колокольного, не слыхать пения церковного” – гэтыя вершаваныя радкі ўсведамляліся як пакаранне для душы, як знак бяды. Але нельга скарыць дух чалавека. У святы людзі, хто пешшу, хто на падводах, дабіраліся да іншых храмаў.

Прыгожы каменны будынак са святым крыжам на купале ў нашай вёсцы нязрушна стаяў на сваім месцы, чакаючы свайго часу. Збожжа, звезенае ў храм, прапала, згніло. Далей выкарыстоўваць святыню ў якасці свірна не мела сэнсу. Вяскоўцы зламалі замок, усё ачысцілі, прывялі храм у належны выгляд, прынеслі іконы і пачалі маліцца. Службы спачатку праходзілі без святароў. Пазней пачалі прыязджаць святары з іншых, дзеючых храмаў. Людзі сабралі грошы і самых актыўных дэлегавалі ў Маскву з прашэннем накіраваць у вёску пастаяннага святара. І храм дачакаўся свайго часу. Ажылі званы. Пачалося новае жыццё.

Маленькі панамар Макарый

Духоўнасць і душа – самае галоўнае для чалавека. Вельмі сумна ад таго, што мы пачынаем разумець гэта тады, калі сутыкаемся з цяжкасцямі, не знаходзім іншага выйсця.

Сёння нашы дзеці падвергнутыя масаваму выхаванню. Бацькі галоўнай сваёй мэтай бачаць матэрыяльную забяспечанасць: адзець прыгажэй за ўсіх, накарміць смачней за ўсіх, пабудаваць дом ці кватэру, купіць машыну і г. д. Расце асоба пад уздзеяннем тэлевізара, інтэрнэту.

Нядзелька – выхадны дзень. Свята. Званы клічуць у храм. Нельга сказаць, што храмы пустуюць. Збіраюцца ў іх людзі розных узростаў. Болей, вядома, састарэлых і пенсіянераў. Амаль зусім няма дзяцей і падлеткаў. Спяць іх душы, далёкія ад малітвы.

Аднойчы на службе на вочы трапіў малады чалавек, побач з якім стаяў чатырохгадовы хлопчык. Трэба было бачыць, як уважліва гэтае хлапчанё назірала за ўсім, што адбываецца на богаслужэнні.

Архіерэйская служба ў кафедральным саборы, якую ўзначальвае епіскап Парфірый і якую суправаджаюць протаіерэй Максім Цыгель, протадыякан Анатолій Мяльніцкі, алтарнікі, праходзіць на высокім узроўні. Асаблівую цікавасць у мяне, ды і не толькі, выклікае маленькі панамар-алтарнік, пяцігадовы Макарый, які спасцігае азы царкоўнага служэння.

З упэўненасцю магу сказаць, што з такіх дзяцей, як той чатырохгадовы хлопчык і пяцігадовы панамар-алтарнік Макарый, вырастуць сапраўдныя грамадзяне краіны. Яны ўжо зараз умеюць паважаць бліжняга, любіць сваю Радзіму. Не, ніколі не стануць яны вымагальнікамі ці махлярамі. Менавіта ў атмасферы духоўнасці фарміруецца асоба сапраўднага чалавека. Шчаслівыя бацькі, што маюць такіх дзяцей, шчаслівыя і дзеці, што маюць такіх бацькоў.

Сям’я – маленькая ячэйка грамадства. Чым болей шчаслівых сем’яў, тым шчаслівейшае грамадства. На жаль, сёння палова шлюбаў заканчваецца разводамі, шмат маладых пар бяздзетныя. Страшэнныя факты! А ці не гэта і ёсць вынік выхавання без духоўнасці, без адказнасці?! Дарагі, шаноўны чытач, будзем жа берагчы духоўнасць, выхоўваць яе ў нашых нашчадках, сеяць маленькае зярнятка дабра.

Текст: Ніна СапліцаНіна Сапліца
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться