З прыбаўленнем, Ліда! Тысячнай нованароджанай у прыгожым горадзе з жаночым імем сёлета стала дзяўчынка Соф’я

09 Ноября 2018 4718

Добрай і вельмі прыемнай традыцыяй у аддзеле ЗАГС Лідскага райвыканкама на працягу вось ужо амаль дзесяці год з’яўляецца ўрачыстае ўручэнне пасведчання аб нараджэнні тысячнаму дзіцяці. 2018-ы не стаў выключэннем. Тысячным нованароджаным у прыгожым горадзе з жаночым імем стала дзяўчынка Соф’я Бінкевіч, якая з’явілася на свет 29 кастрычніка ў 8 гадзін 55 хвілін. Пасведчанне аб нараджэнні ўчора было ўрачыста ўручана яе бацькам Аляксею і Ірыне Бінкевічам.

У вялікай зале, пад беларускімі дзяржаўнымі сімваламі, начальнік аддзела ЗАГС Наталля Малышка ўручала Ірыне Віктараўне і Аляксею Юр’евічу першы дакумент іх дачкі. Пасведчанне ў зялёнай атласнай вокладцы з гербам Ліды і надпісам ”Мая Радзіма – горад Ліда” (дарэчы, дызайн яго распрацаваны супрацоўнікамі Лідскага загса спецыяльна да Года малой радзімы, пасведчанне ў такой вокладцы ўручаецца ў асаблівых выпадках). Запіс ў дакуменце вядзецца на дзвюх мовах – спачатку на беларускай, затым на рускай – і змяшчае звесткі аб нараджэнні: даце і месцы, бацьках дзіцяці, іх нацыянальнасцях, месцы рэгістрацыі нараджэння. Разам з дакументам муж і жонка Бінкевічы атрымалі сімвалічны медаль – “Тысячнаму нованароджанаму Лідчыны-2018”.

У сям’і Аляксея і Ірыны Бінкевічаў Соф’я – другое дзіця. Старэйшаму сыну, Герману, два з паловай гады. Аляксей Юр’евіч – прыватны прадпрымальнік і займаецца грузаперавозкамі, Ірына Віктараўна – настаўніца пачатковых класаў СШ № 14. Абодва лідчане. Сям’я Бінкевічаў вядзе адлік з 2015 года.

– Тое, што наша дачка стала тысячнай нованароджанай, для нас і ўсёй нашай сям’і, бабуляў, дзядуляў, стала вельмі радаснай, хаця і нечаканай падзеяй, – дзяліліся муж з жонкай. – Верым, што наша дачка будзе расці добрай дзяўчынкай, а медаль тысячнага дзіцяці, якую мы сёння атрымалі, з годнасцю захавае і зберажэ.

2018-ы – шчодры на нараджэнні год. Як паведаміла Наталля Канстанцінаўна, іх на Лідчыне ўжо больш за тысячу сто. Сярэдні ўзрост матуляў – 28 гадоў, бацькоў – 30. Мамамі лідчанкі станавіліся і ў 18 год, і нават пасля 45, а татамі лідчане станавіліся і пасля 50.

Соф’я, або Сафія (што азначае “мудрая”), – самае папулярнае імя для дзяўчынак 2018 года. Апошнім часам лідчане рэгістравалі сваіх немаўлят з рознымі імёнамі. Што асабліва прыемна, вяртаюцца такія класічныя прыгожыя імёны, як Вера, Марыя, Віктар, Канстанцін. Найбольшая колькасць дзяцей сёлета нарадзіліся другімі ў сем’ях, значна болей стала трэціх дзяцей (175), чацвёртых, пятых. А адно дзіця стала ў сям’і дзясятым.

Текст: Вольга ЯхантаваВольга Яхантава
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться