У Лідзе выпаў першы снег

30 Октября 2019 2281

Сёння ў Лідзе пайшоў першы снег. Ён не быў густым і сталым. Нібы сарамлівы кавалер, просячы прабачэння перад восенню за свой няпрошаны візіт, снег то з’яўляўся, то знікаў... Ён падаў і адразу ж раставаў на шэрым асфальце. Затрымліваўся снег хіба што на кустах і кветках, якія не паспелі яшчэ завянуць. І ў гэтым было нешта няўлоўна кранальнае і цёплае.

Жыццё мераюць вёснамі. Але першы снег заўсёды прымушае нас схамянуцца і падумаць аб хуткаплыннасці часу. “Яшчэ ўчора, здаецца, радаваліся маю і горача абмяркоўвалі планы на лета, а сёння злавіла сябе на думцы, што хутка Божае Нараджэнне і Новы год. Куды дзеліся гэтыя паўгода?” – не разлічваючы на адказ, гледзячы ў акно на тое, як падае рэдкімі шматкамі снег, задуменна і нават з нейкім ледзь улоўным сумам сказала рэдактар рэкламнага аддзела “Лідскай газеты” Людміла Кішко.

Першы снег… Ён кожны раз здараецца нечакана, як бы ты ні быў да яго гатовы. І колькі б табе ні было гадоў, ты радуешся гэтаму першаму снегу, вусны самі сабой расцягваюцца ва ўсмешцы, а вочы зіхацяць, як у дзіцяці. Прынамсі, такія пачуцці сёння адчула я, выйшаўшы з хаты на працу. Хацелася ўсміхацца і шчыра віншаваць усіх з гэтым, няхай і сціплым, першым снегам. Неяк мая сяброўка сказала: “Снег хавае пад сваім белым халодным пакрывалам увесь бруд і ўвесь боль, што сабраўся ў душы. Але не вымарожвае сэрца, а запальвае ў ім знічку надзеі на нешта светлае і радаснае”.

Ідзі, снег, ідзі смялей!







Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться