З нагоды прафесійнага свята – Дня работнікаў культуры. «Усе адпачываюць, а мы працуем»

11 Октября 2020 1289
Штогод у другую нядзелю кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Гэтае свята адзначаюць людзі, якія звязалі сваё жыццё з творчасцю: пісьменнікі, мастакі, дызайнеры, работнікі музеяў, клубныя работнікі, акцёры, вакалісты… Спіс вялікі, аднак па вялікім рахунку работнікі культуры асацыююцца з канцэртамі і ўрачыстымі мерапрыемствамі. І здаецца, што ў культработнікаў не праца, а святы. Але за ўсімі гэтымі святамі стаіць іх велізарная праца. А ўжо ў гэтую нядзелю і самі работнікі культуры адсвяткуюць сваё свята і паспрабуюць адпачыць.

Карэспандэнт «Лiдскай газеты» пацікавіўся ў работнікаў культуры, ці заўсёды іх праца – свята. 

Пётр Кіман, намеснік дырэктара Палаца культуры горада Ліды:

– Працую ў культуры амаль 30 гадоў і з упэўненасцю магу сказаць: культура – адна з самых важных сфер у жыцці грамадства. З аднаго боку, культура фарміруе асобу чалавека, з другога – менавіта на долю людзей, якія працуюць у сферы культуры, выпадае вялікая колькасць святаў. Без іх удзелу цяжка ўявіць амаль усе існуючыя ў нашай краіне святы. Таму ідуць у культуру людзі апантаныя, з асаблівым складам розуму і душы, гатовыя несці добры настрой і пазітыў людзям.

Тым людзям, якія хочуць прыйсці працаваць у гэтую сферу, хачу пажадаць вялікага цярпення, паколькі ў культработнікаў ненармаваны рабочы дзень. Часта працуем па выхадных, у святочныя дні. Іншымі словамі, усе адпачываюць, а мы працуем.

Вікторыя Марушэўская, мастак-пастаноўшчык узорнага тэатра «Какос» Палаца культуры горада Ліды:

– З ранняга дзяцінства я хацела стаць артысткай. Актыўна ўдзельнічала ў школьных мерапрыемствах, у рабоце розных творчых гурткоў. А пазней паступіла ў каледж мастацтваў. Заўсёды падабалася сфера тэатра. Мяне прыцягвае працэс пастаноўкі спектакля, але ў апошні час я знайшла сябе ў клаўнадзе. Вельмі люблю прыносіць людзям радасць.

Працаваць у нашым Палацы культуры мне вельмі падабаецца, калектыў добры і вельмі спагадлівы. А сваім калегам па працы ў сферы культуры хачу пажадаць творчага натхнення, удзячных гледачоў, ажыццяўлення ўсіх задуманых праектаў, ну, і самага галоўнага – здароўя.

Святлана Паўлюкова, выкладчык харэаграфіі Лідскай дзіцячай школы мастацтваў:

– Я ўсё жыццё любіла танцаваць. Гэта быў мой любімы занятак з дзяцінства. Зараз я з радасцю працую на ўсіх мерапрыемствах і як педагог, і як харэограф, і як культработнік. Актыўна ўдзельнічаю ў мерапрыемствах і конкурсах. Але самае галоўнае, што ёсць у культработніка, – вясёлы настрой.

Я вельмі рада, што выбрала прафесію харэографа і адношу сябе да работнікаў культуры. А сваім калегам жадаю здароўя і творчага натхнення!

Вікторыя Шурмей, выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплін Лідскай дзіцячай школы мастацтваў:

– У культуры працую ўжо 16 гадоў і за гэты час ні разу не пашкадавала, што пайшла ў гэтую сферу дзейнасці. Я з дзяцінства ведала, што буду культработнікам, паколькі мае бацькі таксама займаліся творчасцю.

Вельмі падабаецца мая цяперашняя праца, паколькі працую з дзецьмі (а іх я вельмі люблю). Я выкладаю тэарэтычныя музычныя дысцыпліны. Стараюся крэатыўна падыходзіць да кожнага ўрока.

Сваім калегам па працы ў сферы культуры хачу пажадаць моцнага здароўя, цярпення, творчых перамог у конкурсах.


Текст:
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться