Ліда рыхтуецца стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства. Як гэта будзе?

26 Марта 2025 1135

Ліда ўжо прымярае на сябе статус сталіцы Дня беларускага пісьменства. І хоць самой падзеі чакаць яшчэ некалькі месяцаў, жыхары горада ўжо жывуць у прадчуванні. Адмысловы дух, здаецца, лунае ў паветры, ды і лірычны настрой перадаецца па ланцужку. Пацвярджае гэта відэачэлендж #ЧЫТАЙ_ВЕРШЫ, запушчаны старшынёй Лідскага райвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім. Далучыліся да яго многія лідчане, і гэта цудоўна, што ў Лідзе так многа аматараў беларускай паэзіі! Ну а калі пра зямное, то Ліда як заўсёды рыхтуецца паўстаць у лепшым выглядзе, і для гэтага нам як гаспадарам трэба нямала папрацаваць. Усё ж такі ў горад прыедуць дзясяткі тысяч гасцей!

Якім будзе свята, абмеркавалі на аргкамітэце ў Лідскім райвыканкаме з удзелам намесніка Міністра інфармацыі Беларусі Дзяніса ЯЗЕРСКАГА і намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара ПРАНЮКА.

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе ў першыя выхадныя восені - 6-7 верасня 2025 года. Горад зменіцца і стане не проста прыгожым, а вельмі прыгожым. У інтэр'еры цэнтральных вуліц з'явіцца багаты кветкавы строй, мноства малых архітэктурных формаў. Запланавана адкрыццё помніка беларускаму паэту Валянціну Таўлаю. Адчуюць на сабе святочны рух і жыхары мікрараёнаў: тут чакаецца маштабнае добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый з устаноўкай больш дваццаці дзіцячых гульнявых пляцовак. Што да свята, то будзе задзейнічана мноства лакацый з культурна-забаўляльнай праграмай на кожнай з іх.

Намеснік Міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі ўпэўнены, што Ліда годна паўстане ў сваім новым статусе:

- Гэта горад-статысячнік з вялікай фестывальнай гісторыяй і фестывальнымі традыцыямі! Тыя лакацыі, якія сёння ёсць у Лідзе, - жывыя і карыстаюцца вялікім попытам у турыстаў. Нават сёння, прыехаўшы ў горад, мы бачым вялікую колькасць турыстычных аўтобусаў каля Лідскага замка і ў цэнтральнай частцы горада. Ліда пры ўездзе сустракае сваёй чысцінёй, парадкам і я думаю, што тут нам застаецца толькі самае галоўнае - стварыць атмасферу свята. Вопыт спецыялістаў райвыканкама і абласнога выканаўчага камітэта дапаможа нам у арганізацыі мерапрыемства. Самае галоўнае - жаданне... А мы, працуючы, сустракаючыся, вырашаючы тэхнічныя пытанні, бачым, наколькі вялікая ў жыхароў Ліды цікавасць да правядзення мерапрыемства. Ідэй, ініцыятыў - вялізная колькасць. Упэўнены, што Дзень беларускага пісьменства будзе цікавы і непаўторны, а гэта і ёсць асноўная задача, якую мы як арганізатары перад сабой ставім.

Дарэчы, кніга будзе ў цэнтры. Да свята ў Лідзе запланавана выданне адразу трох мясцовых кніг.

- Кніга будзе цэнтрам! - адзначае Дзяніс Язерскі. - Дзякуючы кнізе гэтае свята і праходзіць. Дзякуючы кнізе людзі на яго прыязджаюць. І Ліда ў гэтым напрамку мае свае традыцыі.

- Сапраўды, горад Ліда мае глыбокія гістарычныя карані і багатую гісторыю. Акрамя таго, неаднаразова прымала ў сябе маштабныя рэспубліканскія фестывалі, - адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. – Дзень беларускага пісьменства для гасцей і жыхароў горада Ліды – гэта будзе фестываль-сюрпрыз. Безумоўна, людзей парадуе мноства лакацый. Але самае галоўнае - гэта жывое слова і кніга: пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі, навукова-практычныя канферэнцыі, чытанні, экспедыцыі. Неабходна, каб і маладое пакаленне таксама далучылася да гэтай тэмы. Разам з тым, мы хочам паказаць, што лідская зямля багатая на таленты. Што тычыцца камфорта, святочнай атмасферы, то ў Лідзе ёсць добры вопыт арганізацыі падобных фестываляў. Рэгулярна праводзяцца аргкамітэты і мы бачым, што Лідскі райвыканкам правёў вельмі сур'ёзную работу. Прычым, гэта работа не папяровая, а менавіта тая, якая паказвае гатоўнасць горада да маштабнага свята.

Каляндар падзей у Лідзе ўжо распісаны.

- Увесь час напярэдадні свята будзе насычаным, - кажа старшыня райвыканкама. - Мерапрыемствы носяць характар ​​падрыхтоўчых як у плане дабраўпарадкавання горада - каб усё прайшло лепш, чым дзесьці было дагэтуль, так і творчым – у Лідзе рыхтуюцца да выпуску тры кнігі. Цэнтрам Дня беларускага пісьменства стане Ліда, але адчуюць на сабе атмасферу і сельскія населеныя пункты, дзе пройдуць тэматычныя мерапрыемствы, сустрэчы з пісьменнікамі.

“Упэўнены: цікавасць да кнігі была, ёсць і будзе, - лічыць Аляксандр Вярсоцкі. - Апошнім часам што б ні казалі, нібыта і тэатр знікне, а ён як існаваў, так існаваць будзе. Тое ж і кніга. Не адмаўляю: асноўная маса насельніцтва чытае электронныя крыніцы. Але да друкаванай кнігі цікавасць не знікае. Дарэчы, на тэрыторыі каля Лідскага замка мы плануем абсталяваць лакацыі, дзе было б зручна пасядзець і пачытаць кнігу, пагартаць часопіс… Упэўнены, што Днём беларускага пісьменства мы паспрыяем, каб лідчане сталі больш чытаючымі людзьмі”.






0Комментарии
Авторизоваться