Кацярына Серафіновіч: Eсць разуменне таго, што мы робім агульную справу

— Кацярына Адамаўна, наколькі плённай гэтым разам была работа ў выбарчай акрузе?
— Яна для мяне заўсёды плённая. Перад тым, як ехаць у Ліду, дамаўляюся наконт сустрэч, правядзення тэлефонных прамых ліній, прыёмаў грамадзян. Імкнуся, каб кожны раз падчас работы з выбаршчыкамі было нешта адметнае: папярэдняя дзейнасць, звязаная з творчасцю, прывучыла да таго, каб не паўтарацца. У сваім тэлеграм-канале не заўсёды адлюстроўваю шараговыя мерапрыемствы. Хочацца, каб ён таксама быў асаблівым і прыкметным: упэўнена, людзям надакучвае чытаць адно і тое ж. Што датычыцца непасрэдна работы ў акрузе, разам з кіраўніцтвам раёна і СТАА «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» абмяркоўвалі дэталі арганізацыі на базе прадпрыемства выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі па міжнародных справах на тэму
«Актуальныя пытанні практыкапрымянення заканадаўства ў сферы развіцця знешнеэканамічных сувязяў». Прадпрыемства — адно з найлепшых у нашым раёне: нягледзячы на санкцыі, рэалізоўвае сваю прадукцыю ў многія краіны свету. Задача парламентарыяў — на гэтым прыкладзе паглядзець, як працуе заканадаўства ў дадзенай сферы. Адпаведны аналіз будзе зроблены і ў дачыненні да іншых прадпрыемстваў горада, вобласці.
— Напэўна, не абышлося падчас работы ў акрузе і без вырашэння пытанняў і праблем, якія хвалююць мясцовых жыхароў?
— У Палату прадстаўнікоў я прыйшла пасля шматгадовай працы ў рэгіянальнай журналістыцы. Людзі тэлефануюць, кажуць, што ведаюць мяне, нагадваюць, што прыязджала, пісала пра іх, — просяць дапамогі. Бывае, што не з маёй выбарчай акругі. У такім выпадку абмяркоўваем гэтыя пытанні з маімі калегамі, дэпутатамі па Лідскім раёне, Аляксандрам Сонгіным і Міхаілам Ордам. У іх, вопытных парламентарыяў, ёсць разуменне таго, што мы робім агульную справу.
— А ці дапамагаюць у гэтым дэпутатам прадстаўнікі мясцовых органаў улады?
— Важна, каб была сувязь з раённай выканаўчай і заканадаўчай уладай, раённымі службамі. Немагчыма вырашыць пытанні людзей самастойна. Тут ёсць поўнае ўзаемаразуменне і з кіраўніцтвам раёна, з раённымі службамі. У прыватнасці, са старшынёй Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інесай Белуш мы шмат гадоў працавалі разам на розных пасадах. Гэта ўзаемадзеянне сфарміравалася не за адзін дзень. Такія добрыя адносіны дазваляюць не марнаваць час на вырашэнне пэўнай праблемы. На прыёмы часта звяртаюцца людзі, якія прайшлі праз усе інстанцыі і ўскладаюць вялікую надзею на дэпутата. А намаганняў аднаго парламентарыя не заўсёды дастаткова. Радуе, што людзі цікавяцца заканатворчасцю і прапаноўваюць змяненні ў заканадаўства. Грамадзяне ў нас адукаваныя, яны разумеюць, якімі функцыямі валодае дэпутат.
Некаторым няважна, якую пасаду ты займаеш: галоўнае, каб вырашылася пытанне. І наша задача, дзяржаўных асоб, — дапамагчы чалавеку. На мінулым тыдні даводзілася вырашаць пытанне з выездам на месца, што раблю перыядычна і гляджу канкрэтна, чым можна дапамагчы. У дадзеным выпадку размова пра двор па вуліцы Рыбіноўскага, у якім ёсць умовы для таго, каб там зрабіць спартыўную пляцоўку для моладзі. У гэтай сітуацыі звяртала ўвагу на важнасць грамадзянскай ініцыятывы: пытанне можна вырашыць не толькі пэўным даручэннем, але і сумеснымі намаганнямі. Тым больш гэта актуальна ў Год добраўпарадкавання.
— Якія пытанні найперш хвалююць грамадзян?
— Як правіла, людзі звяртаюцца з пытаннямі добраўпарадкавання тэрыторыі, у цэлым жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Іх хвалюе якаснае гандлёвае абслугоўванне, транспартнае забеспячэнне. Калі раблю запыты ў пэўныя службы, адсочваю іх далейшы лёс. Мая задача — давесці зварот да лагічнага канца, каб дакладна разумець, што выканана, а што яшчэ патрэбна зрабіць.
— Напэўна, не абыходзіцца без так званых прафесійных скаржнікаў...
— Такіх мала. Справа ў тым, што ў нашых раёнах так выбудавана работа, што праводзіць прамыя лініі, прыёмы грамадзян старшыня райвыканкама, усе яго намеснікі, прадстаўнікі розных структур. Працуе служба 115, і ў людзей ёсць магчымасць непасрэдна зрабіць заяўку. Грамадзяне ўзнімаюць праблемныя моманты і падчас сустрэч з дэпутатамі ў калектывах.
Заўсёды папярэджваю, што людзі са сваімі пытаннямі могуць звяртацца да мяне ў любы момант, у тым ліку і асабіста пасля сустрэчы з калектывам (не кожны чалавек можа публічна агучыць тую праблему, якая яго хвалюе).
І людзі падыходзяць. Адна з нядаўніх просьбаў, у прыватнасці, датычылася добраўпарадкавання сельскай дарогі: мужчына агучыў праблему пад’езду да бацькоўскага дома. Звязалася са старшынёй сельскага Савета, якая паведаміла, што дарога, пра якую ідзе размова, знаходзіцца ў плане, таму ў хуткім часе праблема будзе знята.
— Які аўтарытэт дэпутата Палаты прадстаўнікоў у акрузе?
— Вазьму на сябе смеласць сказаць, што ён ёсць, а гэта галоўнае. Трэба разумець, што аўтарытэт не з’явіўся адразу: на ранейшых пасадах ты працаваў на яго шмат гадоў. Многія дэпутаты прыйшлі з канкрэтнага калектыву, мелі пэўныя дасягненні, аўтарытэт. Цяпер важна яго падтрымліваць, ставіць на новы ўзровень. Адна справа, калі ты выконваў свае прафесійныя абавязкі на сваім папярэднім працоўным месцы. Цяпер іншая задача — ты павінен працаваць на заканадаўчым узроўні, даносіць да людзей тое, чым займаешся. Прычым важна разумець, што работа ў рэгіёне — гэта не толькі тыдзень у месяц. Падтрымліваем сувязь са сваімі выбаршчыкамі пастаянна. Удзельнічаем у мерапрыемствах рознага кшталту.
Падтрымліваю сувязь са сваім былым калектывам «ЛідаМедыяКампанія». Змена пакаленняў, пра што часта кажа і Прэзідэнт, адбываецца. Прыходзяць маладыя журналісты, новыя кіраўнікі, і вельмі важна, каб яны захавалі традыцыі і разам з тым выйшлі на новы ўзровень. Задача складаная, але вырашальная. Вельмі радуюся, што рэдакцыю ўзначальвае кіраўнік, які жыве сваёй справай, і гэта адна з найважнейшых акалічнасцяў, праз якую мясцовыя СМІ запаўняюць інфармацыйную прастору якасным запатрабаваным кантэнтам. Днямі дамовіліся аб сумеснай рабоце на старонках «Лідскай газеты», якая прадугледжвае экспертныя меркаванні парламентарыяў. Падобныя ініцыятывы падтрымліваюцца ў Палаце прадстаўнікоў.