Калі вопыт і адказнасць ідуць побач
22 Июля 2022
2283
Адразу знайшлася тэма размовы: як, знаходзячыся непасрэдна сярод вяскоўцаў, Валянцін Сцяпанавіч вырашае іх надзённыя пытанні.
Валянцін Астравец свой сярод мясцовага насельніцтва: нарадзіўся і жыве ў Тарнове. Тут жылі і працавалі яго бацькі: маці – поварам у школе, тата – кавалём.
Пасля заканчэння школы Валянцін Сцяпанавіч вучыўся ў Жыровіцкім саўгасе-тэхнікуме, затым служыў у арміі, а ў 1985 годзе ўладкаваўся працаваць у саўгас “Тарнова”. Спачатку – майстрам-наладчыкам, затым мясцовая моладзь абрала яго вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі гаспадаркі. Праз два гады ён вярнуўся да сваёй тэхнічнай прафесіі: быў назначаны начальнікам аўтатранспартнага цэха. Працаваў на гэтай пасадзе да 1993 года, а пасля – шэсць гадоў галоўным інжынерам саўгаса. У гэты час завочна закончыў Ленінградскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчы інстытут. Затым Валянцін Сцяпанавіч змяніў род дзейнасці. Паколькі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці як дэпутат Тарноўскага сельскага Савета, дэпутаты абралі яго старшынёй. Адпаведна Астравец стаў і старшынёй сельвыканкама. У 2006 годзе, ведаючы пра багаты вопыт работы Валянціна Сцяпанавіча ў сельгасгаліне і цэнячы яго якасці як кіраўніка, яму прапанавалі ўзначаліць СВК “Ганчары-Агра”. Потым была работа ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Лідскага райвыканкама ў якасці начальніка аддзела механізацыі, галоўнага інжынера ўпраўлення. Але ў 2012 годзе дэпутаты Тарноўскага Савета зноў аказалі давер, і Валянцін Сцяпанавіч вярнуўся ў структуру мясцовай улады. Сам Астравец рашэнне прымаў асэнсавана, бо ёсць у яго характары няўрымслівасць, непаседлівасць і жаданне працаваць на карысць людзям. Немалаважнай была і наяўнасць за плячыма вопыту такой работы.
– Калі ў 1999 годзе вы ўзначалілі Тарноўскі сельскі Савет, за якую справу ўзяліся адразу? – спытала я ў Валянціна Сцяпанавіча.
– Пачалі вырашаць пытанне, якое вельмі хвалявала жыхароў Тарнова. На вуліцы Першамайскай раслі векавыя дрэвы, якія знаходзіліся ў аварыйным стане. Ад вяскоўцаў паступалі абаснаваныя скаргі: камусьці страху, упаўшы, галіна паламала, камусьці – калодзеж. Дзякуючы таму, што саўгас прадаставіў спецыяльную тэхніку, дрэвы змаглі ліквідаваць. У выніку вуліца стала шырэйшай, з’явілася магчымасць беспраблемнага праезду для сельгастэхнікі. А калі ў 2008 годзе ў Тарнове пачалі будаваць аграгарадок, вуліцу Першамайскую добраўпарадкавалі, на тэрыторыі, дзе раслі дрэвы, зрабілі тратуар.
– А чым у канцы 90-х-пачатку 2000-х гадоў Тарноўскі сельсавет адрозніваўся ад цяперашняга?
– У той час колькасць насельніцтва сельсавета складала больш за 3,5 тысячы чалавек, на сённяшні дзень – 1565 чалавек. На жаль, як і ўсюды, ідзе працэс старэння жыхароў невялікіх населеных пунктаў, не змяншаецца толькі колькасць вяскоўцаў, якія пражываюць у аграгарадках. На тэрыторыі нашага Тарноўскага сельсавета знаходзяцца два аграгарадкі – Тарнова і Далекія – і 27 вёсак. Сярод іх няма пустуючых. Хаця, напрыклад, у Навасадах пражывае шэсць чалавек (а ў зімовы перыяд наогул адна сям’я), у Бахматах – 10 чалавек. Але колькі б чалавек у вёсцы ні было, я, як кіраўнік мясцовай улады, кожнай удзяляю ўвагу. Ва ўсіх населеных пунктах абраны старасты. Яны, як гаворыцца, мае вочы і вушы. Бо дзякуючы ім дазнаюся і пра прыемныя, і пра сумныя падзеі ў жыцці вяскоўцаў. І, вядома, пра тыя праблемныя пытанні, якія маюцца ў вёсцы. Безумоўна, нярэдка ў населеных пунктах я бываю асабіста.
– Якія формы выкарыстоўваеце для сустрэч з насельніцтвам?
– Гэта сельскія сходы, на якіх іх мы не толькі вядзём гутарку з людзьмі, але і імкнёмся парадаваць музычным падарункам. Запрашаем выступіць з канцэртам перад прысутнымі работнікаў альбо Тарноўскага дома культуры, альбо раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сустракаюся я з людзьмі і ў час наведвання вёсак, і калі вяскоўцы па нейкай патрэбе бываюць у сельскім Савеце. Не адмахнуся і тады, калі нехта спыніць мяне проста на вуліцы і пачне гаварыць пра сваю праблему. Такая ўжо пасада старшыні сельскага Савета, што заўсёды сярод людзей і рабочым днём дзейнасць не абмяжоўваецца. Часта пытанні бываюць неадкладныя, таму і вельмі рана, і познім вечарам, і ў выхадныя даводзіцца брацца за іх вырашэнне.
– Прапановы вяскоўцы ўносяць?
– Безумоўна. Менавіта людзі сталі ініцыятарамі таго, што мы зрабілі рамонт агароджы могілак у вёсцы Вялікія Канюшаны, аднавілі могілкі ў Бахматах. Ці вось, напрыклад, нядаўна жыхары Вялікіх Канюшан вырашылі за свой кошт устанавіць новы крыж на ўездзе ў населены пункт замест старога, які прыйшоў у непрыгоднасць. Пры арганізацыі гэтай справы не абышліся і без мясцовай улады. Акрамя мяне ўдзел у вырашэнні пытання прынялі дэпутат сельскага Савета Наталля Аніскевіч і фермер Эдуард Міцкевіч. Пасля ўстанаўлення крыжа вяскоўцы добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі агароджу. Прыемна, калі вось так, разам, дружна, мы ладзім нейкую справу.
– Наколькі я ведаю, абавязак улады на месцы – падтрымліваць парадак у населеных пунктах сельсавета. Як вырашаеце гэтае пытанне?
– Пры сельвыканкаме маецца двое рабочых зялёнага будаўніцтва, якія з вясны да восені дапамагаюць падтрымліваць парадак на тэрыторыі аграгарадкоў, месцаў агульнага карыстання. Дарэчы, вясной працоўная дзейнасць рабочых пачынаецца з таго, што мы з імі садзім дрэвы. Так, у мінулым годзе ў Тарнове больш за пяцьдзясят дрэўцаў пасадзілі ў парку, сёлета столькі ж – у скверы, што размяшчаецца насупраць магазіна і каля былога стадыёна. А тыя дрэвы, што мы садзілі колькі часу таму ля клуба, ужо падраслі і радуюць вока. Хачу сказаць, што пры навядзенні парадку я не толькі спадзяюся на рабочых, але і пры неабходнасці не лічу заганным самому ўзяць у рукі лапату ці вілы.
Вядома, падтрымліваць чысціню на сваіх падворках мы просім і вяскоўцаў. Радуе, што руплівых гаспадароў нямала. Людзі становяцца нашымі памочнікамі і ў выяўленні нашчадкаў тых вяскоўцаў, якія адышлі ў нябыт і дамы якіх зараз пустуюць, трухлеюць, двары зарастаюць пустазеллем. Дарэчы, сёлета па сельсавеце мы вынеслі каля 70 прадпісанняў і аб’яў для тых, хто не звяртае ўвагі на падтрыманне парадку ў сядзібах.
– Якія праблемныя пытанні хвалююць людзей і як іх вырашаеце?
– Так ужо склалася, што тэматыка пытанняў залежыць ад пары года. Вясной звяртаюцца наконт выдзялення ўчасткаў для пасадкі бульбы. Калі ўзнікае нейкая праблема, не адкладаючы, вырашаем яе.
Летам вяскоўцы пачынаюць часцей уздымаць пытанні, якія тычацца добраўпарадкавання, бо не кожны з іх у стане абкасіць траву на тэрыторыі свайго падворка. Прыходзім на дапамогу. Таксама трэба сказаць, што пры сельскім Савеце створана і працуе аглядавая камісія. Падчас аглядаў, якія яна праводзіць, спецыялісты выяўляюць пэўныя недахопы, што тычацца пажарнай бяспекі. І зноў жа не кожны гаспадар можа сам выправіць сітуацыю: адрамантаваць печ, дымаход, замяніць электраправодку і іншае – і яму патрэбна дапамога. Людзей адзінокіх ці адзінока пражываючых нямала. Ды і наогул, у сельсавеце ёсць грамадзяне іншых катэгорый, якія адносяцца да так званай групы рызыкі. Вось і зараз у мяне маецца спіс 26 вяскоўцаў, якім да пачатку ацяпляльнага сезона тым ці іншым чынам трэба дапамагаць.
Восенню самае хвалюючае пытанне – спілоўванне дрэў на могілках. Праблема сапраўды ёсць. На могілках у Белагрудзе расце 140 дрэў, у Няцечы – 80. Штогод некаторыя з іх пачынаюць сохнуць, і мы звяртаемся да спецыялістаў, якія за кошт сродкаў, што выдзяляюцца сельвыканкаму, праводзяць іх выпільванне (безумоўна, хацелася б знайсці магчымасць вызваліць могілкі ад дрэў наогул). Ёсць сярод нашых вяскоўцаў і такія, хто не чакае ўдзелу з боку мясцовай улады, а просіць дазволу за свае сродкі спілаваць старое дрэва, што навісае над магілай родных.
Таксама восенню набывае актуальнасць пытанне стану пад’язных шляхоў.
Зімой мы робім нарыхтоўку матэрыялу для будучага правядзення добраўпарадкавання. У полі зроку – расчыстка снегу на дарогах сельсавета. У вырашэнні гэтага пытання цесна супрацоўнічаем з сельгаспрадпрыемствамі – КСУП “Мажэйкава” і філіял “Дзітва” ідуць насустрач.
Калі дзень становіцца кароткім, вяскоўцаў пачынае больш хваляваць вулічнае асвятленне. Часцей за ўсё справа аказваецца ў лямпачцы на слупе, якая перагарэла. Мы падаём заяўкі на ліквідацыю недахопу ў Лідскі раён электрычных сетак.
– Вы згадалі пра пад’язныя шляхі да населеных пунктаў. Якім чынам выпраўляюцца хібы на дарогах?
– Шэраг дарог, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, абслугоўвае ДРСУ-157. Штогод на іх участках выконваюцца пэўныя работы. А вось з дарогамі мясцовага значэння, якія знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемства, праблема большая. На жаль, у гаспадарцы не маецца спецыяльнай тэхнікі для грэйдыроўкі. І тым не менш пытанні паступова здымаюцца. Сёлета ў лютым ў аграгарадку Далекія праходзіла выязная сустрэча грамадзян з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Каўрыгам. Прысутныя звярнуліся з просьбай адрамантаваць дарогу да могілак вёскі Дудары. Андрэй Мікалаевіч паабяцаў яе выканаць. З зыходам снегу справа пачала рухацца. Кіраўніцтва ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў рамонту было ўскладзена на мяне, як старшыню сельскага Савета; Андрэй Мікалаевіч узяў на сябе вырашэнне той часткі, якая датычылася забеспячэння гравіем. Выдзяленне грэйдара ўзяло на сябе кіраўніцтва ДРСУ-157, а машын – філіяла “Дзітва” і ААТ “Будвектар”.
– Валянцін Сцяпанавіч, мясцовая ўлада заўсёды беражліва адносіцца да памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў і воінаў-вызваліцеляў. Што робіце вы ў гэтым накірунку?
– На тэрыторыі нашага сельсавета маюцца пяць помнікаў. Падтрымліваць іх у парадку – наш святы абавязак. У красавіку-маі сіламі работнікаў сельвыканкама і школы праводзіцца рамонт помнікаў. Летам рабочыя зялёнага будаўніцтва перыядычна абкошваюць траву вакол іх. За мясцовымі школай і садком замацавана шэфства над гэтымі памятнымі для вяскоўцаў месцамі. Напамінаць не трэба, бо і дзеці, і педагогі, і тэхнічны персанал з ахвотай прыходзяць сюды не толькі аддаць даніну памяці загінулым, але і навесці парадак на тэрыторыі.
– Мне давялося прысутнічаць пры раскопках байцамі пошукавай роты захавання часоў вайны ў лесе ля вёскі Ольжава. У магіле знаходзіўся прах двух салдат, закатаваных бандытамі. А затым менавіта сельскі Савет зрабіў нямала, каб з пашанай правесці перазахаванне воінаў.
– Гэта так. Перазахаванне правялі побач з помнікам загінулым воінам-землякам, што размяшчаецца недалёка ад будынка сельскага Савета ў Тарнове. Магілка ў Ольжаве не зраўнавалася з зямлёй – і памяць жыве. Так і павінна быць.
– Некаторыя вясковыя людзі трымаюць у гаспадарцы кароў і здаюць малако ад сваіх рагуль дзяржаве. Як курыруеце гэтае пытанне?
– Трэба сказаць, што ўласнае пагалоўе ў нашых вёсках, як і паўсюдна, змяншаецца. Тым не менш каля сямі дзясяткаў кароў налічваецца. На сельскім Савеце ляжыць кантроль якасці малака. Пры сустрэчах з людзьмі тлумачым, якім яно павінна быць, каб адпавядаць параметрам агульнага аб’ёму малака, якое дастаўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства. Калі нарыхтоўшчык выяўляе нейкі недахоп, мы вырашаем пытанне, хто тут правы, а хто вінаваты, камісійна, выязджаючы на месца. Трэба заўважыць, што падобных выпадкаў за апошні год не было. Цяперашнія малаказдатчыкі – людзі сумленныя.
Не ўбаку сельскі Савет і ад пытання забеспячэння ўласных кароў пашай. Вясной мы накіроўваем спісы гаспадароў рагуль у сельгаспрадпрыемствы, каб яны мелі гэта на ўвазе і своечасова выдзелілі сенажаці і пашы.
– Вы ж і выдзяленне сотак вяскоўцам курыруеце?
– Так, людзі звяртаюцца да нас, мы фарміруем спісы жадаючых атрымаць надзел і зноў жа накіроўваем у сельгаспрадпрыемствы. Цікава, што раней вяскоўцы прасілі выдзеліць 30-50 сотак, цяпер – максімум 20. А большасць пенсіянераў, наогул, адмаўляецца. Адпаведна змяншаецца плошча запатрабаваных надзелаў. Напрыклад, для такіх вёсак, як Няцеч, Цацкі, Чаплічы, хапае да 0,5-1 га. Прычым мы сочым за тым, каб соткі былі выдзелены як мага бліжэй да населенага пункта. Бывае, што нават просім у фермераў даць участак зямлі, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні.
Да апрацоўкі сваіх надзелаў бульбы вяскоўцы прыцягваюць прыватнікаў. Тых, хто мае ўласныя трактары, у акрузе нямала. А вось вырашаць гэтае пытанне сельгаспрадпрыемству складаней: цяпер у гаспадарцы ў наяўнасці толькі энерганасычаная тэхніка.
– Ці шмат фермераў на тэрыторыі вашага сельсавета? Ці ідуць яны на кантакт з мясцовай уладай?
– На тэрыторыі сельсавета пяць фермерскіх гаспадарак. Добрыя сувязі наладжаны ў нас з кіраўнікамі трох з іх: “Дудары”, “Эдэм” і “Булган”. Памятаю, калі ў 2012 годзе зноў прыйшоў на пасаду старшыні, у распараджэнні сельскага Савета не было ні адной бензакасы. Каштавала яна нямала. Для набыцця адной сродкі выдзеліла сельгаспрадпрыемства “Мажэйкава”, а каб купіць яшчэ і другую, я звярнуўся з просьбай аб фінансавай падтрымцы да фермераў. Яны не адмовілі. Ды і наогул, заўсёды ідуць насустрач у вырашэнні розных пытанняў.
– У аграгарадках, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, маецца пэўная інфраструктура. Яе дзейнасць таксама ў полі зроку мясцовай улады.
– Напрыклад, у Тарнове ёсць школа, дзіцячы садок, два магазіны (невялікія вёскі абслугоўвае аўтакрама), клуб, пошта. Працуе лазня. Быў час, калі яна не працавала, але агульнымі намаганнямі знайшлі магчымасць, каб пасля бягучага рамонту яна зноў аднавіла работу.
– Дарэчы, многія пытанні вы абмяркоўваеце супольна.
– Так, пасяджэнні сельвыканкамаў праводзім штомесяц, а сесіі Савета дэпутатаў – раз у квартал. Нечарговых сесій у гэтым годзе не было. У парадку дня стаяць розныя злабадзённыя пытанні. Кожны трэці чацвер месяца праводзім пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку.
Мне вельмі імпануе, што і нашы дэпутаты, і старасты вёсак – людзі неабыякавыя да ўкладу жыцця сваіх вяскоўцаў. Вось нядаўні прыклад. Атрымаў ад дэпутата інфармацыю: зарасла сцежка, якую жыхары даўно праклалі ад Тарнова до Белагруды. Ну як жа тут адразу не ўзяцца за справу? Па гэтай сцежцы белагрудцы прыходзяць ці прыязджаюць на веласіпедзе ў Тарнова, а тарноўскія жанчыны ў нядзелю накіроўваюцца ў Белагруду ў касцёл. Ды і аздараўленчы лагер у Белагрудзе функцыянуе, і некаторыя жыхары Тарнова ў ім працуюць.
– Значыць, любыя патрэбы жыхароў не можаце адпіхнуць на задні план?
– Мы дзяржаўныя служачыя. І гэта накладвае пэўныя абавязкі і адказнасць.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.