Заданне даюць вяскоўцы: адрамантаваць дарогу, спілаваць аварыйныя дрэвы

01 Марта 2020 1219
Зараз старшыні сельвыканкамаў трымаюць справаздачу аб рабоце за мінулы год. Нядаўна на пасяджэнні ў Дубровенскім сельвыканкаме аб зробленым расказаў  кіраўнік мясцовай улады Юрый Вітук.

Акрамя дэпутатаў сельскага Савета, кіраўнікоў арганізацый і служб, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, прадстаўнікоў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, тут прысутнічалі старасты вёсак. Яны выказвалі свае меркаванні, калі ішла размова аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у Дубровенскі выканаўчы камітэт і вышэйстаячыя інстанцыі, аб рабоце аглядавай камісіі сельвыканкама па папярэджванні пажараў у жылым сектары і, вядома, калі прадставіў сваю справаздачу кіраўнік мясцовай улады. 

Тое, што старшыня сельвыканкама  валодае сітуацыяй па кожным навакольным населеным пункце, відавочна. Бо зацікаўлены дыялог паміж ім і старастамі  ішоў на роўных. Ды і самі  прысутныя адзначалі, што, як часта пераконваліся, старшыня сельвыканкама не выпускае з поля зроку ні адну з вёсак, унікае ў праблемы людзей і вырашае іх. Дадзенае пасяджэнне стала нагодай для старастаў узняць хвалюючыя для іх населеных пунктаў пытанні і закласці магчымасць вырашэння ў план работы мясцовай улады на бягучы год.

Так, стараста вёскі Сухвальня Галіна Стрыбуць казала пра тое, што неабходна расчыстка мясцовых могілак ад  хмызняку, а таксама ўдаленне з могілак аварыйных дрэваў. Па словах Юрыя Вітука, з першым праблем не ўзнікне і расчыстка будзе праведзена, а вось наконт аварыйных дрэў не ўсё так проста, як здаецца, – не ўсюды можа пад’ехаць тэхніка, каб правесці работы. І ўсё ж пытанне будзе у полі зроку старшыні сельвыканкама.  Хвалюе жыхароў Сухвальні так званая дарожная праблема. Раней паміж Сухвальняй і Няцечай дарога была заасфальтавана, але пакрыццё з цягам часу знасілася.  Замест яго была абсталявана гравійка, якая падтрымліваецца дарожнай службай у належным стане. Аднак вяскоўцы жадаюць, каб на дадзеным участку зноў быў пакладзены асфальт. Даць адказ аб магчымасці правядзення такіх работ змогуць у ДЭУ-157. Туды і зробіць запытанне старшыня сельвыканкама.

Стараста вёскі Навіцкія-1 Віктар Гольмант  гаварыў, што трэба ўзмацніць барацьбу з так званымі алкагольнымі кропкамі. Яны ў пэўнай меры спрыяюць таму, што вяскоўцы часцей заглядваюць у кілішак, адпаведна ідзе дэградацыя асобы. Аднак, як падкрэслівалі прысутныя на пасяджэнні, весці барацьбу з падпольнымі прадаўцамі спіртнога – справа не толькі работнікаў міліцыі ці сельвыканкама. Самі вяскоўцы павінны сур’ёзна ставіцца да такіх суседзяў, даводзіць да ведама іх дзейнасць, а не пакрываць рэалізатараў алкаголю.

Стараста вёскі Цябы Яніна Ракоўская – чалавек актыўны. Яе хвалюе  парадак на мясцовых падвор’ях, які залежыць ад руплівасці жыхароў вёскі. Дарэчы, старшыня сельвыканкама і стараста па адным з падвор’яў прыйшлі да высновы, што для таго, каб прывесці яго ў належны стан, трэба шукаць сваякоў нядбайнага гаспадара дома. Напэўна, толькі тады можна будзе зрушыць  пытанне навядзення парадку з мёртвай кропкі.  

Яніна Кандратаўна расказала і яшчэ аб адной праблеме вяскоўцаў, у якой вінаватыя жыхары горада, – праблеме бадзяжнай жывёлы. Справа ў тым, што некаторыя жыхары сваіх састарэлых і абрыдлых альбо маленькіх катоў і сабак вывозяць у прыгарадны лес. Жывёла  пачынае шукаць чалавечае жыллё, каб выжыць, і абсталёўваецца ля вясковых хат. Такім чынам, былы гаспадар чацвераногага гадаванца ўскладвае сваю праблему на іншыя плечы.

Па словах старасты вёскі Перапечыца Марыі Шот, дзякуючы мясцовай уладзе апошнім часам вырашылася не адно пытанне. Зроблена неабходная падсыпка тэрыторыі ля могілак вёскі Багаткі, дзе знаходзяць апошні прытулак і жыхары вёскі Перапечыца. На саміх могілках высечаны хмызняк, спілены шэраг дрэў. Марыя Баляславаўна кажа, што зараз мясцовыя жыхары плануюць сабраць сродкі і агарадзіць могілкі.

Яшчэ адна просьба жыхароў Перапечыцы да Юрыя Вітука таксама была выканана: высечаны хмызняк паабапал дарогі, што праходзіць ля вёскі. А вось праблему, якая датычыцца адзінай дарогі, што звязвае Перапечыцу з горадам, можа вырашыць толькі Лідскае ГУП ЖКГ. Маецца на гэтым маршруце побач з  былой вайсковай часцю  ўчастак, які з’яўляецца сапраўднай паласой перашкод і даўно патрабуе рамонту. Старшыня сельвыканкама разам з насельніцтвам зараз мае намер з гэтай нагоды звярнуцца на прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

– Гэта добра, што ў кіраўніка сельвыканкама ёсць такія памочнікі, як старасты вёсак. Дзякуючы ім   даносіцца неабходная інфармацыя да насельніцтва ад мясцовай улады і, наадварот, ад насельніцтва да ўлады аб тым, якія праблемы хвалююць людзей, – кажа Юрый Вітук.  
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться