Старадаўняя Свята-Пакроўская царква ў Зблянах мае шанц не толькі аднавіцца знешне, але і набыць новую веліч
14 Июля 2019
1804
Старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч на днях прыняў асабісты ўдзел у правядзенні рабочай нарады, на якой вырашаліся пытанні далейшага рамонту царквы і вызначэння фронту работ вакол будынка храма. На нараду былі запрошаны прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аддзела культуры райвыканкама, святары. Менавіта кіраўніку раёна належыць рашэнне правесці работы такім чынам, каб храм не страціўся ў наваколлі, а выглядаў так, быццам знаходзіцца на ўзвышшы. Дарэчы, менавіта па такім прынцыпе ўзводзілі даўней культавыя будынкі. Таму цалкам лагічна, што нашымі сучаснікамі будуць прыкладзены намаганні, каб храм, узведзены яшчэ ў 1900 годзе, не страціў сваёй велічы.
Прычым узвышэнне храма – гэта не толькі прыгажосць вонкавая і прыданне значнасці царкве як цэнтру духоўнага жыцця Зблян і ваколіц – ёсць у гэтым і чыста функцыянальная неабходнасць: падчас дажджоў вада не будзе тут застойвацца. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе добраўпарадкаваць і азеляніць тэрыторыю без асаблівых аглядак на капрызы надвор’я.
Дарэчы, у апошні час многае было зроблена для аднаўлення будынка, які адносіцца да помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны: сіламі прыходу адрамантаваны дах, а з дапамогай многіх ахвярадаўцаў устаўлены вокны, новыя дабротныя дзверы, зроблены весніцы, пакладзена плітка на падыходзе да царквы. Да гэтага мелі дачыненне шматлікія арганізацыі Лідчыны, але ўсё роўна аб’ём работ, які патрэбна выканаць, застаецца значным. Найбольш складаны ўчастак унутры храма, пад купалам, – тут патрэбна спецыяльная вышынная тэхніка. Разглядалася магчымасць правядзення гэтых работ сіламі ААТ “Гроднажылбуд”. На нарадзе арганізацыю прадстаўляў начальнік Лідскага ўчастка Віктар Інцэвіч.
– Работа гэта складаная, і часу патрабуецца нямала, – пракаментаваў прадстаўнік будаўнічай арганізацыі. – Будзем з кіраўніцтвам абмяркоўваць, як тут лепш паступіць.
Няма ніякіх сумненняў у тым, што работы будуць выкананы своечасова і належным чынам, у галоўнага інжынера Дзятлаўскага ПМС Дзмітрыя Мазоля, пад кіраўніцтвам якога вакол храма будзе аднаўляцца агароджа. А гэта таксама нялёгкая справа, бо агароджа тут каменная, яна толькі часткова адноўлена з цэнтральнага ўваходу, а значная частка яе, каб адпавядаць свайму прызначэнню, патрабуе высілкаў.
Шмат намаганняў спатрэбіцца, каб навесці парадак вакол царквы, – тут будзе здымацца верхні слой глебы, завязецца чарназём… Пакуль яшчэ рана гаварыць пра тое, што з цягам часу тут з'явяцца зялёныя лужкі, экзатычныя расліны... Спатрэбяцца і людскія рэсурсы, і спецыялізаваная тэхніка, каб добрыя пажаданні спраўдзіліся, – у іх ажыццяўленні прымуць удзел Лідскае ГУП ЖКГ, мясцовая гаспадарка. Спраў хопіць і ім, і ўсім, хто далучыцца да гэтай высакароднай справы, бо не варта забываць: веліч храма не толькі ў яго размяшчэнні ў пэўным месцы, але найбольш у яго прызначэнні клікаць людзей да духоўных вышынь.
Намоленыя сцены Зблянскай царквы, яе старадаўнія абразы, прыгажосць наваколля заклікаюць да роздуму аб тым, кім ёсць чалавек у гэтым свеце і што ён пакіне пасля сябе. Прынамсі, зберагчы старадаўні храм, захаваць яго для нашчадкаў – годная задача. Настаяцель храма іерэй Георгій Сяўрук верыць у тое, што яна будзе выканана. Доказ таго, што будынак не напаткае занядбанасць, – тыя работы, што праводзяцца па яго аднаўленні, і зацікаўленасць мясцовай выканаўчай улады ў далейшым функцыянаванні зблянскай славутасці.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.