Беларусь гатовая з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны
Гэтыя словы кіраўніка дзяржавы згадваліся падчас правядзення на Лідчыне Адзінага дня інфармавання.
Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, рэалізацыя нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванне пазітыўнага іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне – асноўная тэма, па якой ішла гутарка на чарговым Адзіным дні інфармавання. Абласная інфармацыйная група, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі як Гродзенскага аблвыканкама і абласных структур, так і раённай улады і арганізацый Лідчыны, пабывала ў філіяле “Аўтобусны парк №2 г. Ліды “ААТ “Гроднааблаўтатранс”.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Людміла Ніцкая прапанавала ўвазе работнікаў аўтобуснага парка даклад па асноўным пытанні парадку дня. Людміла Уладзіміраўна ў пачатку свайго выступлення згадала, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі, якая прайшла ў ліпені 2017 года, асабліва адзначыў: "Нам трэба больш актыўна прасоўваць і абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І не дзеля нейкіх амбіцый, а дзеля таго, каб умацаваць нашу суверэнную і незалежную дзяржаву“. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі са знешнім светам – поле дзейнасці не толькі Міністэрства замежных спраў. Гэта задача ўсіх: Прэзідэнта, Парламента, урада, міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай выканаўчай улады, гаспадарчых суб'ектаў. Прычым па ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, гуманітарным, у сферах бяспекі, культуры, адукацыі, спорту“.
Дакладчык азнаёміла прысутных з тым, якія вялікія напрацоўкі маюцца па рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванні пазітыўнага іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, які ўклад у гэта ўносіцца Гродзенскай вобласцю.
Напрыканцы выступлення Людміла Ніцкая зноў прывяла словы кіраўніка дзяржавы. “Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэтая кватэра ёсць, -- асабліва адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Беларусь не выбірае суседзяў і гатовая з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны".
Дарэчы, матэрыял, на базе якога будаваўся даклад па названай тэме Адзінага дня інфармавання, падрыхтаваны на аснове звестак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Як і заведзена, напярэдадні кожнага Адзінага дня інфармавання падрыхтаваныя матэрыялы па тэмах парадку дня прадастаўляюцца аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама для інфармавання ў калектывы арганізацый раёна. Таксама яны размяшчаюцца на сайце райвыканкама. Поўны, насычаны фактамі, вельмі цікавы матэрыял як для дарослай, так і для маладзёжнай аўдыторыі па тэме “Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванне пазітыўнага іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне” можна знайсці на сайце Лідскага райвыканкама ў раздзеле “Грамадства” (тэматыка Адзіных дзён інфармавання –вынікі правядзення 2019 -- красавік 2019).
Узнятую Людмілай Ніцкай тэму на сустрэчы з калектывам аўтобуснага парка №2 прадоўжыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк. Ён адзначыў, што Лідскі рэгіён стаў пляцоўкай для міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва. Прадукцыя прадпрыемстваў Лідчыны пастаўляецца больш чым у 80 краін свету. Іх геаграфія вельмі шырокая.
Віктар Францавіч расказаў, што на сённяшні дзень у раёне рэалізуюцца чатыры міжнародныя праекты. У прыватнасці, Лідчына задзейнічана ў праграмах “Латвія – Літва -- Беларусь” і “Польшча – Украіна – Беларусь”. У Лідзе прадаўжаецца будаўніцтва інклюзіўнай веладарожкі ў рамках рэалізацыі праекта ПРААН і райвыканкама. Некаторы час назад Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар сустракаўся з мясцовай уладай і прапанаваў рэалізоўваць на Лідчыне яшчэ два праекты. Яны тычацца транспартнай інфраструктуры і эканомікі рэгіёна.
“Лідскі раён паказвае, што на ўзроўні раённага выканаўчага камітэта можна праводзіць знешнюю палітыку дзяржавы: добрасуседства, удзелу ў гуманітарных праектах, быць не толькі спажыўцом замежных сродкаў, але і памочнікам”, -- падкрэсліў Віктар Пранюк.
Акрамя асноўнага пытання парадку дня падчас сустрэчы з калектывам закраналіся і іншыя тэмы. Намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя ”Лідская ЦРБ” Наталля Буча расказала, якая сістэма аздараўлення насельніцтва існуе ў Беларусі. Арганізацыяй санаторна-курортнага лячэння насельніцтва ў рэспубліцы займаецца Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва, у Гродзенгскай вобласці – яго абласное ўпраўленне. У Лідзе існуе прадстаўніцтва цэнтра, якое размешчана па вуліцы Савецкай, 31.
Выступала Наталля Буча яшчэ па адной тэме, ведаць інфармацыю па якой не будзе лішнім. Гэта прафілактыка суіцыдальных паводзін, гульнёвай залежнасці, злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Выступленне Наталлі Міхайлаўны дапоўніў інфармацыяй са свайго пункту гледжання начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка.
Не менш актуальна гучала і выступленне галоўнага спецыяліста нагляду і прапаганды абласнога ўпраўлення па НС Дзмітрыя Семенюка. Ён гаварыў аб папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у пажаранебяспечны вясенне-летні перыяд.
Яшчэ адно злабадзённае пытанне, якое выносілася на абмеркаванне, -- захаванне заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы.
Сустрэча інфармацыйнай групы з калектывам аўтобуснага парка №2 прайшла вельмі плённа, насычана.
У гэты ж дзень, 18 красавіка. абласныя і раённыя інфармацыйныя групы пабывалі ў Лідскім лясгасе, ГУП ЖКГ, Крупаўскай сярэдняй школе, філіяле № 413 ААТ “Беларусбанк”, Лідскай дзіцячай школе мастацтваў.