Хто і як жыве ў прышкольным інтэрнаце?

03 Марта 2016 3042

Асаблівая каштоўнасць Лідчыны – таленавітыя дзеці. Кузняй талентаў у сельскай мясцовасці з’яўляецца Дзітвянская сярэдняя школа. У якіх умовах праходзіць іх выхаванне, можна ўбачыць, наведаўшы інтэрнат, які існуе пры школе для пражывання адораных навучэнцаў.

Дырэктар школы Генадзь Уладыка, праводзячы для карэспандэнта “Лідскай газеты” экскурсію, адзначае: “Наша дзяржава зацікаўлена ў тым, каб выхаваць чалавека, які б прыносіў грамадству карысць. А дзеля гэтага школа павінна дапамагчы выхаванцам знайсці сваё месца ў жыцці. У 2003 годзе пры Дзітвянскай школе былі адкрыты класы для адораных дзяцей сельскай мясцовасці. А для пражывання навучэнцаў з розных населеных пунктаў пабудаваны інтэрнат на сорак месцаў”.

У калідоры інтэранта раз-пораз сустракаем дзяцей... “Знаёмцеся, гэта Юля Манцавіч, зорачка, пераможца сольнага конкурсу “Шоу-свет”, Аня Бурба і Максім Нічыпар – прызёры раённай канферэнцыі даследчых прац экалагічнай тэматыкі, – адзначае Генадзь Анатольевіч. – Яна Грынкевіч – самая актыўная ўдзельніца ўсіх мерапрыемстваў у інтэрнаце, член каманд па чарлідынгу і КВЗ. Інга Станіславовіч – пераможца раённай алімпіяды па матэматыцы і школьнага конкурсу “Піянер-лідэр”. Яна Лоўкіс – пераможца раённай алімпіяды па беларускай мове. Нашы юнакі – Ілья Юшкевіч, Андрэй Саўрас, Ілья Чарнякоў, Артур Путырскі, Уладзіслаў Папоў, Захар Байгот, Максім Роўба – спартсмены...”

Да нас далучаецца загадчыца інтэрната Галіна Зубрыцкая. “Няўжо ў вас тут усе такія таленавітыя?” – не стрымліваюся, каб яе не запытаць.

– Усе. Кожны адметны, – з гонарам адзначае яна. – У нас вучацца лепшыя дзеці з усяго Лідскага раёна. Дзеля іх і ствараем умовы.

У інтэрнаце абсталявана дванаццаць спальных пакояў. На дзвярах некаторых з іх можна заўважыць шыльды “Пакой узорнага ўтрымання”, што найлепшым чынам сведчыць аб гаспадарах, сярод якіх, дарэчы, не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. У кожным пакоі, куды мы заглядваем, добрая новая мэбля: ложкі, шафы-купэ, тумбачкі, – на вокнах прыгожыя цюлі, на сценах – палічкі з кнігамі. Увогуле, тут пануе сапраўдная хатняя ўтульнасць. У кожным з блокаў маюцца халадзільнікі, у калідоры – мікрахвалевая печка і бойлер з пітной вадой. Акрамя ўсяго, у распараджэнні юных жыхароў інтэрната – памяшканні школы: пакоі для працы гурткоў, камп’ютарны клас, бібліятэка, дзве спартзалы і актавая зала, гульнёвыя пляцоўкі. Нельга не звярнуць увагу на добры стан памяшканняў інтэрната. “Як падтрымліваеце такія ўмовы?” – цікаўлюся ў загадчыцы.

– Летам у нас працуе раённы лагер “Эрудыт” для пераможцаў алімпіяд, адораных дзяцей, – адзначае Галіна Зубрыцкая, – таму касметычны рамонт да сезона праводзіцца пастаянна, іншае дарабляецца да пачатку навучальнага года. Штогод набываецца штосьці новае з мэблі і тэхнікі. Апошнім часам мы набылі шафу-купэ ў калідор, мікрахвалевую печку, дывановыя дарожкі. Утрыманне інтэрната фінансуецца з раённага бюджэту. Дзякуючы гэтаму дзеці забяспечваюцца чатырохразовым якасным гарачым харчаваннем (бясплатным для дзяцей). Дапамагаюць нам спонсары. Найчасцей імі з’яўляюцца бацькі нашых дзяцей: напрыклад, мама Юлі Манцавіч – Алена Георгіеўна – набыла ў пакой шторы і палас, падарыла інтэрнату ноўтбук, на Новы год – усім дзецям падарункі, мама Андрэя Кудаша – Ірына Матвееўна – набыла дзве паліцы для абутку, мама Карыны Яцэнка – Галіна Людвікаўна – дзве кніжныя паліцы і люстэрка. Мама Аляксея Рума пашыла навалачкі на падушкі. Ды і самі дзеці адказныя: яны імкнуцца захоўваць усё як дома. У нас амаль нічога не псуецца, не ламаецца.

Цікаўлюся, як жа наладжана тут жыццё дзяцей... “Па-першае, калі вучань – алімпіяднік, то ён мае прыярытэтнае права выбіраць, у якім пакоі і з кім жыць, – уводзіць у курс справы загадчыца. – У інтэрнаце ёсць рэжым дня. Ранкам пад’ём у 7.30, потым – зарадка, гігіенічныя працэдуры, прыбіранне пакоя і снеданне. Затым дзеці ідуць на заняткі. Дзесьці ў 13.30 першымі вяртаюцца з урокаў малодшыя. Увесь час у інтэрнаце дзяжурыць хтосьці з выхавальнікаў. З малымі ладзяцца гульні, спартыўныя мерапрыемствы: дзеці ідуць у спартзалу, на каток, на горку і г. д. З 17.00 да 19.00 у нас самападрыхтоўка. У чытальнай зале або ў пакоях дзеці з дапамогай выхавальнікаў рыхтуюць хатнія заданні. А ў 19.00 ідуць на вячэру. З 19.00 да 20.30 імкнёмся выйсці на свежае паветра або ў спартзалу. У 20.30 праводзім выхаваўчыя мерапрыемствы: гэта могуць быць як тэматычныя дзействы, так і з нагоды святаў. Хачу сказаць, што ў інтэрнаце склаліся свае “сямейныя традыцыі”. Гэта прагулкі на прыроду, святкаванні дзён нараджэння... Ра-зам мы імкнёмся зрабіць іх праграму яркай, таму дзеці вельмі актыўна рыхтуюцца.

019

Міжволі лаўлю словазлучэнне “сямейныя традыцыі”... Сапраўды, і мне самой менавіта так падалося: інтэрнат жыве як вялікая школьная сям’я.

– Мы імкнёмся зрабіць так, каб дзеці адчувалі сябе максімальна камфортна, нібыта ў сям’і, дома. А дзеля гэтага і ўзаемаадносіны будуем на даверы, прыхільнасці і ўзаемаразуменні. Усіх вучняў мы лічым сваімі дзецьмі, – шчыра дзеліцца Галіна Станіславаўна. – Мы сочым за іх лёсамі... Радуемся дасягненням. Дарэчы, мы падлічылі, што са сцен інтэрната за час яго існавання выйшлі 108 навучэнцаў. Максім Сцепанцэвіч і Валодзя Рыхліцкі сталі праграмістамі, Люда Рахатка – урачом, Наташа Мяцеліца – аграномам, Аляксандр Генсялевіч быў калісьці лепшым старастам нашага інтэрната, а зараз ён тэхнолаг у ААТ “Лідахарчканцэнтраты”. Усіх выпускнікоў назваць немагчыма, але аб іх мы чуем і даведваемся толькі добрае. І гэта не можа не радаваць, бо і мы ўкладваем сваю часцінку ў іх выхаванне.

016

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться