«Маленькага прынца» выбралі ў Ёдках

03 Марта 2016 2580

Колькі ў свеце існуе конкурсаў абаяльнасці і прыгажосці, сёння нават цяжка ўявіць!.. Ды толькі большасць з іх тычыцца прыгажосці менавіта дзявочай. А што ж хлопцы?.. Яны – з уласцівымі ім мужнасцю, сілаю, розумам і шматлікімі іншымі якасцямі – часта застаюцца проста па-за ўвагай. Прынамсі, аб гэтым разважалі супрацоўнікі Ёдкаўскага Дома культуры і вырашылі сітуацыю паправіць: выбраць самага галантнага, таленавітага, спартыўнага і, зразумела, прыгожага сярод юных жыхароў аграгарадка. А дзеля гэтага аб’явілі конкурс “Маленькі прынц”.

Зразумела, не адразу з’явіліся жадаючыя ўдзельнічаць (улічваючы ўласцівую хлопчыкам, ды яшчэ вясковым, сціпласць), для пошуку спатрэбілася нават падключыць аднакласнікаў, равеснікаў. У выніку ў лік канкурсантаў трапілі чатыры хлопцы. Праўда, да пачатку адзін з іх захварэў. Спаборніцтва працягнулі трое: Андрэй Шарафутдзінаў і дваюрадныя браты Раман і Іван Пішчыкі (на здымку злева направа).

Карэспандэнт сустрэўся і пагутарыў з удзельнікамі за некалькі хвілін да выхаду на сцэну. Дзіўна, але ні ў аднаго не было і ценю хвалявання. “Мы рыхтаваліся больш за два тыдні”, – патлумачылі хлопчыкі. Не адчувалася сярод канкурсантаў і духу спаборніцтва, што наводзіла на думку: яны, упэўненыя ў сваіх сілах, прыйшлі заявіць аб сабе. На маё пытанне, хто ж дапамагаў ім рыхтавацца, бо конкурс прадугледжвае шэраг творчых заданняў, у якіх ацэньваюцца імідж, стыль, юныя джэнтльмены казалі, што ўсё рабілі самі. З чаго няцяжка зрабіць вывад: вытрымка, самастойнасць, упэўненасць – дастойныя якасці кожнага з іх.

Між тым, канкурсантаў было прызвана ацэньваць журы, у склад якога ўвайшлі юрысконсульт ЧУП “Мамрам” Сяргей Каляда, спецыяліст па кадрах СВК “Ёдкаўскі” Галіна Залеская і вядучы спецыяліст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. На сцэну адзін за другім выйшлі сапраўдныя юныя джэнтльмены. Маналогі падчас першага іспыту, візіткі, у іх былі лаканічныя, пры гэтым – сэнсава напоўненыя. Падчас другога іспыту хлопцы дэманстравалі сваю спартыўнасць. А ў трэцім, надзвычай відовішчным, галантнасць. Прыгожы вальс, які танчылі хлопчыкі з дзяўчатамі, міжволі наводзіў на думку: ужо дзеля гэтага аднаго патрэбны такія конкурсы!.. Каб хлопцы не забываліся, што яны, акрамя таго што моцныя мужчыны, яшчэ і галантныя кавалеры. Нарэшце, апошні іспыт – творчы – расставіў усе кропкі над “і”. Журы вынесла адзінагалоснае рашэнне: у намінацыі “прынц Зачараванне” лепшым названы Іван Пішчык, у намінацыі “прынц Галантнасць” – Андрэй Шарафутдзінаў, а “маленькім прынцам” прызнаны адзінаццацігадовы Раман Пішчык. Канкурсанты атрымалі абсалютнае прызнанне, бурныя авацыі і падарункі ад спонсараў.

027

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться